Не зявай! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Не зявай!
Не зявай!
Не зявай! − крыкнула вясновае Сонейка раслінам. − Ану, хуценька падрасці! Хто першы вырасце самы вялікі, таму я падару больш за ўсё сваіх цёплых прамянёў!      І яно асвятліла ледзь-ледзь адталую ад снега, яшчэ зусім не прагрэтую зямлю.
     − Я, я, я першы! − з усіх бакоў панесліся тоненькія галасочкі маленькіх і яшчэ зусім слабенькіх расточкаў травы, якія прабіваліся з мокрай зямлі на белы свет. Толькі Сунічцы не трэба было гэтага рабіць. Яна ўжо адагравала на сонцы свае леташнее лісце і жадала толькі больш пазелянець і распушыцца. А трава старалася з усіх сіл! Так спяшалася! І расла, расла, як кажуць, не па днях, а па гадзінах.
     − Як поспехі? − спытала Сонца расліны на градках праз тыдзень.
     − Я расту хутчэй за ўсіх! − крыкнула яму Крапіва. − Паглядзі, Сонца, якое ў мяне ўжо вялікае лісце!
     − Малайчына, − пахваліла Крапіву Сонейка. − А ты, Сунічка, чаму маўчыш? І так марудна расцеш?
     Сунічка, нічога не адказаўшы, толькі схіліла свае лісцікі да зямлі. Не, яна таксама надта старалася расці, але ў яе гэта чамусьці дрэнна атрымлівалася. Вось ужо Крапіва абагнала яе, амаль захіліўшы ад маленькага кусціка ўсе сонечныя прамяні. Сунічцы было крыўдна з-за сваёй няўдачы.
     Гэта заўважыў адзін сонечны Праменьчык і вырашыў дапамагчы Сунічцы. Ён старанна дзень за днём стаў асвятляць сярэдзіну яе кусціка, пакуль маленькая галоўка кветкі, якая вызірнула адтуль, не расцвіла і не ператварылася ў далікатную беленькую кветачку.
     Праменьчык першым заўважыў цудоўную кветачку і тут жа паведаміў аб гэтым Сонцу. Сонца ўсміхнулася:
     − Нарэшце наша Сунічка зацвіла. А дзе ж Кацюша! Чаму яна не прыязджае палоць свой гарод?
     Але Сонейка дарма так казала! Ужо ў наступны выхадны дзень дзяўчынка разам з мамай і татам прыехала на дачу. Яна адразу ж прыбегла на гарод і заўважыла, што Сунічка зарасла травой.
     − Мама! Я прапалю яе. Глядзі, якая Крапіва вырасла! Давай сварым з яе боршч!
     − Давай! − пагадзілася мама.
     − І Кацюша, надзеўшы доўгія пальчаткі, спрытна павырывала з градкі ўсю крапіву, якая засланіла сонечнае святло Сунічцы.
     − Добры боршч атрымаецца! − сказала мама. − Крапіва свежая і сакавітая.
     Вось так маладая крапіва патрапіла ў каструлю і стала смачным баршчом, а Сунічка праз некаторы час падарыла гаспадарам свае саспелыя салодкія ягады.
     Час ідзе, а наша Сонейка працягвае без стомы паўтараць:
     − Не зявай! Будзь патрэбны і карысны для іншых! Расці!
     І паслухмяныя расліны не губляюць часу дарма. Растуць і растуць! Вось ужо на палях набіраюць моц каласы пшаніцы, жыта, катахі кукурузы, грэчка, авёс, у лесе − чарніцы і маліны. Улетку расліны працягваюць расці, потым спеюць і аддаюць людзям свае плады. Для таго, каб атрымаць добры ўраджай, стараюцца ўсе: Сонца, Зямля, Дожджык, самі расліны і, вядома ж, людзі!
     Так што не марнуй дарэмна час и ты, мой маленькі сябар! Падрастай, вучыся, дужэй і імкніся сваё жыццё пражыць цікава, энергічна, радасна. Старайся рабіць добрыя справы і быць патрэбным блізкім табе людзям.
     
     Гэтая казка на рускай мове
17.02.13