Ручаёк (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ручаёк (чытае Ліка Пташук)
Ручаёк (чытае Ліка Пташук)
     
     Надышло ВЯСЁЛАЕ ЛЕТА. Наступныя казкі прысвячаюцца яму.
     
Паміж ялінак і сасонак, уздоўж бярозак і рабін пад звон срэбных Званочкаў, падскокваючы ад радасці, бег шчаслівы маленькі Ручаёк.      − Дзінь-дон, дзінь-дон − звінелі маленечкія Званочкі.
     − Жур-жыр, жур-жыр − журчалі яго бліскучыя вадзяныя кропелькі.
     Пачуўшы звонкі галасок Ручайка, усе ў лесе зразумелі − ён спяшаецца насустрач да сваёй мамы, Ракі. Румяныя Сунічкі, якія раслі па абодва бакі ад Ручайка, ветліва заківалі яму сваімі галоўкамі. Чарнічкі на кусціках ласкава ўсміхнуліся чорнымі, як ноч, вочкамі. А важны Падасінавік, які рос пад асінай, прывітаўся з малянём і прыўзняў свой вялікі капялюш. Кветкі на лужку ўсе без выключэння павярнулі да Ручайка рознакаляровыя галоўкі, узмахнулі пялёсткамі і дружна заспявалі яму наўздагон:
     Ты бяжы, Ручаёк, праз захад на ўсход.
     Усім чуваць твой галасок.
     Не бядуй, што шлях далёкі.
     Мы з табою, наш дружок.
     
     Адна толькі Ліса не ўзрадавалася Ручайку, таму што замачыла ў ім свой шыкоўны рыжы хвост:
     − Разжурчаўся тут! − прыкрыкнула яна на маляня. − Вось вазьму і не пушчу цябе да тваёй мамы!
     З гэтымі словамі шкодная Ліса перакрыла дарожку, па якой бег Ручаёк, старой карчагай. Спыніўся Ручаёк, падняўся на дыбачкі, хацеў пераскочыць карчагу, але не змог. Расцяклася яго чыстая вадзіца па баках, звонкі вясёлы галасок змоўк. Разгубіўся Ручаёк, зажурыўся.
     Сонейка раней за ўсіх убачыла непарадак у лесе і паклікала Арла на дапамогу Ручайку. Прыляцеў Арол, прыняў карчагу з дарогі і сказаў:
     − Бяжы, Ручаёк, да сваёй мамы і нікога не бойся!
     Узрадаваўся Ручаёк, сабраў усю сваю вадзіцу і пабег далей па дарожцы. А Сонейка глядзела яму ўслед і ўсміхалася. І ад яго добрай усмешкі вадзіца Ручайка стала пералівацца ўсімі колерамі вясёлкі.
     А калі жыхары лесу даведаліся ад Сонейка пра гэту гісторыю, яны доўга дзякавалі Арлу за тое, што ён дапамог маленькаму Ручайку, і вінавацілі гарэзу Лісу за тое, што тая пакрыўдзіла малога. Яна ж, бальшуха, павінна разумець, што малянят крыўдзіць нельга, наадварот, ім трэба дапамагаць.
     
     Гэтая казка на рускай мове
3.02.13