Пунсовая кветачка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пунсовая кветачка
Пунсовая кветачка
Там, дзе вельмі халодная і доўгая зіма, а лета зусім кароткае, у невялікім горадзе Запаляр’я, жыла дзяўчынка Машанька з мамай і татам. У яе былі сябры: лялька Каця, плюшавы Мішка, кот Мурзiк і сабака па мянушцы Дружок. Маша ўсіх іх вельмі любiла. Яна была ласкавай і клапатлівай дзяўчынкай. Машанька ніколі не забывалася накарміць ката і сабаку, Кацю і Мiшку таксама не крыўдзіла − гуляла з імі, укладвала спаць, распавядала ім казкі перад сном.      Мурзiк і Дружок ні на крок не адыходзілі ад Машанькі і нават раўнавалі яе да Кацi з Мішкай, калі яна доўга размаўляла з імі. Сябры вельмі любiлі сваю Машу і жыць без яе не маглі. Калі дзяўчынка хварэла, яны рабілі ўсё дзеля таго, каб іх сяброўка хутчэй акрыяла: даглядалі Машаньку, дапамагалі яе маме. Дзякуючы такой добрай дзяўчынцы, у хаце заўсёды панавалi згода і спакой. Нават мама з татам імкнуліся не сварыцца па дробязях, гледзячы на сваю ласкавую і не па гадах разумную дачушку.
     Машанька любiла марыць. Яе дзень нараджэння выпадаў на халодны і няўтульны зімовы месяц люты. А дзяўчынцы хацелася ў гэты дзень цеплыні і радасці. Але яна ведала, што ніхто не прынясе ёй у падарунак жывую кветачку. Яе неадкуль узяць. На вуліцы мароз, усю зямлю пазаносiла снегам. У такую пару года ў гэтым далёкім паўночным краі кветкі не растуць. А Машы так хацелася ў свой дзень нараджэння ўбачыць пунсовую кветачку! І тады дзяўчынка вырашыла зрабіць яе сама з каляровай паперы. Кветка атрымалася вялікая і прыгожая. Маша прымацавала яе да сцяблінкі, зробленай з тоўстага дроту, абкручанага зялёнай паперай, і пасадзіла ў вазон з зямлёй. "Цяпер мая кветачка падобная на сапраўдную", − падумала яна.
     Сябры Машанькі бачылі, як яна старанна выразала і склейвала сваю кветачку, як саджала яе ў вазон з зямлёй. Вядома, што ім вельмі захацелася, каб папяровая кветачка ажыла, ператварылася ў сапраўдную. "Вось бы абрадавалася гэтаму наша Маша!" − думалі Каця з Мішкай і Дружок з Мурзiкам. Яны вельмі любiлі сваю сяброўку і ўсё аддалі б дзеля таго, каб зрабіць ёй што-небудзь прыемнае.
     − А што, калі мы папросiм добрую Фею ажывіць Машыну кветачку? Фея жыве недалёка, за сопкай. Можна каму-небудзь збегаць да яе, − вырашылі сябры дзяўчынкі.
     Так і зрабілі. І вось Дружок пабег да Феі. Добрая Фея, не марудзячы, прыйшла да іх. Яна зірнула на кветачку, на спячую дзяўчынку і сказала:
     − Я ведаю вашу Машу. Яна вельмі добрая і чулая дзяўчынка. Хай жа ёй у жыцці спадарожнічае поспех, і кожны год на дзень нараджэння Машы ў яе пакоі і ў пакоях іншых такіх жа добрых дзяўчынак расцвітае сапраўдная пунсовая кветачка!
     Раніцай Машанька прачнулася і не паверыла сваім вачам. На тумбачцы, там дзе яна ўчора пасадзіла ў вазон сваю самаробную папяровую кветачку, распусцілася сапраўдная жывая, вельмі прыгожая пунсовая кветачка! Яна была падобная на далікатную лілею.
     Цэлы тыдзень кветачка радавала Машу і яе сяброў. Але потым сама кветачка звяла, а яе доўгія зялёныя лісточкі засталіся. На наступны год да дня нараджэння Машанькі пунсовая кветачка зноў расцвiла. Цяпер яна здавалася яшчэ прыгажэйшай за леташнюю!
     
     З таго часу кожны год у сярэдзіне лютай зімы ў Машы і ў іншых такіх жа добрых дзяўчынак, як яна, у пакоях на тумбачках і на падаконніках распускаюцца ў кветкавых вазонах ярка-чырвоныя лілеі. Яны радуюць дзяцей прыгажосцю і ў такую халодную невясёлую пару года дораць ім сваю пяшчоту і цеплыню.
     
     Гэтая казка на рускай мове
19.03.13