Соня-Зiма
На календары быў канец снежня. І хоць у гэтым месяцы па зямлі павінна гуляць Зіма, але яе прысутнасці не адчувалася. Вялікая аматарка ўсяго снежнага і ледзянога, Соня-Зіма, усё яшчэ спакойна спала пад трыма пуховымі коўдрамі і не думала прачынацца, таму што ёй сніліся вельмі прыемныя і салодкія сны. У сне яна бачыла сябе ў цудоўнай пухнатай шубе, размаляванай мільёнамі іскрынак-зорачак, з вялікім каўняром з ажурных сняжынак і гузікамі з ледзянога перламутру. Там, у яе сне, усе палі, сенажаці, лясы і гарады былі накрыты такім жа, як яе шуба, белым іскрыстым дываном. Зіма лёгка ішла па зямлі, а снег так і храбусцеў пад яе прыгожымі беленькімі боцікамі.
– Ох, як добра! – Зіма ўсміхалася ў сне – такім радасным ён быў.А тым часам за вокнамі яе хаткі было пахмурна і сыра. Па даху стукаў дробны брыдкi надакучлівы дожджык. Бр…– холадна і не ўтульна. Птушачкі схаваліся пад дахі, людзі сядзяць па хатах. А калі і ідуць куды-небудзь, то пад парасонамі, асцярожна пераступаючы праз лужыны. "Ужо лепш бы выпаў снег, – казалі ўсе. – Канец снежня. А зімы так і не відаць".
Напэўна, шмат людзей думалі пра сапраўдную прыгожую беласнежную зіму, таму што гэта Соня ў сваёй хатцы раптам занепакоілася. Відаць, яе сны былі такімі салодкімі, што яна не прачнулася, а толькі перавярнулася на другi бок.
А прыгожы, як прынц, будучы Новы год ужо спяшаўся ў тыя мясцiны, дзе Соня-Зіма схавалася ад усіх у сваёй маленькай хатцы. Ён хацеў абавязкова знайсці яе і разбудзіць. Якое ж свята без снегу і хоць бы невялікага мароза!
Новы год абуў свае чароўныя боты-скараходы і адправіўся ў вандраванне вакол зямлі. Па дарозе яму сустракаліся снегiры, верабейкі, сiнiцы, алені, ваўкі, лісы, зайцы і іншыя жыхары лясоў. Яны падказвалі Новаму году карацейшы шлях у той край, дзе жыве Зіма. А Месяц і зорачкі адразу ж папярэдзілі:
– Толькі нябесныя званочкі здольныя абудзіць яе!
І далі яму цэлы звязак серабрыстых званочкаў.
Якi б ні салодкі быў сон зімачкi-Зімы, ад такога меладычнага і вабнага звону маленькіх нябесных званочкаў яна тут жа прачнулася. Пацягнулася са сну, салодка пазяхнуўшы ў апошні раз, і выглянула ў акно. Убачыўшы шэрае неба з дажджом, яна нахмурылася.
– Яшчэ чаго! – сказала Зіма. – Зараз жа ўсё апрану ў белы колер!
Зіма адчыніла сваю шафу і радасна ўсміхнулася. На вешалцы красавалася яе шыкоўная беласнежная шуба! Хто ж на зямлі не заўважыць такой прыгажуні!
Не паспела яна выйсці ў двор, як усе ўбачылі, што Мароз-чырвоны нос ужо ідзе да яе, пастукваючы сваім чароўным посахам. Вядома ж, ён быў гатовы выканаць загад сваёй каралевы – ператварыць кроплі дажджу ў прамяністыя белыя сняжынкі і нібы белай пуховай коўдрай укрыць імі ўсю зямлю!
– Гэта ўжо зусім іншая справа! – узрадаваліся людзi, бачачы, як з неба падаюць першыя iскрыстыя сняжынкі і кладуцца на зямлю, загадкава міргаючы, быццам дзіўныя цудоўныя стварэнні, якiя прыйшлi з казкi.
– Ура! – з захапленнем крычалі дзеці. – Скора можна будзе гуляць у снежкі і ляпіць снегавікоў!
Людзі, птушкі і звяры ўдыхалі ледзь-ледзь падмарожанае свежае паветра і ўсміхаліся. Усiм было радасна ад таго, што яны сустрэнуць Новы год са снегам. А тым часам сам будучы Новы год ужо крочыў далей па зямлі ў сваіх ботах-скараходах. Ён вельмі спяшаўся вярнуцца на самы ўсходні край зямлі, з якога звычайна ўстае наша сонейка, каб адтуль пачаць свой галоўны паход па планеце Зямля першага студзеня наступнага года.
p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
Гэтая казка на рускай мове
8.01.13