Казка пра раку Нёман i яго сям’ю - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка пра раку Нёман i яго сям’ю
Казка пра раку Нёман i яго сям’ю
Вясноваю парою зазірнула Сонейка ў лясны гушчар, асвяціла палянку і пагорак, растапіла апошнія гурбы ля велізарнага дуба-волата і шчасліва ўсміхнулася светлай і яркай усмешкай.      Справа ў тым, што побач з дубам Сонейка ўбачыла, як з зямлі выбіваецца на белы свет маленькі ручай.
     – Бяжы да Мора! – сказала яно ручайку. – Твая мама-Мора чакае цябе.
     Пасвяціла Сонейка сваім праменьчыкам па зямлі, як бы паказваючы малому, у якi бок яму трэба бегчы. Ручай заiскрыўся, быццам перламутравы струменьчык, і рушыўся туды, куды паказала Сонейка, пракладаючы сабе дарожку сярод лясоў і балот, стараючыся хутчэй выбрацца на прасторную раўніну.
     – Маляня! – шумелі дрэвы наўздагон ручайку. – Калі дабяжыш да Мора, перадай яму ад нас велiзарнае прывітанне!
     – Добра, перадам! – звінеў ручай і бег усё далей і далей.
     Неўзабаве яго заўважылі пчолкі, мушкі і стракозы. Яны лёталі над ім і штосьці гулi на сваёй мове. Але ручаю некалі было з імі размаўляць. Потым птушачкі заўважылі ручай. Яны падляцелі да яго, каб напіцца чыстай ключавой вадзіцы і памыць у ёй свае крылцы. А ручай спяшаўся далей. У яго было адно запаветнае жаданне – хутчэй убачыць і павітаць сваю маму-Мора! І толькі калі хтосьці вялікі і касматы моцна ступiў па зямлі велізарнай лапай, ручай прыслухаўся.
     – Хто ты такі! Як цябе завуць, і куды ты так спяшаешся! – спытаў Мішка, калі заўважыў у хвойным лесе маленькі ручай, які прабіваўся скрозь горачкі і пагоркі.
     – Як мяне завуць?– задумаўся ручай. – Нёманец! – ён на імгненне спыніўся і паглядзеў на мядзведзя. – Але ж мне трэба бегчы! Мяне чакае мама-Мора! – рашуча прамовіў малы.
     – А! – Мішка з разуменнем кіўнуў вялікай касматай галавой. – Тады бяжы! Не забудзься перадаць ад мяне прывітанне сваёй маме.
     – Перадам! – бадзера крыкнуў ручай і пабег далей.
     Пакуль Нёманец пятляў і прабіваўся скрозь лясы, палі і пагоркі, ён не заўважыў, як ператварыўся ў шырокую паўнаводную раку. І цяпер яго ўжо звалі інакш – Нёман. З усіх бакоў рацэ дапамагалі падземныя крынічкі, ручаі і прытокі. Яны аддавалі Нёману ўсю сваю ваду і прасілі толькi аб адным:
     – Калі ласка, перадай ад нас прывітанне Балтыйскаму Мору! Трохі шкада, што мы яго не ўбачым.
     – Добра! Я абавязкова перадам ад вас прывітанне! – адказваў Нёман і спяшаўся далей.
     Людзі, якія жылi у гарадах і мястэчках, міма якіх праплываў ужо даволі шырокі і глыбокі Нёман, цяпер маглі адпраўляць па ім да мора караблі, як па вялікай суднаходнай рацэ. І вось калі Нёман, нарэшце, дабраўся да Балтыйскага Мора, ён зразумеў, што яму ўжо няма куды спяшацца. Гэта велізарнае бязмежнае Мора і было яго мамай!
     Нёман не забыўся перадаць маме-Мору прывітанне ад сваіх сяброў – дрэў, мядзведзя, прытокаў і крыніц. А Мора калыхала сінімі хвалямі і штосьці ласкава шаптала яму. Напэўна, яно хацела, каб Нёман адпачыў, бо ён так стаміўся ў дарозе! Балтыйскае Мора пяшчотна закалыхвала яго, быццам малога.
     – Малога? – скажаце Вы.
     Так, так! Для велізарнага Мора ўсе яго дочкі і сыночкі, рэкі і рачулкі, ніколі не стануць дарослымі. Для Мора яны назаўжды застануцца дзецьмі.
     – Мой дарагі сыночак, – шаптала Мора. – Ведаеш, у цябе ёсць сёстры, і яны цяпер побач з намі. Пазнаёмся! Вось твая першая сястра! – Мора паказала на вялікую паўнаводную раку з левага боку ад Нёмана, якая гэтак жа, як і ён, улівалася ў Балтыйскае Мора. – Гэта Вісла! І ведаеш, ад каго яна перадала мне прывітанне? Ад Барановай гары. Дзесьці далёка адсюсь, у яловым лесе, Вісла прабілася з зямлі маленькай рэчачкай і, гэтак жа як і ты, спяшалася на сустрэчу са мной. Ёй дапамагалі крынічкі і прытокі.
     – А вось твая другая сястра! Яе завуць Заходняя Дзвіна, – тіха мовіла Мора, паказваючы на правы бок ад Нёмана. – Яна плыла на сустрэчу са мной з далёкіх краёў, ёй дапамагалі крынічкі і прытокі, азёры і балоты. Мне вельмі прыемна, што ў вас, маіх дарагiх дзяцей, столькі добрых сяброў!
     Вось так Нёман пазнаёміўся і пасябраваў са сваімі сёстрамі, Віслай і Заходняй Дзвіной. Шмат часу прайшло з той пары. Але Балтыйскае мора ўсё такое ж велізарнае і бязмежнае. Яно не пастарэла і не змялела за доўгія гады свайго жыцця. Магчыма таму, што ў мамы-Мора ёсць выдатныя працавітыя дзеці – рэкі Нёман, Вісла і Заходняя Дзвіна, якія заўсёды імкнуцца да яе на сустрэчу, каб падтрымаць матуліны сілы і падарыць ёй сваю невычэрпную любоў і адданасць.
     
     Гэтая казка на рускай мове
14.05.12