Лябёдка (чытае аўтар)
Дзяўчынка Надзя ўсю зіму вышывала на пяльцах цудоўную птушку. Яна сама прыдумала яе вобраз. Намалявала спачатку на паперы, потым перанесла на вышыўку. У птушкі былі вялікія крылы, як у жураўля, прыгожая галоўка на тонкай шыйцы і разумныя вочы. Кожны дзень рукадзелле Надзi прасоўвалася на некалькі шыўкоў наперад, і да канца зімы дзяўчынка амаль што скончыла сваю работу. Паказала птушку матулi з бабуляй. Яе пахвалілі, ды і было завошта. Птушка ў Надзі атрымлiвалася прыгожая, з вялікімі белымі крыламі і трошкі чароўная. Надзя гладзіла яе па галоўцы, прыгаворваючы: – Мая Лябёдка, мая прыгажуня, мая разумніца! Я цябе люблю!
Дзяўчынка ставіла пяльцы са сваiм рукадзеллем каля акна так, каб яе птушачка магла паглядзець у акно, і iшла ў школу. А Лябёдка і сапраўды паглядала туды. Там, за акном, больш святла, і сонейка ўжо прыгравае.
Да сярэдзіны вясны Надзя скончыла вышыванне. Яна знасіла рукадзелле ў школу і паказала аднакласнікам. Дзяўчынкі краналі Лябёдку сваімі пальчыкамі. "І я, і я, і я такую вышыю!" – шапталі яны, захоплена гледзячы на Надзiну работу. А Надзя радасна ўсміхалася.
Ну, вось і ўсё. Птушачка аблашчаная ўсімі, ізноў апынулася ля акна і ўжо надоўга. Надзя не забылася пра яе, не, проста занялася іншымі справамі і не так часта падыходзіла да сваёй Лябёдкі. А тая засумавала. Ёй так захацелася стаць жывой, каб лётаць там, дзе лётаюць сапраўдныя птушкі!
І здарыўся цуд! Аднойчы Лябёдка рванулася ў бок акна і адарвалася ад Надзiных пяльцаў. А потым паляцела ў акно на волю. Прысела на галінку дрэва. Агледзелася. Навокал так прыгожа! Цёплае паветра абдзімае яе крылы і галоўку, птушкі спяваюць, трашчаць, ціўкаюць на дрэвах у садзе. Глядзяць яны на незвычайную госцю. Хто такая, адкуль узялася, не ведаюць.
– Як цябе завуць? – запыталіся птушкі.
– Лябёдка.
– Адкуль ты ўзялася?
– Я Надзiна. Яна мяне вышыла.
– Так паляцелі з намі. Мы навучым цябе спяваць песні!
Вясёлая чарада ластавак спырхнула з галінак, і Лябёдка паляцела разам з імі. Вось ляцяць яны у небе, а Сонейка назірае.
– Што гэта за птушачка з вамі? – пытаецца яно ў ластавак.
– Гэта Лябёдка.
– Але ж яна не з вашай чарады. Яна не такая, як вы. Вы чарнакрылыя, а ў яе вунь якія вялізныя белыя крылы! Я ведаю, дзе жывуць такія птушкі. Ляціце на Паўднёвы Ўсход, за той лес, што ў далечынi, і адвядзіце яе туды.
– Добра, – паабяцалі ластаўкі і паляцелі туды, куды паказала ім Сонейка. А там чарада белакрылых птушак адразу ж прызнала Лябёдку за сваю і прыняла да сябе.
Вярнуўшыся дахаты, Надзя заўважыла прапажу сваёй Лябёдкі, горка заплакала і пайшла шукаць яе ў двор. Ходзіць дзяўчынка па вёсцы, шукае, але няма нідзе яе мілай птушачкі. Толькі бачыць, ляціць чарада белакрылых птушак. А ў сярэдзіне – птушачка, якраз як яе Лябёдка!
– Лябёдка мая, ці ты гэта? – крыкнула Надзя.
– Так, мая спадарыня! – адазвалася птушка.
– Ах, і прыгожая ж ты стала! – усклікнула Надзя, убачыўшы, як яе птушачка грацыёзна ляціць, плаўна ўзмахваючы белымі крыламі.
Лябёдка абляцела вакол дзяўчынкі і пяшчотна праспявала:
– Не журыся, мая дарагая спадарыня! Я ніколі не забудуся на цябе і буду абавязкова прылятаць у госці!
Белакрылая птушка яшчэ некалькi разоў абляцела вакол дзяўчынкі і паляцела за птушынай чарадой. А Надзя яшчэ доўга глядзела птушкам ўслед. Ёй было трохi сумна. Але усё ж, яна разумела – гэта цудоўна, што Лябёдка цяпер лётае па небе і жыве разам з сапраўднымі птушкамі.
– Ёй там будзе добра! – думала Надзя і радасна ўсміхалася.
Гэтая казка на рускай мове
12.10.11