Цёмнае пакрывала Ночы (казка)
Скончыўся светлы Дзень. Настае Ноч. Яна паступова накідвае сваё лёгкае, але вельмі цёмнае пакрывала, на зямлю. Вось Ноч ужо ахутала вялікія гарады і маленькія мястэчкі, лясы, рэкі і азёры. А хаты, дзе ляглі спаць маляняты, яна ахутвае асабліва асцярожна і акуратна: спачатку дахі, потым сцены, вокны і дзверы. Ноч не пакідае ніводнай шчылінкі, клапоцячыся пра тое, каб у хаты не змаглі незнарок пракрасціся якія-небудзь нядобрыя людзі ці злыя чараўнікі. Яна дорыць дзецям прыемны салодкі сон і засцерагае іх супакой. Ціхая Ноч з добрымі вачамі спявае голасам ласкавага ветрыка: "Люлі-ляй, люлі-ляй!" І дзеці спакойна спяць. Побач з імі на коўдрах і падушках мірна пасапваюць іх любімыя цацкі. Вакол ціха-ціха і вельмі цёмна. Толькі святло самых яскравых Зорачак і Месяца прабіваецца скрозь цемру начнога пакрывала.
А калі надыдзе раніца, і з цемры выгляне Сонейка, Ноч таксама лёгка і непрыкметна, як накінула, зніме з зямлі чароўнае цёмнае пакрывала. І тады ўвесь свет пачне прачынацца. Птушкі заспяваюць ранішнія песні, а дарослыя прымуцца за ранішнія справы. І толькі потым мамы і таты разбудзяць сваіх маленькіх дзетак.Гэтая казка на рускай мове
16.03.13