
Кошык з ягадкамi дзеля бабулi
Уздоўж лясной сцяжынкі пырхалі залатыя матылькі. Яны былі не сапраўдныя, а толькi – цацкi, уплеценыя ў касічкі Аленкі. Іх уважліва разглядала недаверлiвая сарока-белабока, якая прысела на галінку хвоі. Неразумныя пчолкі і стракозы палічылі матылькоў за сваіх сяброў. Аднак цацачныя залатыя матылькі належылі толькі Аленкiным касічкам і ніяк не маглі быць сапраўднымі, каб пырхаць па лесе.
Затое сапраўдных матылькоў у лесе было звышдастаткова. Яны пераляталі з кветкі на кветку, з лісціка на лісцік, то разгарнуўшы, а то склаўшы вельмі крохкiя, але такiя прыгожыя крылцы.Як цудоўна было ў лесе! Аленка прыслухоўвалася да галасоў птушак, да стракатання конікаў і нават сама напявала сваю любiмую песеньку. І тады ёй здавалася, што ўсе кветкі і нават сонейка ўсміхаюцца, гледзячы на яе.
Дзяўчынка добра ведала гэты лес. Некалькі гадоў запар на канікулы ўлетку яна прыязджала адпачыць да сваёй бабулі. Аленка вывучыла ўсе сцяжынкі ў лесе, які размясціўся побач з вёскай. Лес быў невялікі, але вельмі прыгожы. Тут раслі белыя бярозкі і чырвоныя рабiны, зялёныя пухнатыя ялінкі і хвоі.
Улетку ўсе палянкі ў лесе абсыпаліся суніцамі. Аленка вельмі любiла гэтыя пахкія чырвоныя ягадкі. Цяпер жа яна спяшалася хутчэй дабрацца да запаветнай сунiчнай палянкі, на якой (дзяўчынка гэта ведала) будзе шмат саспелых суніц.
– Не перашкаджайце мне збіраць ягады! – там, на палянцы, дзяўчынка строга загадае сваім касічкам, закідваючы іх назад, за плечы.
Так, так, касічкі! Лепей не перашкаджайце! Аленка хоча назбіраць духмяных ягадак не для сябе, а для сваёй старэнькай бабулі. Вось збярэ кошык і прынясе яго ў хату. Паставіць перад бабуляй на стол і скажа:
– Бабуля! Гэта табе падарунак ад мяне.
А бабуля абніме яе, пацалуе ў кучаравую галоўку і ласкава прамовiць:
– Якая ж ты ў мяне добрая і слаўная ўнучачка! Дай Божа табе шчасця ў жыцці!
Гэтае апавяданне на рускай мове
9.02.12