Новы год для ўсіх!
Жылі-былі ў лесе дзве заячыя сям'і.
І як жа ўзрадаваўся лес, калі ў адзін і той жа дзень у адной заячай сям'і нарадзіўся Зайчык-хлопчык, а ў другой – Зайка-дзяўчынка! У той жа дзень у гонар сваіх нованароджаных дзяцей шчаслівыя зайцы-таты пасадзілі два маленькія дрэўцы – Бярозку і Ёлачку.Ішоў час. Пухнатая Ёлачка падрастала ў хатцы Зайчыка-хлопчыка, а кучаравая Бярозка – у хатцы Зайкі-дзяўчынкі. Зайка-дзяўчынка любiла сваю маленькую Бярозку. Яна ласкава гладзіла і абдымала яе стволiк. А Зайчык-хлопчык даглядаў Ёлачку і напярэдадні навагодніх свят абавязкова ўпрыгожваў яе разам са сваёй сяброўкай Зайкай-дзяўчынкай.
Дзеці развешвалі на Ёлачцы ўпрыгажэнні: бліскучыя гірлянды, шары і хлапушкі, пячэнне і мандарынкі. А дзядуля Мароз ніколі не забываў пра маленькіх зайчанят, абавязкова прыязджаў палюбавацца на прыгажуню Ёлачку і прывозіў дзецям падарункі.
Ёлачка, аднагодка Зайчыка-хлопчыка, была вельмі шчаслівая. Новы год яна сустракала як сапраўдная прынцэса! Вось толькі Бярозка, аднагодка Зайкі-дзяўчынкі, на навагоднія святы журылася ў адзіноце. У гэтыя дні малышка Зайка заўсёды забывала пра яе і бегла да прыгажуні Ёлачкi.
Убачыла Сiнiчка, як журыцца Бярозка, і расказала пра ўсё гэта верабейкам лесу. Прыляцелі верабейкі, селі на галінкі і заціўкалі наперабой. Маўляў, не журыся, Бярозка, не журыся! Вось убачыш, на Новы год ты таксама станеш прыгажуняй!
Паляцелі верабейкі да Дзядулі Мароза і расказалі яму пра Бярозку.
– Новы год і Каляды – святы для ўсіх, – сказаў Дзядуля Мароз. – Нясіце Бярозцы ў падарунак ад мяне вось гэтыя бліскучыя стужачкі і ўпрыгожце яе так, каб яна ў навагоднюю ноч стала такой жа прынцэсай, як і Ёлачка.
Зашумелі, заціўкалі верабейкі і задаволеныя паляцелі да Бярозкі, а ў дзюбках яны неслі навагодняе аздабленне дзеля яе ад Дзядулі Мароза. Потым птушкі апранулі яркія стужачкі на галінкі дрэўца, завязалі банцікі. Так Бярозка ператварылася ў казачную прынцэсу!
Прыбегла Зайка-дзяўчынка дахаты, паглядзела на дрэўца і разявіла рот ад здзіўлення. Якой жа прыгажуняй стала Бярозка! Зразумела Зайка, што вінаватая, бо крыўдзіла сваю Бярозку. І тады яна папрасiла прабачэння ў дрэўца, абняла яго і пацалавала.
Павесялела Бярозка, выпрасталася, галінкі расправіла і вясёлую песеньку заспявала. Пачула гэтую песеньку Ёлачка і стала падпяваць Бярозцы. А калі Дзядуля Мароз прывёз навагоднія падарункі зайчыкам, то паклаў іх пад абодва дрэўцы: пад Ёлачку – для Зайчыка-хлопчыка, а пад Бярозку – для Зайкі-дзяўчынкі.
Няхай дрэўцы цешацца, шчасна сустракаючы Новы год і Каляды разам з малышамі – зайкамі.
p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
Гэтая казка на рускай мове
1.12.12