Святая Музыка (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Святая Музыка (чытае Ліка Пташук)
Святая Музыка (чытае Ліка Пташук)
     
Самае Чароўнае, што толькі ёсць у жыцці – Музыка. Адкуль Вы, чароўныя гукі? Чаму так глыбока пранікаеце ў душу? Музыка зачароўвае і кранае сэрцы не толькі людзей. Яе любяць птушкі, жывёлы. Яна – сродак зносін і паразумення. Увесь свет напоўнены Музыкай. Яна пранікае ў самыя далёкія куткі Сусвету. Музыка бязмежная і неабсяжная, як радасць і шчасце…      Жылі-былі дзве сяброўкі – ласкавыя, пяшчотныя і адданыя. І звалі іх Скрыпачка і Віяланчэль. Яны падарожнічалі па свеце, смяяліся і плакалі, цешыліся і смуткавалі. І заўсёды ўсяго ў іх было пароўну. Яны дзялілі свае пачуцці напалову і ва ўсім падтрымлівалі адна адну. І ад гэтага іх жыццё было вельмі гарманічным і шчаслівым. Іх песні, кранальныя і пяшчотныя, бясконца шчырыя і прыгожыя слухаў ўвесь Белы Свет, яны пранікалі ў самыя патаемныя куткі яго душы. Часам Свет чуў у галасах сябровак сумныя ноткі, і тады ён таксама журыўся разам з імі. Часам іх галасы былі задуменныя і спакойныя. Свет, прыслухоўваючыся да іх, станавіўся такім жа спакойным і разважлівым. А калі песні сябровак напаўняліся запалам і весялосцю, увесь Свет радаваўся і цешыўся ад шчасця…
     Што ёсць Музыка?
     Яна – самы хуткі і дзейсны сродак уздзеяння на наш настрой і самаадчуванне. Мабыць, кожны ўспрымае яе па-свойму, у душу кожнага яна прыўносіць нейкія асабістыя адценні. І ў кожнага з нас ёсць свая любімая Музыка, як самы гарманічны стан нашай душы.
     
     Гэтая гісторыя здарылася вельмі даўно. Тады, калі вада ў рэках і азёрах была яшчэ зусім празрыстая, паветра свежае і чыстае, а ў лесе раслі велізарныя сосны і елі. У рэках вадзілася мноства ўсякай рыбы, у лясах – розных звяроў і птушак.
     І людзі тады былі не зусім такія, як цяпер. Усе, адзін у адзін, высокія прыгожыя і моцныя. Але жыццё ў іх было не зусім салодкае. Працавалі людзі з ранку да ночы, каб прахарчавацца і апрануцца. У полі сеялі пшаніцу, жыта, бульбу і розную гародніну. У рэках лавілі рыбу, хадзiлi ў лес на паляванне. На лугах пасвілі кароў і коз. Былі ў людзей і хатнія жывёлы – сабакі ды каты. Працавітыя гаспадары будавалі сабе драўляныя хаты, нараджалі і гадавалі дзетак.
     Але хацелася людзям чаго-небудзь для душы. Бачыў Бог, што трэба неяк усіх падбадзёрыць, вось і надумаў Ён падарыць людзям Музыку. Яе тады яшчэ ніхто не чуў і нічога аб ёй не ведаў. Ні тэлевізараў, ні радыё, ні музычных iнструментаў у людзей у той час не было, ды і спяваць іх ніхто не навучыў…
     Аднойчы нарадзіўся ў адной сям'і хлопчык. Назвалі яго Святаслаў. Светлавалосы, з вялікімі, як азёры, блакітнымі вачамі ён рос добрым і паслухмяным. Гэты хлопчык адрозніваўся ад усіх тым, што разумеў музыку прыроды. Ён адчуваў, аб чым спявае ручай, прыслухоўваўся да кропляй дажджу, калі яны iгралі звонкую прыгожую мелодыю. У гуках ветру, у плёскаце хваль, у шэпце лістоты і нават у мурлыканнi кошачкi – усюды Святаслаў знаходзіў непаўторную мелодыю.
     I вось аднойчы у душы хлапчука загучала Музыка, створаная ім самім! Як быццам хтосьці з нябёсаў падказаў яму, як змайстраваць дудку. А простая дудка ў руках майстра ператварылася ў чароўную флейту, з якой паліліся прыгожыя музычныя гукі. Усе жыхары вёскі, дзе жыў Святаслаў, прыходзілі да яго, каб паслухаць яго цудоўную Музыку. Іх усхваляваныя душы напаўняліся ёю да краёў. Неўзабаве, сяляне пачалі падпяваць хлопцу, і нават навучыліся складаць словы да мелодый.
     А Святаслаў пайшоў па свеце дарыць Музыку сваёй душы іншым людзям. Ён ішоў па дарозе, і ў яго галаве нараджаліся ўсе новыя і новыя мелодыі. Гаворка пра чараўніка, які нясе ўсім Музыку ад Бога, панеслася па ўсёй Зямлі. Людзі з хваляваннем услухоўваліся ў гукі цудоўнай флейты. Пачуццё незямной райскай асалоды напаўняла іх душы.
     Аднойчы хлопчык ішоў праз лес. А звяры і птушкі ўжо празналі пра чараўніка і яго Музыку і сталі прасіць хлопчыка навучыць іх спяваць. Але Святаслаў пагадзіўся абучыць гэтаму майстэрству толькі птушак, таму што ў іх вельмі звонкія галасы. Ён сеў на лужку, а птушкі ўселіся на дрэвах вакол яго. Як толькі хлопчык дастаў сваю чароўную флейту і зайграў, па лесу палілася пяшчотная, вельмі прыгожая мелодыя. Птушкі з хваляваннем слухалі яе і раптам самі пачалі спяваць! Але песня ў кожнай птушкі атрымлівалася свая, асабістая, бо кожны разумее мелодыю па-свойму. І толькі адна маленькая птушачка сядзела вельмі ціха і маўчала. Святаслаў скончыў iграць. Ён слухаў, як спявалі птушкі, і быў рады, што навучыў іх гэтаму.
     – Але чаму ж ты адзін не пяеш? – спытаў ён у птушачкі. – Табе не спадабалася, як я iграў?
     – Не, – адказала птушка. – Я чую СВЯТУЮ МУЗЫКУ і не магу яе спяваць, седзячы на дрэве. Яе трэба спяваць высока ў небе, там, дзе жыве БОГ!
     Сказаўшы гэта, Жаўрук узляцеў высока-высока ў неба, і па ўсёй Зямлі паліліся пяшчотныя гукі яго голасу.
     – Вельмі добра! Цяпер у вас ёсць нябесны спявак, – сказаў хлопчык птушкам і адправіўся далей у дарогу…
     Вось такая дзiўная гісторыя здарылася ў старадаўнія часы. А дзе ж тая нябесная Музыка, што падарыў людзям Бог, яна знікла? Вядома, не. Цудоўная Музыка ніколі не зможа знікнуць з нашага жыцця. Нішто так, як яна, не лечыць нашу душу і не напаўняе яе дабрынёй, светлай радасцю любовi і шчасця.
     
     Малюнак Насці Балыш
     
     Гэтая казка на рускай мове
19.08.11