Няхай жыве Сонца! (чытае Ліка Пташук)
Высока ў небе жылі тры сонечныя праменьчыкі, вельмі яркія няўрымслівыя і жыццярадасныя. Яны былі сапраўднымі і, як кажуць, неразлучнымі сябрамі. Ярык, самы малодшы з праменьчыкаў, часам не паспяваў за сваімі сябрамі, але Маг і Мiг ніколі не пакідалі яго аднаго. Як жа можна кінуць свайго сябра і х утчэй паляцець уперад? Не, яны не маглі гэтага зрабіць. А ўтрох ім было так весела! Можна пакружыцца, можна паскакаць, а калі стомішся, то і пастаяць на адным месцы, ды пры гэтым пасмяяцца ці нават праспяваць вясёлую песеньку.
Дзе толькі не лёталі гэтыя свавольнiкi! Яны ведалі аб усім, што робiцца ў сонечнай сістэме, толькі ў апошні час у іх не было магчымасці падляцець да Зямлі. А праменьчыкам так хацелася сустрэцца са сваімі сябрамі, якія жылі там. Але Зямля была закрыта ад Сонца і яго прамянёў шчыльнымі шэрымі зімовымі хмарамі. Нібы непрабіўная заслона навісла над Зямлёй і ўжо шмат дзён не прапускала яркае сонечнае святло.У парку, каля ракі, жыла чарада вераб'ёў. Яны лёталі па парку, пераскоквалі з галінкі на галінку і гучна цвыркалі. Верабейкі не маркоціліся, яны чакалі Сонейка і ўвесь час паглядалі на хмурнае шэрае неба. Калі ж яно прасвятлее? Вось толькі дзень праходзіў за днём, а хмары ніяк не жадалі пакідаць неба. Яны быццам прыляпіліся да яго!
– Гэй вы, хмурныя шкоднiкi! Разыдзіцеся ў бакі, прапусціце да нас чырвонае Сонейка! – цвыркалі вераб'і.
Але хмары змрочна глядзелі на няўрымслівых птушак і нават не спрабавалі ссунуцца з месца. А тым часам на Зямлі так не хапала сонечнага святла! Не толькі птушкам, усім – дрэвам і кустам, траве і кветкам трэба Сонейка. Яно трэба людзям і жывёлам.
Коцiк сядзеў на падаконніку, глядзеў у акенца і таксама чакаў Сонейка. Качкi і чайкі на возеры, рыбы ў вадзе, вавёркі, вароны і галкі ў парку – усе чакалі яго. Прыляцеў вясновы Ветрык. Убачыў, што ўсе такія сумныя, і зразумеў ад чаго. Ветрык зірнуў на зацягнутае цёмнымі хмарамі неба і сказаў, звяртаючыся да птушак:
– Я палячу высока-высока і паспрабую прабіць гэтыя халодныя і змрочныя хмары! А вы гучна клічце сонечныя прамяні. Можа яны пачуюць вашы галасы і таксама пачнуць прабівацца да Зямлі скрозь хмары.
– Так, так, так! – заціўкалі, закрычалі, зазвінелі птушкі. – Ляці, Ветрык, прывядзі да нас нашых сяброў – Ярыка, Мага і Мiга. Скажы ім, што мы іх вельмі чакаем!
Не марудзячы, вясновы Ветрык надзьмуўся моцна-моцна і накіраваўся высока ў неба. Падляцеўшы да хмар, ён адважна рвануўся наперад і пачаў прабівацца скрозь іх таўшчыню наверх! Тым часам птушкі крычалі так гучна, што Ярык, Маг і Мiг, вядома ж, тут жа пачулі іх галасы. Яны паляцелі насустрач Ветрыку! А калі сустрэліся, то так узрадаваліся, што сталі скакаць і крычаць ад захаплення. Пачуўшы вясёлыя галасы Ярыка, Мага і Мiга, іншыя сонечныя праменьчыкі паляцелі ім насустрач, бо ўсім хочацца павесяліцца і пацешыцца! Пасля таго змрочным хмарам нічога не заставалася, як расступіцца і прапусціць яркія і вясёлыя сонечныя прамяні да Зямлі.
Вы б бачылі, колькі на Зямлі было радасці! Усе абдымаліся з сонечнымі прамянямі і радаваліся, гледзячы ў чыстае блакітнае неба! А Зямля, вызваліўшыся ад шэрых хмар, папрыгажэла, стала яркай і каляровай! Ажылі дрэвы і кусты, кветкі і трава. Усе птушкі, жывёлы і людзі радаваліся яркаму сонечнаму святлу.
І тады самыя адважныя і дужыя птушкі ўзняліся высока-высока ў чыстае неба, каб праспяваць гімн свайго шчасця і радасці:
– Няхая жыве чырвонае Сонейка! – спявалі птушкі.
– Няхай жывуць Ветрык, Ярык, Маг і Мiг!
– Няхай жыве наша самае моцнае на свеце сяброўства!
Гэтая казка на рускай мове
27.01.13