Падарунак для мамы (чытае Ліка Пташук)
Па сцяжынцы да сваёй хаты ішла дзяўчынка. Яна несла вялікі букет кветак. Матылёк прысеў да яе на плячо і запытаўся:
− Каму ты, Машанька, падорыш гэтыя кветкі?− Маёй мамачцы.
Сінічка прасвістала на галінцы рабіны:
− Машанька, для каго гэтыя цудоўныя кветкі?
− Для маёй мамы.
Павучок спусціўся па павуцінцы каля дзвярэй Машанькінай хаты:
− Машанька! Якія прыгожыя кветкі! Каму ж ты іх нясеш?
− Маёй матулі! У яе сёння дзень нараджэння! − сказала дзяўчынка і радасна ўсміхнулася ўсім.
Пачула маленькая рыжая Мурашачка словы Машанькі і пабегла віншаваць сваю маму, вялікую Мурашку, бо ў яе таксама сёння дзень нараджэння! А ў падарунак яна панесла ёй вельмі прыгожы бліскучы каменьчык − сапраўдную жамчужыну!
Два маленькіх шэранькіх Мышаня, якія гулялі каля норкі, таксама ўспомнілі пра дзень нараджэння сваёй мамы, шэрай Мышкі. Яны хуценька пабеглі ў поле, каб сарваць там ёй у падарунак некалькі залацістых каласкоў. Чатыры Пчолкі назбіралі цэлыя збаночкі духмянага мёду і панеслі іх маме, Пчале, у падарунак. А спрытныя маленькія Ластаўкі ўжо ляцелі да свайго гняздзечка з вяночкамі з зялёных пялёсткаў. Гэта былі падарункі іх маме − чарнакрылай Ластаўцы.
І толькіЯблынька, якая схіліла свае галінкі да акенца Машынай хаты, бачыла, як дзяўчынка павіншавала сваю маму з днём нараджэння і падарыла ёй букет кветак. Мама Машанькі радасна ўсміхнулася, абняла дачушку, пацалавала, а потым паставіла гэты дарагі падарунак у вазу з вадой на стале.
Гэтая казка на рускай мове
28.02.13