Мілая мая бярозка (апавяданне)
Бярозанька маладзенькая,
Быццам дзяўчынка маленькая,
Тонкія нітачкі-косы вісяць,
Лісцем шуршаць і святлом зіхацяць.
Тонкае дрэўца, бялюсенькі стволік,
Лепшага дрэўца не ўбачу ніколі.
Дужай расці і ўвысь падымайся,
Песні спявай ды ўсім ўсміхайся.
Я падыду да цябе на світанку.
Ты яшчэ спіш ці праснулася зранку?
Косы спляла і на свет паглядаеш,
Сонца, што толькі ўстае, сустракаеш.
Птушка ляціць, на галінку садзіцца,
Хоча сяброўствам з табой заручыцца.
Песняй чароўнай размову заводзіць.
Ты ж назіраеш, як Сонца ўсходзіць.
Зірк – прамяні ад яго паляцелі,
Стволік і косы твае абагрэлі…
Улетку, прынцэса, жыві, весяліся!
Прыйдзе зіма, спаць паціху лажыся.
Калі вясною покаўкі ў бярозкі набрыняюць, а ствол перапаўняецца празрыстым і чыстым як сляза сокам, дрэва ажывае, і маладзенькія лісточкі, якія выглянулі з покавак, радасна глядзяць на свет, быццам кураняты, што вылупіліся з яек. Яны хутка растуць, шамацяць і нясмела трапечуць, пазiраючы вакол сябе – такія маладзенькія, ліпкія, пахкія. Белая бярозка ў гэты час выглядае незвычайнай прыгажуняй, нібы стройная дзяўчына ў зялёным бліскучым шаўковым уборы. Ёй прыемна дыхаць свежым вясновым паветрам, сагравацца ў цёплых прамянях яркага сонейка, спаталяць смагу халаднаватай вільгаццю зямлі і са задавальненнем слухаць радасны спеў птушак, якія вярнуліся з поўдня на родную зямлю. Але вось ужо лісце ў бярозкі выраслі, абветрыліся і пацямнелі, насычыўшыся сонечным святлом і цяплом, яе вясновыя “завушніцы” абсыпаліся. Улетку бярозка падобная на сталую жанчыну, якая спазнала ўсё хараство жыцця. Яна умываецца пад струменямі моцных ліўняў і навальніц, трохі пакутуе ад гарачых сонечных прамянёў. Аднак гэта не бяда, бо цяпер лета, i таму ёй цёпла і добра. Жыццё бярозкі ў гэтую пару года мернае і спакойнае.
Непрыкметна надыходзіць восень. Пачынаюцца халады і знясільваючыя восеньскія дажджы. Бедная бярозка ўжо не падобная на нядаўнюю прыгажуню. Вецер абтрапаў яе галінкі-косы, сарваў пажоўклае лісце, дождж прамачыў ледзяной вадой яе тонкую гнуткую постаць…
Такая крохкая на выгляд, белая бярозка вытрымае і восеньскі дождж і зімовы мароз. Яна жывучая і цярплівая, таму з жалезным спакоем будзе чакаць вясну, бачыць яе ў сваіх доўгіх зімовых снах і абавязкова дачакаецца цяпла, каб ізноў ажыць і ўсцешыцца незвычайна цудоўным жыццём на Зямлі.
p.s. Малюнак вядомай беларускай мастачкі Наталлі Расолька
Гэты аповед на рускай мове
5.12.11