Навагодняе свята ў лесе
Зіма выдалася снежная. Усе дрэвы ў лесе захутаны снегам, нібы апрануты ў белыя футры. На галінках елак, хвой ляжаць цэлыя ахапкi пушыстага снега. Прыгажосць незвычайная! Вунь бяжыць заяц. Снег так і хрусціць у яго пад лапкамі. А вось варона ўселася на галінку хвоі. Галінка заварушылася – і адразу цэлы струмень блiскучых пырскаў са сняжынак абсыпаўся на зямлю. Як прыемна праехаць на лыжах па такім лесе! Лыжы лёгка слізгочуць па мяккім снезе, а твар абдзімае свежы з лёгкім марозікам ветрык.
Усе звяры сядзяць узімку па сваіх кватэрах – па норках і дуплах. Толькі вароны, снягiры і вераб'і лётаюць па лесе і збіраюць апошнія навіны, каб потым распавядаць пра ўсё звярам. Першай пра набліжэнне Новага года даведалася варона па мянушцы Балбатуха. Нездарма звяры так яе завуць. Варону Балбатуху яшчэ ніхто ў лесе не змог перабалбатаць. Пра ўсе навіны яна даведваецца першай і таму лічыць сябе самай галоўнай у лесе. Вось і цяпер, з размаху ўсеўшыся на галінку хвоі і абсыпаўшы з яе ўвесь снег, яна гарлапаніць на ўсё горла так гучна, каб усё яе чулі:– Гэй вы! Прачынайцеся! Хутка Новы год! Да нас прыедзе Дзед Мароз!
Хто не прачнецца ад такога крыку? Павылазiлi зверы са сваіх нор. Глядзяць заяц з зайчыхай – дзе ж іх няўрымслівы сынок? Пакуль яны спалі, ён ужо паспеў кудысьці ўцячы. Вавёрка высунула мордачку з дупла, а яе дзецi ўсё яшчэ спяць.
Апошнім вылез са сваёй бярлогi мядзведзь, незадаволена паглядзеў на ўсіх.
– Што гэта за збор? – пытае.
А Балбатуха ізноў за сваё:
– Хутка Новы год! Сам Дзед Мароз абяцаў да нас заехаць! Трэба рыхтавацца да сустрэчы Новага года!
Вядома, Новы год – гэта добрае свята. Вось і вырашылі звяры – людзі сустракаюць Новы год, а чым мы горш? Знойдзем у лесе самую прыгожую елку, упрыгожым яе і будзем чакаць Дзеда Мароза.
Так яны і зрабілі. На вялікай паляне расла вельмі высокая і пухнатая елка. Яе i вырашылі прыбраць. Але чым жа? Трохі падумаўшы, кожны прынёс што-небудзь са сваіх зімовых харчоў: заяц – пару моркваў, вожык – сухія грыбы, вавёрка – арэхі, мядзведзь – мядовыя лядзянцы, варона – чырвоныя ягады рабiны. Ёлка прыбралася і папрыгажэла. Потым звяры і самі прыгатаваліся да свята: пачысцілі свае кажушкі, прыбралi жыллё. А іх дзеці, не вытрымаўшы, пабеглі да Ёлкі, пачалі скакаць каля яе і клікаць Дзеда Мароза:
– Дзед Мароз! Прыходзь! Нам падарункі прынясі!
У лесе ўжо цямнее. А Дзеда Мароза ўсё яшчэ няма! Засмуціліся звяры і птушкі.
– Напэўна, нахлусіла нам Балбатуха! Ужо хутка прыйдзе Новы год, а Дзед Мароз так i не прыехаў! Відаць, забыўся ён пра нас, – вырашылі яны.
Зусім цёмна стала ў лесе. Запаліліся зоркі, і ўзышоў месяц. Ён, як вялікі ліхтар, асвятліў лес, звярэй і навагоднюю Ёлку. І вось, нарэшце, удалечыні пачуўся звон бразготак. Неўзабаве на паляну выехалі санкі, а ў іх – Дзед Мароз!
– Ён усё-такі прыехаў! Значыць, варона нас не падманула! – абрадаваліся звяры!
Дзед Мароз вылез з санак, папрасiў прабачэння за спазненне. Аказваецца, яго затрымалі дзеці з гарадскога дзіцячага садка. Яны ўгаварылі Дзядулю застацца на навагодні канцэрт, які яны самі падрыхтавалі. Дзед Мароз не змог адмовіцца. Надта ўжо харошыя дзеці – добрыя і вясёлыя.
– Але я б усё роўна абавязкова прыехаў да вас, – сказаў ён звярам і птушкам. – У мяне ў блакноце запісаны ўсе адрасы, па якіх я павінен быць. А я не маю намер нікога ашукваць і заўсёды выконваю свае абяцанні. Вось і падарункі я вам прывёз.
З гэтымі словамі Дзед Мароз дастаў са свайго чароўнага мяшка: качан капусты для зайца, арахіс для вавёрачкі, бочачку мёду для мядзведзя, яблыкі для вожыка, а вароне ён даў цэлы мяшочак семечак. І пра маленькіх дзетак звяроў і птушак не забыўся – пайшоў да санак і дастаў з іх вялікі мяшок з ласункамі. Звяры запляскалі ў далоні, пачалі дзякаваць Дзеду Марозу за падарункі і адразу ж пацягнулі яго да сваёй навагодняй Ёлкі.
– Глядзі, Дзед Мароз! – наперабой крычалі дзеці. – Якая ў нас прыгожая Навагодняя Ёлка!
Дзед Мароз паглядзеў на яе і сказаў:
– Елка ў вас нядрэнная. Але на ёй чагосьці не хапае. Так-так! Я зразумеў. На ёй жа няма чароўных навагодніх сняжынак! Яны зараз жа будуць у вас!
I тут жа, аднекуль з неба на Ёлку пасыпаліся яркія іскрыстыя сняжынкі. Яны ўлегліся на яе галінках і засвяціліся, нібы маленькія лямпачкі на гарадскіх навагодніх Ёлках. Усе ўбычылі, што іх лясная прыгажуня цяпер стала падобна на сапраўдную прынцэсу! Чароўныя сняжынкі міргалі і пераліваліся, і ад гэтага святла на душы стала так радасна, так прыемна, так добра, як бывае толькі ў Навагоднюю ноч!
– З Новым годам! – сказаў Дзед Мароз. І ўсё, хто яго ў гэты момант чуў, гучна і радасна падтрымалі:
– З Новым годам! З Новым шчасцем!
p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
Гэтая казка на рускай мове
28.11.12