
Ранішняе Сонейка (казка)
Яшчэ зусім цёмна, а Сонейка ўжо прачнулася. Аднак, як яму неахвота ўставаць! Ясныя вочкі ніяк не расплюшчваюцца.
Клапатлівая Птушачка-Невялічка тут як тут, спрабуе яго абудзіць:− Уставай, Сонейка! Калі ласка, расплюшчы свае вочкі!
І толькі пасля гэтага Сонейка адплюшчыла адно вочка, потым другое, салодка пацягнулася са сну. Паглядзела на свае праменьчыкі-касічкі. А яны растрапаліся зусім!
Разаслала Сонейка праменьчыкі-касічкі па лугах і палях. Першыя кветачкі і травінкі ўбачылі іх, пагладзілі і пацалавалі. Праменьчыкі расправіліся і паляцелі далей, роўненькія гладзенькія, такія прыгожыя, жоўценькія!
− Рыжуха ты, Сонейка! − гарэзліва празвінела Птушачка-Невялічка і ў лес паляцела.
Сонейка задумалася, але нічога не адказала.
А яго праменьчыкі не зяваюць. Тут жа ўслед за Птушачкай-Невялічкай у лес заскочылі і разбудзілі ўсіх птушак.
Прачнуліся сінічкі і верабейкі, галкі і вароны, ластаўкі і чыжыкі, кулікі і канарэйкі. Убачылі ў небе Сонейка, страпянуліся і радасна заспявалі на ўсе свае звонкія галасы:
Прывітанне, Сонейка, наша дарагое!
Ты ж зусім не рыжае, а залатое!
Будзем сустракаць цябе летам і зімой.
І заўсёды сябраваць, Сонейка, з табой!
Гэтая казка на рускай мове
28.02.13