Глiняныя цуды - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Глiняныя цуды
Глiняныя цуды
Даўным-даўно гэта было. Казалi, што жыў тады ў адной вёсцы просты небагаты чалавек. Усякая справа была яму пад сілу. За што б ён ні браўся, усё ў яго атрымлівалася. Пра такіх людзей кажуць – майстар "залатыя рукі". Жонка кахала свайго добрага і працавітага мужа, і жылі яны ўвесь час у згодзе i радасцi. Вось толькі дзяцей у іх сям'і не было. Затое быў памочнiк – малады і моцны рабацяга Конь. Ён дапамагаў гаспадару апрацоўваць зямлю, ды і, апрача таго, мог адвезці яго ў любое месца, куды б той ні папрасiў.      Неяк адправіўся чалавек на сваім удалым Каню ў вандраванне па белым свеце і ў адным чужаземным горадзе патрапіў на дзіўны кірмаш. Тут прадаваліся цудоўныя ганчарныя вырабы – розныя збаны, міскі, кружкі, лыжкі, зробленыя з простай гліны. Ніколі яшчэ чалавек не бачыў нічога падобнага. У вёсцы, дзе ён жыў, у той час людзі карысталіся толькі драўлянай пасудай. Ох, як захацелася чалавеку асвоіць прамудрасці такога цікавага рамяства! Падумаць толькі, колькі розных вырабаў можна зрабіць з гліны!
     Вярнуўшыся дахаты, чалавек тут жа ўзяўся за работу. А быў ён кемлівы і ўмелы, таму неўзабаве на яго стале ўжо стаялі прыгожыя збаны і вазачкі, талеркі і кружкі, зробленыя з гліны.
     Сталі аднавяскоўцы заходзiць у яго хату, каб падзівiцца на майстэрства суседа-умельца. Нікому нічога не пашкадаваў майстар і раздарыў свае гліняныя вырабы. Вось толькі роднай жонцы і рабацягу Каню нічога не дасталася.
     – Не добра як! – пасароміў сябе чалавек.
     Ён хутка змайстраваў падарункі. Каню – званкі, а жонцы – маленькія гліняныя фігуркі. Трэба сказаць, што чалавек той нават сам не разумеў, на якіх птушак і звяроў падобныя яго гліняныя фігуркі. Напэўна, птушак і звяроў, падобных на фігуркі майстра, у той далёкі час у жыцці людзей яшчэ не існавала!
     Паставіў чалавек свае вырабы на стол і дзівуецца на іх. Падышла жонка. Паглядзела на першую фігурку і кажа:
     – Гэта ж птушачка! Паглядзі! Вось яе грабеньчык, вось доўгая бародка, вось хвост з гліняных пярынак, а на лапках у яе гліняныя шпоры. Давай, – кажа жонка мужу, – назавём птушачку Пеўнікам!
     – Давай! – пагадзіўся той.
     Пачула гэтыя словы гліняная фігурка і тут жа жывым Пеўнікам абярнулася. Ходзіць Пеўнік па хаце, лапкамі па падлозе пастуквае, хвост падняў і грабеньчыкам памахвае.
     – Ко-ко-ко! Вось вам і першы новы жыхар у хату! – кажа.
     – Ах! – толькі і сказалі муж з жонкай – абрадаваліся Пеўніку.
     Паглядзела жонка на другую фігурку:
     – Гэта таксама птушка, – кажа, – але без шпор і бародкі. Давай назавём яе Курачкай!
     Толькі яна так сказала, як гліняная птушачка жывой зрабілася. Па падлозе ходзіць, кудахча:
     – Куд-куды! Куд-куды! Вось вам і другі новы жыхар у хату!
     – Ах, ах! – прамовілі муж з жонкай. Яны былі вельмі рады Курачцы!
     Глядзіць жонка на трэцюю гліняную фігурку. А тая на ліску надта падобная, толькі вушы ў яе не такія, ды і вусы даўжэй.
     – Давай назавём яе Котачкай!
     І адразу ж пасля гэтых слоў гліняная фігурка ў жывую Котачку ператварылася. Ходзіць па падлозе, мяўкае: мяў-мяў-мяў, мурлыкае: мур-мур-мур, лапкай вусы пагладжвае, а хвост – трубой!
     – Ах, ах, ах! – Яшчэ больш усцешыліся такому чароўнаму трэцяму новаму жыхару гаспадары хаты.
     А чацвёртая фігурка кім бы, вы думалі, аказалася? Вядома, Сабачкай!
     Бегае па хаце:
     – Гаў-гаў-гаў! – гаўкае, але нікога не кусае.
     Вясёлы такі і гарэзлiвы Сабачка!
     – Я, – кажа ён гаспадарам, – буду хату вартаваць!
     Котачка прызналася, што ўмее лавіць мышэй, Пеўнік абяцаў ранкам усіх будзіць, а Курачка – яечкі несці і куранят гадаваць.
     Вось так, нібы па чараўніцтве, у добрага і ўмелага чалавека з'явілася вялікая дружная сям'я! А ўсім вядома, што жыць у такой сям'і весела, цікава і вельмі радасна!
     
     І толькі адзін Конь ведаў, хто ім усё гэта чараўніцтва падарыў. Але ён нікому не распавядаў пра тое, як аднойчы ўначы ўбачыў на лузе серабрыстую Зорачку. Яна апусцілася на Зямлю, каб трохі перадыхнуць, і распавяла рабацягу Каню, што хутка ў іх хаце адбудуцца вялікія цуды.
     
     Гэтая казка на рускай мове
26.07.12