Шпак у паўночным горадзе - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шпак у паўночным горадзе
Шпак у паўночным горадзе
Улетку ў вялікім паўночным горадзе жыве шмат розных пералётных птушак. Вясной, калі зямля адтае ад лёду і снегу, яны прылятаюць з паўднёвых краін і будуюць сабе гнёзды на дрэвах у парках і скверах, садах і бульварах. Усё лета птушкі гадуюць сваіх птушанят і вучаць іх лётаць. А калі лета змяняецца восенню, і настаюць халады, птушкі зноў ляцяць на поўдзень, каб перачакаць там паўночную зіму. Падужэлыя і пасталелыя птушаняты ляцяць разам з бацькамi. Вядома ж, маладыя птушкі яшчэ не такія вопытныя, як iх бацькi. Ім трэба ва ўсім слухацца старэйшых і прытрымлівацца іх парадаў.      Але тым летам здарылася бяда. Адно птушаня, яшчэ зусім юны Шпак, вельмі адважны і дапытлiвы, адляцеў ад бацькоўскай хаты на вялікую адлегласць – з парку на канцы горада ў яго цэнтральную частку. Там ён выпадкова зачапіўся за правады і моцна пашкодзіў сабе крыло. Небарака не змог вярнуцца назад у парк, дзе яго чакалі родныя. Яго крыло моцна балела, і ён не мог ляцець! Некалькі дзён Шпак блукаў па траве ў скверы і вышукваў сабе чарвячкоў, каб зусім не саслабець ад голаду. Напіцца ж вады птушаня нідзе не магло. Ды і ночы ўжо надыходзячай восені былі даволі халодныя. Малы замярзаў на зямлі.
     Днём яго зоркія вочы разглядзелі ў старых дамах насупраць сквера лесвiцу, якая вяла на гарышча. Але перабрацца праз дарогу, па якой бесперапынна ехалі аўтамабілі, было вельмі цяжка. Толькі ўначы, калі паток машын саслабеў, Шпак здолеў перайсці на другі бок.
     Параненае крыло моцна балела, таму маладому птушаняці патрэбны быў адпачынак і цяпло. Чапляючыся дзюбай і вострымі кіпцюрамі сваіх лап, Шпак змог забрацца па старой струхлелай драўлянай лесвiцы на самы верх і залезці праз акно на гарышча. На драўлянай падлозе гарышча ён сагрэўся і заснуў. Шпак не ведаў, колькі часу праспаў. Абудзілі яго галасы.
     – Небарака! Ён пашкодзіў сабе крыло. Яму патрэбна дапамога!
     – Паглядзі, як ён дыхае! У яго жар!
     Шпак расплюшчыў вочы і ўбачыў старую Галубку. Яна ласкава глядзела на яго.
     – Піць… – ледзь змагло прагаварыць птушаня і зноў заплюшчыла вочы.
     "Я паміраю", – вырашыў саслабелы Шпак.
     – Дзеці! Хутка прынясіце вады і напаіце хворага! – закамандавала старая Галубка.
     Маладыя галубы паляцелі на пошукі вады. Неўзабаве яны прынеслі яе ў сваіх дзюбах і напаілі Шпака.
     Шмат дзён птушкі, якія жылi пад дахам старога струхлелага дома ў цэнтры вялікага горада, кармілі і паілі хворага Шпака. А ў горад прыйшла зіма. Выпаў снег. Людзі хадзілі па абледзянелых тратуарах, баяліся паслізнуцца і ўпасцi. Паўночны вецер не сціхаў. Ён зларадна завываў, намятаючы ўсе новыя і новыя гурбы і закоўваючы горад у лёд.
     Побач са струхлелым домам стаялі іншыя дамы. У іх жылі людзі. А закiнуты дом, здавалася, ніхто не заўважаў. Але так толькі здавалася. У сярэдзіне зімы да яго падвезлі вежавы кран, іншыя інструменты, будаўнічыя матэрыялы і пачалі рамантаваць. Цяпер цэлымі днямі ў доме стаяў грукат. Будаўнікі здымалі з завес згнілыя ад старасці дзверы, выбівалі драўляныя рамы з вокнаў, пакідаючы ў доме толькі старыя цагляныя сцены, якія яшчэ можна было неяк абнавіць. Неўзабаве будаўнікі дабраліся да гарышча і спудзілі галубоў. Усе птушкі павыляталі з гарышча і больш не вярталіся ў разбуранае гняздо. А Шпак, вельмі слабы, з хворым крылом, паляцець з імі не змог. Галубы пакінулі яго, але гэта была не іхняя віна.
     – Трымайся! – крычалі птушкі Шпаку на развітанне. – Трымайся!
     А ён бедны нават двух крокаў не мог зрабіць па падлозе гарышча. У птушкі моцна кружылася галава, і Шпак лажыўся, імкнучыся не закрануць хворае крыло. Што яму яшчэ заставалася рабіць? З сумам Шпак глядзеў з акна гарышча на неба. Але ля акна завываў халодны вецер і намятаў снег.
     Неяк днём, калі ў доме на ўсю моц кіпела работа – будаўнікі ўмацоўвалі дах, яны заўважылі хворага Шпака, які паміраў без ежы і вады. Алік, малады будаўнік, які працаваў на будоўлі ўсяго толькі год пасля заканчэння прафесiянальна-тэхнiчнага вучылiшча, пашкадаваў птушку. "Трэба аднесці яе ўніз і аддаць дзецям у двары,– падумаў ён.– Магчыма, яны яе выхадзяць, бо шкада небараку". Алік успомніў дзяцінства, шпакоўні, якiя ён майстраваў разам з бацькам і развешваў на дрэвах у сваім садзе. Хлопец асцярожна падняў птушку, зняў з шыі шарсцяны шалiк, укрыў Шпака і панёс у двор.
     Некалькі хлопчыкаў штосьці весела абмяркоўвалі ў двары. Алік падышоў да іх.
     – Вось! – юнак паказаў на птушку. – Хворы Шпак. Ён ляжаў на гарышчы. У яго пашкоджана крыло. Можа возьмеце дахаты, дзеці?
     Паўлiк, малодшы з усіх, адразу ж узяў птушаняці:
     – Я аднясу яго дахаты. У мяне ёсць пустая клетка.
     Дома ў Паўлiка Шпаку адразу ж стала лягчэй. Вядома, такі догляд! Хлопчык не адыходзіў ад клеткі. Ён лячыў і карміў птушаняці. Да вясны Шпак падужэў, у яго зажыла крыло. Ён нават змог лётаць па кватэры, усаджваючыся на форткі вокнаў. Як хацелася яму сказаць: "Дзякуй, хлопчык, за клопат! Ты вельмі дапамог мне!" Паўлiк падстаўляў далонь, і Шпак садзіўся на яе, чапляючыся цёплымі лапкамі і стараючыся не абдзерцi сваімі кіпцікамі руку хлопчыка. Яны глядзелі адзін на аднаго, і ім было добра разам, бо яны сталі сябрамі!
     Нарэшце, прыйшла вясна. Сышоў снег, і на дрэвах зазелянела лістота. Як жа тут уседзець дома! Як ні шкада было Паўлiку адпускаць свайго сябра, ён зрабіў гэта. З дапамогай таты хлопчык змайстраваў шпакоўню і павесіў яе на вялікае дрэва ў двары.
     – Ляці, дружа! Вось для цябе новая хата! – сказаў ён, выпускаючы птушку на волю.
     Шпак абляцеў вакол двара і ўсеўся на галінку. Як нязвыкла яму было ўсё гэта пасля зімоўкі ў кватэры Паўлiка. Але неўзабаве Шпак заўважыў галубоў. Яны падляцелі да яго самога. Пазналі свайго сябра!
     – Ты жывы! Паправiўся!
     – Мы рады цябе бачыць!
     – Глядзі! Наш дом адрамантавалі! І мы зноў жывём на гарышчы!
     – Прылятай да нас у госці! У нас там добра!
     Шпак глядзеў на галубоў і ківаў ім сваёй галоўкай. Ён быў удзячны птушкам і людзям за тое, што яны выратавалі яго. Цяпер ён паселіцца ў шпакоўні і будзе жыць там да восені. Напэўна, Шпак знойдзе сабе сяброўку, і ў іх народзяцца дзеці – маленькія шпачаняты. Увосень уся яго сям'я паляціць на поўдзень, каб перазімаваць там. А ўвесну Шпак ізноў вернецца сюды, у гэты двор, к Паўлiку і галубам, якія сталі для яго роднымі.
     
     Гэтая казка на рускай мове
9.12.11