Маленькі шкляны Гадзіннічак (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маленькі шкляны Гадзіннічак (чытае Ліка Пташук)
Маленькі шкляны Гадзіннічак (чытае Ліка Пташук)
У адной сям'і жылі хлопчык Сярожа, яго мама, тата і бабуля. У адным з пакояў на сцяне вісеў старадаўні гадзіннiк з боем, які дастаўся Сярожынай бабулі ў спадчыну яшчэ ад яе бацькоў. Бабуля гэты гадзіннiк вельмі берагла, бо ён спраўна ішоў шмат гадоў. У яе ўнука на паліцы стаяў сучасны электронны гадзіннiк, які высвечваў час на лічбавым табло і таксама быў вельмі дакладны. Аднак, акрамя сучасных рэчаў, такіх як: тэлевізар, лічбавы фотаапарат, камп’ютар, сотавы тэлефон, у Сярожынай кватэры было шмат рэчаў, набытых або падораных вельмі даўно. На паліцы ў кніжнай шафе стаялі старадаўнія статуэткі, вазачкі, кнігі. Нават пісьмовы стол з натуральнага дрэва быў вельмі стары. Хто толькі ў розны час не сядзеў за гэтым сталом: і дзядуля, і бабуля! Нават мама Сярожы яшчэ вучаніцай рабіла ўрокі за гэтым сталом.      Сярожа яшчэ не вучыўся ў школе, але ён часта садзіўся за пісьмовы стол, каб памаляваць або пагартаць свае кніжкі. Напэўна, стары стол быў вельмі разумны і добразычлівы, бо, седзячы за ім, Сярожы заўсёды ўдавалася зрабіць малюнак, які падабаўся яму і яго маме. Нават чытаць па складах хлопчык навучыўся за гэтым сталом. Вось якім дзіўным быў стары пісьмовы стол!
     Такімі ж дзіўнымі здаваліся Сярожу і старадаўнія ёлачныя цацкi, якія мама захоўвала ў вялікай скрынцы на верхняй палічцы шафы. Новы год і Каляды былі ў хлопчыка любiмымі святамі. У гэтыя дні ў іх хаце пахла лясной елкай, пірагамі, і таму настрой у Сярожы заўсёды быў святочны і вясёлы. Перад святамі тата прыносіў сапраўдную елачку, і яны з мамай упрыгожвалі яе. Рознакаляровыя старадаўнія шкляныя шары з намаляванымі на іх ляснымі звяркамі, цацачныя клоўны, сабачкі, каток, вавёрачка, птушачкі, казачны церамок заўсёды хвалявалі Сярожу. А вельмі стары зроблены з гіпсу Дзед Мароз, які заўсёды зручна ўладкоўваўся пад Ёлкай разам з прыгажуняй Снягуркай, наогул здаваўся чараўніком, які ажывае ў ноч перад Новым годам!
     Але самым дзіўным за ўсіх старадаўніх ёлачных цацак быў маленькі шкляны Гадзіннічак з намаляванымі на ім чорнымі стрэлкамі. Апынуўшыся на самай верхавіне Ёлкі, ён як па чараўніцтве, заўсёды паказваў роўна дванаццаць гадзін ночы ў той самы час, калі электронны гадзіннiк высвечваў нуль-нуль гадзін нуль-нуль хвілін, а бабулін стары насценны гадзіннік адбіваў навагоднюю поўнач!
     Вядома, Сярожына мама купляла новыя цацкі. На Ёлцы блiскацелі вялікія перламутравыя шары, банцікі, хлапушкі, рознакаляровы дожджык. Але старыя цацкі хлопчык любiў больш. Яны ведалі і памяталі яго маму яшчэ зусім маленькай, і нават расказвалі яму пра тое, як яна цудоўна ўмела выразаць прыгожыя сняжынкі з залатой паперы. Ёлачныя цацкі ведалі і памяталі бабулю маладзенькай прыгажуней. Яны радаваліся прыходу Новага года шмат разоў…
     Хутка Новы год. Мама купіла Сярожу новыя гірлянды з зіхатлівых лямпачак. Бліскучыя і яркія яны бегаюць па Ёлцы быццам чароўныя агеньчыкі і безумоўна зробяць для ўсіх яшчэ больш радаснай сустрэчу Новага года.
     Будучы год, хлопчык гэта ведае, будзе для яго хвалюючым і вельмі цікавым, бо восенню ён пойдзе вучыцца ў першы клас.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
26.11.12