Як гусi Вербачцы дапамаглi - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як гусi Вербачцы дапамаглi
Як гусi Вербачцы дапамаглi
На беразе ракі расла маленькая Вербачка. Яна любіла схіляць свае галінкі ў раку і ўмывацца халоднай вадой. Часам Вербачка шалясцела доўгімі зялёнымі лісцікамі і напявала любiмую песеньку. І тады нават Рэчка пераставала журчаць, прыслухоўваючыся да яе ласкавага галасочка. А цёплае Сонейка гладзіла малую па гнуткіх галінках, прыгаворваючы:      – Расцi, Вербачка, зеляней год ад году і расцвітай. Ты ж у нас прыгажуня!
     Вербачка вельмі саромелася ад такой пахвалы і яшчэ больш схілялася да рачной вадзіцы. Але ад гэтага яе доўгія тонкія лісцікі станавіліся толькі прыгажэй. Яны пераліваліся і свяціліся ад сонечнага святла.
     Кожны год вясною з поўдня прыляталі дзікія Гусі. Яны заўсёды сяліліся на беразе ракі побач з Вербачкай. Птушкі плавалі па вадзе, гагаталі, махалі крыламі і кружыліся над дрэўцам. Яны палюбiлі маленькую Вербачку за сціпласць і дабрыню. Па вечарах Гусі ўсаджваліся пад дрэўцам і засыналі, закалыханыя яе ціхім і ласкавым галаском.
     Але вось скончылася цёплае лета, і насталі халады. Гусі паляцелі зімаваць у вырай. Усе лісцікі на Вербачцы пажоўклі і апалі. Халодны вецер прадзьмухваў наскрозь яе галінкі. А потым яшчэ і мароз затрашчаў. Рэчка пакрылася лёдам, галінкі Вербачкі абледзянелі. Як ні старалася Сонейка, не змагло яно дапамагчы маладзенькаму дрэўцу. Сцюдзёныя вятры не пашкадавалі прыгажуню і замарозілі яе. Заснула Вербачка доўгім зімовым сном. А калі прачнулася, то ўбачыла, што снег ужо сышоў, і Рэчка адтала ад лёду. Вясновае Сонейка прагрэла зямлю, і ўсё вакол зазелянела.
     Адагрэлася і Вербачка, але яе тонкія абмарожаныя ледзяным ветрам галінкі не змаглі выпусціць з пупышак зялёныя лісточкі. Схілілася Вербачка над вадою і заплакала горкімі слязьмі. Але плачам гору не дапаможаш. Не растуць на галінках лісцікі, і ўсё тут.
     Неўзабаве вярнуліся з поўдня Гусі. Убачылі яны, як плача бедная Вербачка, і пашкадавалі яе. Вырашылі Гусі дапамагчы дрэўцу. Селі яны на яе галінкі і ператварыліся ў лісточкі. Расцвiла Вербачка, зазелянела і заспявала сваю песеньку. А калі апусціла лісцікі ў ваду, ператварыліся яны ў Гусей, і паплылі па рацэ. Узняла Вербачка галінкі ўгару – і вось Гусі ўжо не Гусі, а яе зялёнае лісце.
     Так і жыла Вербачка да позняй восені са сваімі збавiцелямі адной сям'ёй. А ўвосень адарвалiся лісцiкi ад галінак Вербачкі і сталi сапраўднымі дзікімі Гусямі. Адлятаючы ў вырай, сабраліся птушкі ў вялікую чараду. Падняліся яны высока-высока ў неба і на развітанне пракрычалі Рэчцы і Вербачцы:
     – Чакайце нас да вясны!
     Рэчка штосьці звонка пражурчала ў адказ, а Вербачка, якая добра падрасла за лета і падужэла, доўга глядзела сваім сябрам услед і жадала ім шчаслiвай дарогi.
     
     Гата казка на рускай мове
24.07.12