Крынічка (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Крынічка (чытае Ліка Пташук)
Крынічка (чытае Ліка Пташук)
Аднойчы ў лесе нарадзілася маленькая Крынічка. Калі яна прабілася з зямлі на белы свет і ўбачыла такі неверагодны цуд: яркае аранжавае сонейка, блакітнае неба, зялёныя дрэвы і траву, то ад радасці падскочыла высока-высока ўгару і заспявала любімую песеньку:      
     Я вясёлая Крынічка!
     Клічу да сябе сяброў.
     Напаю вадой празрыстай
     Птушак і звяроў!
     
     Тым часам па сцяжынцы недалёка ад Крынічкі прабягала маленькае даўганогае Жарабятка разам са сваёй мамай. Жарабятка размахвала хвосцікам і пастуквала капыткамі, зусім як дарослы Конік. Пачула Жарабятка песеньку Крынічкі, падышло да яе, напілася ключавой вадзіцы і радаснае паспяшалася за мамай.
     А ў небе над лесам лётала Сарока-белабока. Убачыла яна, як іскрыцца на сонцы Крынічка, падляцела да яе, напілася вадзіцы ды яшчэ ў дзюбу набрала, каб аднесці сваім птушанятам у гняздо. Потым Зайчык да Крынічкі прыскакаў, за ім Вавёрачка, Вожык, затым Мышка і нават Мурашка прыбеглі. Усіх напаіла гасцінная Крынічка, нікому чыстай і смачнай вадзіцы не пашкадавала.
     Маленькай Крынічцы стала вельмі прыемна, што ўсім падабаецца яе ключавая вадзіца. З тых часоў яна спявае сваю вясёлую песеньку, не стамляючыся, дзень і ноч, дзень і ноч. І калі б хто ні ішоў, ні ляцеў міма, ён абавязкова пачуе звонкае журчанне Крынічкі і падыдзе, каб напіцца альбо памыцца яе вадзіцай.
     Вось якая вясёлая і добрая Крынічка нарадзілася аднойчы на свет і жыве да гэтай пары ў лесе. Яна кліча да сябе ўсіх-усіх! І ты, мой маленькі дружа, абавязкова пачуеш яе звонкае журчанне, калі прыйдзеш у лес.
     
     Гэтая казка на рускай мове
11.03.13