Радасная Кветачка
У цёмным густым лесе на зямлі, пакрытай сухімі яловымі і сасновымі іголкамі, вырасла вельмі прыгожая Кветачка. Яна была яркай, жоўценькай, быццам вясновае сонейка, якога ніколі не бачыла. Але Кветачка не маркоцілася. Яна ўсміхалася і спявала вясёлыя песенькі. Толькi вельмі шкада, што ніхто ў цёмным і глухім лесе не бачыў яе і не чуў, як яна цудоўна спявае.
Сумна стала Кветачцы, і пайшла яна па лесе шукаць сяброў. Ідзе і песеньку сваю напявае. Пачуў яе звонкі галасок Чарвяк. Вылез з зямлі на святло, каб паглядзець на спявачку. А Кветачка, убачыўшы Чарвяка, узрадавалася і кажа яму:− Чарвяк, чарвяк! Давай з табой сябраваць!
− Не, гэта немагчыма, – адказаў Чарвяк. − Ты ж не захочаш лезці за мной у зямлю. А я там жыву, і там мая хата.
− Як жа ты там поўзаеш, Чарвяк?
− Вельмі проста. Я пракладаю пад зямлёй хады. Яны падобныя на тунэлі.
− Не. Я не жадаю з табой поўзаць пад зямлёй. Лепш я пашукаю сабе сябра на зямлі, − вырашыла Кветачка і пайшла далей.
Ідзе яна і песеньку сваю напявае. Убачыў яе Вусень, які сядзеў на ствале сасны. Падпоўз бліжэй і слухае.
− Хораша ты спяваеш, Кветачка! − кажа.
− Калі табе падабаецца, то, можа, ты захочаш са мной сябраваць?
− Не, − прамовiў Вусень.− Я не змагу за табой угнацца. Ты вунь якая жвавая. Бяжыш, як ляціш!
− Ну, як ведаеш, − адказала Кветачка і пайшла далей.
Хадзіла яна, хадзіла цэлы дзень, а сяброў сабе так і не знайшла. У цёмным лесе яшчэ больш сцямнела, і настала ноч. Заснула Кветачка, а раніцой зноў адправілася на пошукі сяброў. Ідзе і песеньку спявае.
І тут ёй, нарэшце, пашанцавала. Побач пралятала Варона. Пачула яна песню Кветачкі і кажа:
− Не знойдзеш ты сабе сябра ў гэтым цёмным лесе. Пойдзем, я правяду цябе на палянку. Туды часта заглядвае Сонейка. А яго любяць пчолкі, матылькі і стракозы, конікі і жучкі. Яны ўсе збіраюцца там, на палянцы.
− Скажы, Варона, яны захочуць са мной сябраваць? − спытала Кветачка.
− Вядома, захочуць! Бо, ты такая радасная!
Прывяла Варона Кветачку на сонечную палянку. А там − пчолкі гудуць, матылькі пырхаюць, конікі стракочуць! Ох, як весела, як цікава!
− Якая прыгожая Кветачка, яна быццам маленькае Сонейка! − зазвінелі, загудзелі ўсе на розныя галасы.
Абкружылі Кветачку, глядзяць на яе і нагледзецца не могуць. Бо, выйдучы з цемры на сонечнае святло, яна стала яшчэ прыгажэйшай і ярчэйшай!
Усміхнулася Кветачка і пытае:
− Пчолкі, стракозы, матылькі! Вы будзеце са мной сябраваць?
− Вядома, будзем! Ты ж такая вясёлая і радасная!
Узрадавалася Кветачка, расправіла свае далікатныя жоўценькiя пялёсткі, паглядзела на Сонейка, паправіла на галоўцы зялёны капялюшык і заспявала:
Са мной сябруюць мошкі,
Пчолкі, матылькі,
Стракозы і жучкі!
Таму што я вясёлая,
Я радасная Кветачка!
Сонейка слухала песеньку Кветачкі і ўсміхалася. А мошкі, матылькі, стракозы, пчолкі і жучкі танцавалі.
Неўзабаве ўся палянка расцвіла! На ёй вырасла шмат зялёных травінак. А паміж імі раскрылі свае тоненькія пялёсткі сотні малянят − далікатных і вельмі прыгожых кветачак. Сонейка размалявала іх ва ўсе колеры вясёлкі: фіялетавы, сіні, блакітны, зялёны, жоўты, ружовы, чырвоны, бардовы. Ох, як весела стала ўсім, як хораша!
Цяпер кожны дзень на сонечнай палянцы гучаць вясёлыя і радасныя песенькі. А мошкі і матылькі, стракозы, пчолкі і жучкі цалуюць цудоўныя кветачкі ў прыгожыя рознакаляровыя галоўкі.
І калі вы калі-небудзь знойдзеце ў лесе такую вясёлую і прыгожую сонечную палянку, то, вядома ж, абавязкова ўбачыце на ёй тую самую Радасную Кветачку!
p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
27.01.13