Баравічок
Увосень у лесе пад галінамі старой Елкі нарадзіўся маленькі грыб Баравічок. Ён быў беленькі, пузаты, з цёмна-карычневым капялюшыкам на галоўцы. Баравічок азірнуўся: вакол цёмна, толькі з-пад яловых галінак ледзь-ледзь святло прабіваецца. Захацелася Баравічку паглядзець, што ж там за галінкамі робіцца. Паднатужыўся ён, папыхкаў-папыхкаў і… падрос! Адсунуў капялюшыкам яловую галінку і ўбачыў перад сабой лясную палянку. А там прыгажосць незвычайная! Бярозкі, рабіны, ліпы ў яркіх рознакаляровых сукенках залацістага, аранжавага, барвовага колеру стаяць, лісцікамі шамацяць. Глядзяць на яго і ўсміхаюцца.
− Вось яшчэ адзін маленькі Баравічок пад Елкаю нарадзіўся, − кажуць.− Я не маленькі, я ўжо падрос! − пакрыўдзіўся Баравічок.
− Расці, расці! − каркнула Варона, пралятаючы міма. − Вось яшчэ трохі падрасцеш і трапіш у кошык да дзяцей. Яны тут кожны дзень ходзяць і грыбы збіраюць.
−Я…, я не хачу ў кошык, − спалохаўся Баравічок і схаваўся за галінкамі старой Елкі.
Яму стала так страшна, што нават не захацелася больш расці. І Баравічок сціснуўся ў камячок. Але раніцай на небе выглянула сонейка, асвятліла палянку і яркія дрэўцы. Прачнуўся Баравічок і, забыўшыся пра ўсе непрыемнасці, зноў пачаў расці. Яму так хацелася вырасці вялікім! А старая Елка кожны дзень глядзела на яго і дзівілася таму, як хутка ён расце. Але потым прыляцела гадкая Варона і зноў сапсавала Баравічку настрой сваімі шкоднымі словамі.
− Не бойся! − сказала добрая старая Елка. – Калі прыйдуць дзеці, я цябе схаваю пад сваімі самымі вялікімі пухнатымі галінкамі.
На наступны дзень прыйшлі дзеці з кошыкамі. Елка адразу ж заўважыла іх і схавала Баравічка. Дзеці набралі поўныя кошыкі падасінавікаў, падбярозавікаў, махавікоў, сыраежак і задаволеныя пайшлі дахаты.
Прайшло некалькі дзён. Баравічок яшчэ больш падрос і стаў вельмі прыкметны, бо яго цёмна-карычневы капялюш ужо быў надта вялікі і блішчэў на сонцы. Увогуле, з маленькага Баравічка грыб ператварыўся ў велізарнага Баравіка!
− Не, − вырашыў Баравік. − Зараз мне ўжо не схавацца! Няхай мяне забіраюць у кошык. Што рабіць, калі па-іншаму нельга. Інакш я проста папрамакаю ў лесе ад дажджоў і ператваруся ў гнілую трухляціну.
І калі ў чарговы раз у лес прыйшлі дзеці з кошыкамі, грыб не стаў хавацца за Елку…
Дзіма першым заўважыў Баравік.
− Ух, ты, − сказаў ён, − які волат!
"Гэта ён пра мяне", − зразумеў Баравік, але не спалохаўся.
Дзіма падышоў і, акуратна зрэзаўшы грыб ножыкам, паклаў яго ў кошык. Такога вялікага грыба ён яшчэ ніколі не знаходзіў!
Дома ўсе разглядалі грыб-волат і хвалілі хлопчыка за поспех.
− Які прыгожы баравік! − казала мама.− Трэба зберагчы яго на памяць.
− Дзіма! На тваім месцы я б аднёс гэты грыб на выставу грыбоў-волатаў, − прапанаваў тата.
− Я не супраць! − пагадзіўся хлопчык.
Гэтак Баравік патрапіў на вельмі цікавую выставу, дзе на яго прыходзілі паглядзець дарослыя і дзеці. Усе захапляліся і дзівіліся таму, як мог у лесе вырасці такі вялікі і прыгожы грыб-волат! Але ніхто яго не чапаў і не крыўдзіў.
Гэтая казка на рускай мове
10.02.13