На будоўлi (чытае Ліка Пташук)
На гарадскую будоўлю прывезлі два вежавых крана: вялікі з доўгай стралой і маленькі з караценькай стрэлкай. Абодва краны ўзяліся за работу, пачалі дапамагаць будаўнікам будаваць дамы – высокія і не дужа высокiя.
Вядома ж, Вялікі Кран быў мацнейшы, чым Маленькі Кран. Ён хутчэй падымаў грузы. Маленькі Кран глядзеў на яго з захапленнем. Ён трохі баяўся, таму што гэта была яго першая будоўля. Але яму таксама вельмi хацелася стаць вялікім і моцным вежавым кранам.А Вялікі Кран зусім не задаваўся. Ён распавядаў Маленькаму Крану пра тое, што бачыў вакол сябе і вучыў яго працаваць гэтак жа добра, як ён сам.
– Вось пабудуем сцены ў дамах, а затым накрыем іх дахамі, – казаў ён.
Вялікі Кран быў вопытней Маленькага Крана, бо ён ужо пабудаваў шмат дамоў. Маленькі Кран уважліва слухаў свайго старэйшага сябра і рабіў усё так, як той яму раіў.
– Цягні гэтыя пліты вунь на той паверх, туды, дзе іх чакаюць будаўнікі! – камандаваў Вялікі Кран.
Маленькі Кран натужваўся і паціху паднімаў пліты, а потым апускаў іх да таго месца, дзе стаялі два будаўнікі. Яны вызвалялі пліты ад моцных канатаў, і Маленькі Кран паварочваў сваю стрэлку да склада на зямлі. А там ужо іншыя будаўнiкi прымацоўвалі да яго стралы новыя пліты.
Паступова Маленькі вежавы Кран навучыўся працаваць гэтак жа добра, як і яго сябар. А калі на дамах заззялі новенькія яркія дахі, будаўнікі выказалі падзяку вежавым кранам за дапамогу ў рабоце:
– Калі б не вы, мы б ніколі не пабудавалі гэтыя дамы, – прызналіся яны.
Вялікі Кран і Маленькі Кран усміхнуліся і ад сціпласці крышку апусцілі свае стрэлкі. Вядома ж, яны былі вельмі рады такой пахвале.
Пасля гэтай будоўлі Маленькі Кран перастаў баяцца. Ён стаў больш самастойным і вопытным, а таму і адважным. А неўзабаве абодва краны павезлі на наступную будоўлю, бо ў горадзе яшчэ трэба было пабудаваць вельмі многа дамоў.
Гэтая казка на рускай мове
4.11.12