Стомлены Дожджык (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стомлены Дожджык (чытае аўтар)
     
Жылі-былі Бабка і Дзедка на хутары каля лесу. Вясною пасадзілі яны на агародзе гародніну ды авёс. Прыйшло лета. Спеюць ля хаты на градках лук, бульба ды капуста, авёс за хатай каласуе, сілу набірае.      Цешацца старыя:
     – Дасць Бог, добры ўраджай збяром!
     
     Неяк міма іх агароду Зайчык прабягаў. Убачыў ён на градках качаны капусты, і так яму есцi захацелася!
     – Дай мне, Бабка, калі ласка, – просіць Зайчык, – качан капусты паспрабаваць. Хоць самы маленькі! Я не пакрыўджуся.
     – Я б з задавальненнем цябе, Зайчык, пачаставала, – Бабка яму ў адказ, – але не паспеў ён яшчэ.
     – Добра, я потым прыйду, – хмыкнуў Зайчык і далей пабег.
     Скача міма агарода Конік. Убачыў, як авёс шуміць на ветры, каласкамі памахвае, і просіць Дзедку:
     – Пачастуй мяне, Дзедка, аўсяным каласком. Калі ласка! Так хочацца яго паспрабаваць!
     – Я б абавязкова цябе, Конік, пачаставаў, – адказвае Дзедка. – Але не паспеў ён яшчэ.
     – Што ж, – пагадзіўся Конік. – Я потым прыйду. – І паскакаў прэч.
     Прайшоў тыдзень, другі. Ізноў бяжыць Зайчык. Глядзіць ён на свой качан капусты і не пазнае яго. Лісточкі ў качана панiклі, ды і аўсяныя каласкі апусцілі галоўкі ўніз.
     – Што гэта з імі здарылася? – запытаўся Зайчык у Дзедкі з Бабкай.
     – Ой, гора нам! – засмуткавалі старыя. – Ужо які тыдзень Сонейка пячэ, а Дожджыка ўсё няма і няма. Высахла зямелька, і няма каму яе напаіць. Ты, Зайчык, хутка бегаеш. Схадзi, мілы, пашукай хмарку дажджавую і прыйшлі яе да нас!
     – Добра, – пагадзіўся Зайчык і пабег Дожджык шукаць.
     Вось бяжыць ён і бачыць – на палянцы за лесам сядзіць хмарка цёмная дажджавая.
     – Дожджык, Дожджык! Ляці хутчэй туды, да той хаты, дзе жывуць Дзедка з Бабкай! Калі ласка, палі іх агарод, а то ўвесь ураджай згіне, засохне! – папрасіў Зайчык.
     – Я б паляцеў, – адказаў Дожджык. – Ды дужа стаміліся мае крылцы. Ніяк мне ў неба не падняцца.
     Пачуў іх гутарку Конік і кажа Дожджыку:
     – А ты сядай да мяне на спінку! Я цябе давязу.
     Узлез Дожджык да Коніка на спінку, і той яго адразу ж на агарод павёз. Паліў Дожджык агарод Дзедкі з Бабкай. Напілася вадзіцы ўся гародніна, капуста лісцікі ўгару падняла. Авёс каласкі напаіў, а яны, шчаслівыя, галоўкі паднялі да неба і Сонейка. Узрадаваліся Дзедка з Бабкай, Зайчыку з Конікам падзяку выказалі.
     Настала восень. Сабралі старыя ўраджай. Добры ён у іх атрымаўся! Самы вялікі качан капусты яны Зайчыку аддалі, а Коніку аўсяных каласкоў цэлы мяшок насыпалі. Хай частуюцца і Дзедку з Бабкай добрым словам успамінаюць.
     
     Гэтая казка на рускай мове
     
     p.s. на фота Аляксея Кудраўцава малюнак дзяўчынкі з дзіцячай мастацкай студыі горада Мiнска.
3.04.12