Сонейка Святланы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сонейка Святланы
Сонейка Святланы
Святлана ішла з мамай па вячэрнім горадзе. Далёка наперадзе віднеліся вышынныя будынкi. Дзяўчынка глядзела скрозь цемру на гэтыя дамы і бачыла сотні маленькіх яркіх акенцаў, у якiх гарэла святло. Вокны міргалі, то загараючыся, то згасаючы, нібы зорачкі на небе. Святлана ведала, што ў небе жывуць мільёны зорак і планет. Тыя, якія называюць зоркамі, гараць і выпраменьваюць вельмi многа святла. Мы, людзі, жывём на планеце Зямля, якую сагравае Сонейка.      Якая цудоўная наша родная планета! Дзе яшчэ, на якой іншай планеце, можна ўбачыць такую прыгажосць! Сонца − старэйшая сястра нашай Зямлі. З усіх сваіх сясцёр і братоў, планет сонечнай сістэмы, Сонца больш за ўсіх любiць Зямлю. Як жа можна не любiць гэты вясёлы блакітна-зялёны шарык, які ні секунды не стаiць на месцы, а ўсё круціцца ды круціцца, падстаўляючы Сонейку то адзін, то другi свой кругленькі бачок. Зямля паварочваецца, і ўслед за гэтым усё жыццё на ёй змяняецца. Для кагосьці настае раніца, затым − дзень, для кагосьці − вечар, а затым − ноч.
     − Давай пакладзем гэтых няўрымслівых дзетак спаць, − кажа Зямля Сонейку і адварочвае ад яго свой бок.
     − А вось гэтых дзетак трэба ўжо будзіць. Ім трэба прачынацца і збірацца ў школу, − працягвае Зямля і паварочвае да Сонейка другi бок.
     Раніцай першымі заўважаюць сонечныя праменьчыкі птушачкі. Яны пачынаюць радасна ціўкаць і шчыра вераць, што Сонейка ўстае на небе толькі дзеля іх. Кветкі і лісточкі на дрэвах, траўка і іншыя расліны з пяшчотай глядзяць на ўзыходзячае Сонейка. Усе яны яго вельмі любяць і думаюць, што Сонейка ўстае толькі дзеля таго, каб сагрэць іх. Рака нясе сваю быструю ваду. Убачыўшы, як Сонейка асцярожна кранула яе паверхню, каб ледзь-ледзь сагрэць сваім цяплом, рака ўпэўнена, што Сонейка любiць толькі яе. Гэтак жа думаюць высокія снежныя вяршыні гор і пясчаныя пустыні. Гэтак жа разважаюць нават маленькія мошкі і мурашкі.
     Але Сонца не робіць нікому выключэнняў! Яно любiць сваю сястрычку Зямлю і ўсіх тых, хто жыве на ёй. А ўдзячная Зямля і яе жыхары гэтаму вельмі радыя: яны шумяць, пішчаць, гудуць, спяваюць і ўслаўляюць сваё ненагляднае Сонейка!
     
     Гэтая казка на рускай мове
8.03.13