Цёплыя пакрывалы Вясны (чытае аўтар)
Неяк халодным зімовым вечарам бабуля Вера расказвала свайму ўнуку Мiкiтку казкі. – Бабуля! Раскажы лепш, як прыходзіць Вясна! – папрасiў яе ўнук.
– Вясновае цяпло прыносяць да нас пералётныя птушкі ў сваіх дзюбах, – адказала бабуля.
– Як гэта ў дзюбах? – здзівіўся Мікітка.
– А ўсё вельмі проста. Птушкі ляцяць з цёплых краёў і нясуць з сабой лёгкае і вельмі цёплае паветранае пакрывала, якое дае ім Вясна. Цёплае паветра ўкрывае зямлю, і яна адтае ад снегу. На зямлі пачынае рунець трава, і вырастаюць яркія вясновыя кветкі.
"Паветранае пакрывала? Як цікава!" – падумаў Мікітка. Ён вырашыў, што абавязкова паглядзіць, як птушкі прынясуць гэтае незвычайнае пакрывала і ўкроюць ім зямлю.
Надышоў першы вясновы месяц сакавік. Мікітка, гуляючы ў двары, часта пазіраў на неба, ці не ляціць там птушыная чарада. Але толькі вераб'і цвыркалі ля яго ног, ды сiнiцы звінелі на дрэвах у садзе.
"Відаць усё прыдумала бабуля, – засмучаўся хлопчык. – Нічога такога на свеце не бывае. Усё гэта толькі казка". Але ён ўсё-такі крыкнуў на ўвесь двор:
– Вясна! Чаму не прылятаюць да нас твае птушкі з цёплым паветраным пакрывалам? Ужо пара!
Дзіўна, але Вясна, якая была ў гэты час на Поўдні, вельмі далёка ад хлопчыка, пачула яго словы. Яна вынесла са сваёй хаты тонкае паветранае светла-зялёнае пакрывала і пусціла яго па ветры. Потым Вясна ўзмахнула рукой, а чарада чорных гракоў тут жа падхапіла яго сваімі тонкімі дзюбамі і панесла на Поўнач у тое месца, дзе жыў Мікітка.
Першае вясновае пакрывала аказалася вельмі прыгожым. Яно было цалкам павышыванае цудоўнымі блакітнымі пралескамі і белымі ландышамі. Прайшло толькі некалькі дзён, а Мікітка не пазнаваў свой двор. Снег пачаў раставаць, і хлопчык нават змог пастаяць на цёплым пагорку, дзе ўжо пачала прабівацца з цёмнай мокрай зямлі маладая зялёная траўка.
–Ура! Я паклікаў Вясну, і яна пачула мяне, – цешыўся Мікітка, бачачы як жвавыя гракі і шпакі скачуць па адталых кавалачках зямлі.
А потым і ўся зямля ажыла. На ёй распусціліся першыя вельмі далікатныя блакітныя і белыя кветачкі. Мікітка, гуляючы ў двары, нават чуў, як курлыкалі жураўлі, пралятаючы ўздоўж яго вёскі да лесу, а раніцай у чыстым небе заспяваў жаўрук.
Але гэта было толькі першае вясновае цяпло. Неўзабаве Вясна аддала буслам яшчэ адно больш цёплае паветранае пакрывала. Птушкі ўзмахнулі сваімі вялікімі белымі крыламі і панеслі яго на Поўнач.
Другое вясновае пакрывала было незвычайна прыгожым і яркім, павышываным залатымі дзьмухаўцамі, рознакаляровымі фіялкамі і блакітнымі незабудкамі. Мікітка, вядома ж, не мог не заўважыць, што стала яшчэ цяплей. У паветры закруціліся матылькі і мушкі, загудзелі пчолы і чмялі, а на маладзенькай зялёнай траўцы па абочынах дарог і на палянках выраслі і распусціліся сотні галовак ярка-жоўтых пухнатых дзьмухаўцоў і іншых вясновых палявых кветак.
Настаў апошні вясновы месяц май. Вясна вынесла са сваёй хаты трэцяе самае прыгожае і цёплае паветранае пакрывала і аддала яго маленькім ластаўкам. Вялікая чарада чарнакрылых птушачак панесла гэтае цудоўнае пакрывала, павышыванае мільёнамі белых і ружовых духмяных кветак, на Поўнач да хаты Мікіткi.
Вельмі хутка, як у чарадзейнай казцы, усе сады ў вёсцы расцвілі. Дрэвы стаялі, як прынцэсы, у бела-ружовых адзеннях. А пералётныя птушкі, магчыма па загадзе Вясны, зрабiлі хлопчыку яшчэ адзін падарунак. Пад дахам павецi ў яго двары кемлівыя ластаўкі звілі сабе ўтульнае гняздзечка, а зверху, на даху ў вялікім гняздзе, пасялілася сям'я белых даўганогіх буслоў.
Цяпер нават вечары ў вёсцы сталі па-сапраўднаму цёплымі. Вось і бабуля Мікіткi, замарыўшыся ад сваіх спраў па хаце і ў гародзе, прысела адпачыць на лавачцы ля ганка. Мікітка паглядзеў у неба, як круцяцца над яго вёскай буслы, потым зірнуў на бабулю і падумаў: "Сапраўды казала бабуля, што пералётныя птушкі прыносяць нам з Поўдня цяпло і ўкрываюць ім зямлю".
Ой, ты мая мілая, птушка светлакрылая,
Як перамяніла ты свет увесь адна!
Ой, ты мая мілая, птушка светлакрылая,
Хай жа вечнай станецца нашая Вясна!
(песня. Верш У.Карызны, муз. В.Шыкавец, ісп. Я.Науменка)
Гэтая казка на рускай мове
2.12.11