Сонечныя жалуды
Пасярод паляны ў дрымучым векавым лесе рос велізарны Дуб. Ён быў вышэйшы і старэйшы за ўсе дрэвы. Яго неабсяжны ствол моцна ўрос у зямлю тоўстымі каранямі, а галіны за шмат гадоў разрасліся ва ўсе бакі і падужэлі настолькі, што на іх без страху можна было б уседзець і не толькі аднаму чалавеку. Увосень прыгожае бліскучае дубовае лісце шакаладнага колеру і спелыя пузатыя жалуды станавіліся сапраўдным упрыгажэннем для старога Дуба. Нават Сонца заглядалася на ляснога прыгажуна і асвятляла яго цудоўныя разкідзістыя галіны. А калі на паляне паднімаўся вецер і зрываў дубовыя лісты, то яны кружыліся, нібы ў плаўным танцы, і ападалі на зямлю. Услед за імі падалі спелыя жалуды.
Гэтыя жалуды, як дзве кроплі вады падобныя адзін на аднаго, высцілалі зямлю пад Дубам. І ніхто б не разгледзеў у гэтым залаціста-карычневым восеньскім дыване нічога незвычайнага, калі б ні адна сапраўды чароўная падзея, якая ў тую выдатную восень здарылася ў жыцці векавога дуба…А ўсё адбылося таму, што восеньскаму Сонцу надта спадабаўся гэты магутны Дуб. Вось яно і вырашыла зрабіць яму падарунак. Сонца выбрала на яго галінах тры самыя спелыя жалуды і падарыла ім як мага больш сваёй сонечнай энергіі. Жалуды падужэлі і наліліся небывалай сілай. А калі надышоў час адарвацца ад галінак і зваліцца на зямлю, то гэткім энергічным жалудам зусім не захацелася проста так ляжаць у восеньскай лістоце. І тады тры "сонечныя" жалуды адправіліся ў вандраванне па белым свеце.
Сябры паправілі капялюшыкі на галоўках і пакрочылі па лясной сцяжынцы, як сапраўдныя салдаты, адзін за адным, пад бравую і жыццярадасную песеньку:
Мы жалуды вясёлыя, адважныя і дужыя,
І проста так не будзем на зямлі ляжаць!
Нам справа прапаноўвана вялікая, патрэбная,
Жыццё лясных дубраў на свеце прадаўжаць!
Праз нейкі час кожны з трох жалудоў знайшоў для сябе на зямлі ўтульны куток і стварыў там сваю сям'ю.
Першы Жолуд пасяліўся на прыканцы бярозавага гаю. Прайшлі гады, і побач з бярозкамі падраслі маладыя дубы. А найдужэйшы Дуб, галава гэтай сям'і, вырас з першага Жолуда.
Другі Жолуд пасяліўся ў полі, каля хваёвага лесу. Шкада, што ён не стварыў вялікую сям'ю і застаўся адзінокім. Але праз некаторы час з яго вырас такі ж вялікі і магутны Дуб, як і яго стары бацька.
Трэці Жолуд доўга ішоў па зямлі, стаптаў сабе ўсе ножкі, пакуль не дабраўся, нарэшце, да берага паўднёвага мора. Там ён і стварыў сваю сям'ю магутных дубоў па суседстве з платанамі і каштанамі, піхтамі і елкамі.
З таго часу рассяліліся Дубы-волаты па ўсёй Зямлі. І пайшла па свеце слава пра іх велізарную сілу, на стагоддзі падораную гэтым дрэвам магутным нябесным свяцілам – Сонцам.
Гэтая казка на рускай мове
7.02.13