Першая Сняжынка зiмы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Першая Сняжынка  зiмы
Першая Сняжынка зiмы
У хаце Паўліка жыла кошка Мурка. Хлопчык жартам зваў яе Мурзай. Чаму? Магчыма таму, што кошка вельмі часта мылася. А па сто разоў на дзень, як лічыў Паўлiк, мыюцца толькі мурзы. Значыць, кошка такая і ёсць, нездарма ўся яе шэрстка незразумела якога колеру.      Так, так! Яна проста шэра-бура-малінавая! Аднак, калі казаць сур'ёзна, хлопчык, вядома ж, ведаў, што ў катоў бывае разнастайны колер шэрсткі і нават такі, змяшаны з усялякiх адценняў, як у яго кошкі.
     Увесну Мурка нарадзіла кацянят. Іх было трое, маленькіх сляпых камячкоў. Неўзабаве кацяняты расплюшчылі свае вочкi і пачалі хадзіць. Усе яны былі зусім розныя па колеру: першае кацяня – шэрае, быццам дымок з трубы, другое – рыжае, як лісяня, трэццяе – белае, як снег. Паўлiк іх так і ахрысціў – Дымок, Лісяня і Сняжынка. Чаму не Сняжок? Ды таму што апошняе кацяня было кошачкай!
     Да восені ўсе кацяняты падраслі. Іх шэрсткi сталі пухнатыя і прыгожыя, хвосцікі касматыя і доўгія. Цэлымі днямі кацяняты гулялі, бегалі па пакоі адзiн за адным і куляліся. А яшчэ яны любiлі залазіць на падаконнік і глядзець у акно. А там з дрэў зрывалася жоўтае лісце і кружылася, падлятаючы да зямлі. Кацянятам так хацелася пагуляць з ім! Яны глядзелі на лісце і білі па шкле лапкамі.
     Неяк Паўлiк сказаў кацянятам:
     – Хутка да нас прыйдзе зіма. І тады ўся зямля паўкрываецца сняжынкамі.
     "Сняжынкамі? – падумала белая пухнатая кошачка. – Але ж Сняжынка – гэта толькі я!"
     Тут Паўлiк разгадаў думкі сваёй Сняжынкі і прамовіў, гледзячы на яе:
     – Вядома, яны не падобныя на цябе. Гэта будуць сапраўдныя нябесныя сняжынкі.
     Белая кошачка нічога не зразумела са слоў хлопчыка, аднак стала з нецярпеннем чакаць. Кожны дзень яна ўсаджвалася на падаконнік і шукала на зямлі такіх жа пухнатых белых кошачак, якой была сама. І цуд адбыўся, але не такi, якi чакала Сняжынка.
     Аднойчы ўвечар з неба пасыпаліся маленькія белыя кропелькі. Яны не былі падобныя на кроплі дажджу, таму што не проста падалi з неба, а пырхалі, нібы матылькі, і мякка садзіліся на зямлю. Праз некаторы час усё навокал змянілася – стала святлейшым і ярчэйшым. Здавалася, быццам таямнічы чараўнік афарбаваў вуліцы, хаты, дрэвы і кусты ў чысты белы колер!
     Кацяняты глядзелі на першы снег, не разумеючы, што гэта такое, бо яны бачылі яго першы раз у жыцці! Раптам, да акна падляцела, як ім здалося, самая сапраўдная жывая беласнежная Пушынка і села на шкло. Яна была падобная на маленькую белую кветачку. І кацяняты пачулі, як яна прамовіла, гледзячы на іх праз шкло акна:
     – Будзем знаёмыя! Я першая Сняжынка зімы!
     
     І тады ўсе кацяняты, іх мама Мурка і Паўлiк убачылі, якая ж яна прыгожая, быццам зробленая з найтанчэйшага ажурнага хрусталю!
     
     Гэтая казка на рускай мове
6.12.12