Васілёк і Васіліса - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Васілёк і Васіліса
Васілёк і Васіліса
Жылі-былі ў адным каралеўстве кароль, каралева і іх дачка, Прынцэса Васіліса. Дзяўчынка была вельмi прыгожая, позірк яе нябесна-сініх вачэй зачароўваў, а меладычныя гукі мяккага голасу лашчылі слых усякага, хто сустракаўся з ёю. Але ў Прынцэсы быў адзін вялікі недахоп – яна была неверагодна капрызная! Васіліса жадала, каб усе вакол беспярэчна яе слухалicя. Гэта выглядае смешна, але нават надвор'е яна спрабавала змяняць па сваім меркаванні. Як вы разумееце, гэта ў яе не заўсёды атрымоўвалася.      Кожнаму ў палацы даводзілася не салодка з гэтай капрызуляй. То кухар ёй не дагадзіў – спёк занадта салодкі пірог, то настаўнік матэматыкі задаў вельмі цяжкую задачу, то краўчыха дрэнна пашыла новую сукенку. Гэтая маленькая распешчаная асоба магла ўраз сапсаваць настрой каму хочаш. Нават маці з бацькам не ведалі, як жа абразуміць сваё каханае дзіця! А дапамог ім гэта зрабіць адзін выпадак.
     Захацелася Васілісе павандраваць па беламу свету. Развіталася яна з бацечкам і з матухнай, узяла з сабой некалькі слуг, села ў карэту і адправілася ў дарогу. Аднак дзяўчынка была дапытлівай і гарэзлiвай, таму доўга сядзець у карэце яна не магла. Даволі часта Васіліса выскоквала з карэты і ішла пяшком, з цікавасцю разглядаючы ўсё навокал. Ад доўгай хадзьбы яе туфлікi хутка знасіліся. А дзе ж узяць новыя?
     Заехалі яны ў найбліжэйшую вёску і сталі шукаць шаўца. На шчасце, неўзабаве такі шавец знайшоўся. Ім аказаўся малады вельмі прыгожы сінявокі хлопец. Прынцэса паглядзела на яго і адразу закахалася. Але паказваць шаўцу сваё каханне ёй, Прынцэсе, здавалася непрыстойна, і вырашыла капрызуля памучыць небараку. Пасля таго, як ён сшыў ёй такія дзівосныя боцікі, ад якіх яна не магла адарваць вачэй і тут жа абула на свае маленькія ножкі, Прынцэса ўсё-такі сказала майстру:
     – Калі ты за тры днi і тры ночы сшыеш такія ж боцікі ўсім звяркам, птушачкам і вусеням таго лесу, міма якога я праязджала, то паедзеш са мной у маё Каралеўства і станеш прыдворным шаўцом.
     – Не, я не згодзен, – адказаў шавец. – Я абую ў боцікі ўсіх лясных жыхароў, але пасля гэтага сам вырашу, што мне рабіць далей!
     – Добра, – пагадзілася Васіліса.
     Яна не паверыла таму, што шавец зможа сшыць такія боцікі. Абуць усіх звяркоў, птушачак і нават вусеняў ёй здавалася неверагодным. Але прынцэса не ведала, што за гэтым дзіўным чалавекам хаваўся ніхто iншы, як малады Кароль знакамітага чароўнага ляснога Каралеўства.
     Жыхары лесу, вядома ж, ведалі пра гэта. Ніхто з іх не здзівіўся, калі роўна праз тры днi і тры ночы ўсе ў лесе абуліся ў выдатныя новенькія боцікі. Нават вусень Сараканожка стаў падобны на важнага гаспадара ў iзумрудных боціках на ўсіх сваіх шматлікіх ножках.
     Малады Кароль змог зрабіць гэта маленькае чараўніцтва, бо ён вельмі добра ведаў усіх, хто жыў у яго лясным Каралеўстве, і сябраваў літаральна з усімі. Кароль даручыў лясным шаўцам сшыць боцікі. А тыя адразу ж дружна ўзяліся за работу і выканалі яе ў тэрмін.
     Прынцэса была настолькі здзіўлена тым, што ў шаўца ўсё так хутка і добра атрымалася, што не ўтрымалася, каб не спытаць у Сараканожкі:
     – Хто ж ён, гэты малады чалавек?
     – Гэта наш гаспадар, Кароль нашага ляснога Каралеўства! Мы яго вельмі любiм! – адказаў Вусень. – Ён зрабіў для нас столькі дабра!
     – Як жа цябе завуць? – спытала Васіліса ў шаўца.
     – Васілёк, – адказаў Кароль.
     – А я – Васіліса! – усміхнулася Прынцэса.
     З таго часу гэтыя мілыя маладыя людзі ўжо ніколі не разлучаліся. А капрызуля Васіліса, пакахаўшы свайго цудоўнага і вельмі добрага Васілька, як і ён, стала імкнуцца рабіць добрыя справы.
     І разнеслася слава па Зямлi пра выдатных маладых людзей, Васілька і Васілісу. А палявыя кветкі дзіўнага сіняга колеру, такога, якім быў колер вачэй закаханых, з той пары пачалi называць Васількамі.
     
     Гэтая казка на рускай мове
5.11.11