
Чароўная сняжынка
Неяк перад Новым годам вырашыў Сярожа напісаць пісьмо Дзеду Марозу і папрасiць у яго для сябе падарунак. "А што як прышле?" – думаў хлопчык.
Праз два тыдні прыйшоў адказ. Дзед Мароз віншаваў Сярожу, усіх яго сяброў і родных з надыходзячым Новым годам. Але замест падарунка ў канверце ляжала адна адзіная, выразаная са серабрыстай фольгі сняжынка. Дзед Мароз запэўніваў, што гэта не простая сняжынка, яна ператворыцца ў жаданы падарунак. Толькі для гэтага перад надыходам Новага года яе трэба будзе пакласці пад Ёлку і сказаць: "Сняжынка! Падары мне, калі ласка, Навагодні падарунак!"У пiсьме Сярожа прасіў Дзеда Мароза падарыць яму фотаапарат ці падзорную трубу. Але тое, што гэта зробiць нейкая сняжынка з фольгі, хлопчык не верыў. Ён расказаў пра ўсё маме.
Мама сказала:
– А чаму б і не. У Навагоднюю ноч здараюцца цуды. Вось бы і Кацюшы што-небудзь падарыў Дзед Мароз!
Так! А вось Сярожа зусім забыўся пра сваю маленькую двухгадовую сястрычку. Яна, вядома ж, таксама захоча падарунак, і ёй будзе крыўдна, што Дзед Мароз падорыць падарунак толькі яму.
Думаў, думаў Сярожа і вырашыў, што папросiць ў сняжынкі падарунак не для сябе, а для сястрычкі. "Яна меншая за мяне, ёй падарунак больш патрэбны", – вырашыў хлопчык.
Увечар трыццаць першага снежня ён паклаў сняжынку пад Ёлку і сказаў:
– Чароўная сняжынка! Падары, калі ласка, не мне, а маёй сястрычцы Навагодні падарунак.
Мама пачула гэта і сказала:
– Малайчына, Сярожа! Кацярынка ў нашай сям'і самая маленькая. Хай гэты падарунак дастанецца ёй!
Раніцай, першага студзеня, Сярожа зазірнуў пад Ёлку і не паверыў сваім вачам. Там ляжаў не адзін, а нават два падарунка: адзін – для Кацюшы: вялікі пухнаты даўгавухі заяц, другі – для яго: упакаваны ў новенькую каробачку фотаапарат!
Ды і сняжынка са срэбнай фольгі не знікла. Яна ўлеглася на адну з зялёных галінак Навагодняй Ёлкі.
p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
Гэтая казка на рускай мове
8.01.13