Мой Дом як Карабель! (чытае аўтар)
Жыў на свеце адзін слаўны чалавек. Па прафесіі ён быў архітэктар, праектаваў дамы для свайго роднага горада. Яны ў яго атрымліваліся добрыя – трывалыя і прыгожыя. Навасельцы былі задаволены сваімі прасторнымі і зручнымі кватэрамі ў гэтых дамах. Усе хвалілі Архітэктара і будаўнікоў за іх высакародную і такую патрэбную працу. Аднак, сам стары Архітэктар быў не задаволены сабой.
З дзяцінства ён марыў пра іншае. Часта ўначы яму снілася, быццам па рацэ плыве белы Карабель, вялікі і вельмі прыгожы. Архітэктар уяўляў сабе гэты Карабель увесь – да апошняга цвічка і дошчачкі! Так хацеў ён яго сканструяваць і пабудаваць! На жаль, гэта здавалася немагчымым, бо ў горадзе, дзе жыў Архітэктар, не было суднаходнай ракі, таму і караблёў не было таксама. Праўда, праз цэнтр горада працякала Рака, аднак яна даўно абмялела. Вялікія караблі па ёй не хадзілі.Архітэктар быў стары і разумеў, што ў жыцці яму ўжо засталося спраектаваць не так многа дамоў. І ўсё ж такі пашчасціла гэтаму мудраму чалавеку спраектаваць і кіраваць пабудовай цудоўнага жылога дома, вельмі падобнага на вялізны белы Карабель! А месца для будаўніцтва дома спецыяльна было абрана ў цэнтры горада, на беразе Ракі.
Доўгі шматпавярховы з завостраным носам белы Дом людзі мімаволі параўноўвалі з белым Караблём. Сам новы Дом на працягу ўсяго часу, пакуль яго будавалі, чуў гутаркі пра караблі, пра Раку і быў упэўнены, што ён і ёсць сапраўдны Карабель.
– Чаму ж тады ў мяне няма ні капітана, ні лоцмана, і ніхто не выводзіць мяне ў плаванне? – разважаў Дом-Карабель.
Неяк у ціхую летняю ноч ён спытаў пра гэта ў Ракі, на беразе якой стаяў.
– Не ведаю, – адказала яна. – Калі ты Карабель, то напэўна змог бы паплыць па маёй вадзе, і я б дапамагла табе ў гэтым.
Але асцярожны Карабель вырашыў яшчэ спытаць парады ў Месяца. Той жыве высока ў небе, бачыць і разумее пэўна больш, чым Рака. Месяц паглядзеў на Дом і сказаў:
– Хоць ты і не зусім такі, як сапраўдныя караблі, якія я бачыў у рэках, морах і акіянах, але, ўсё ж, вельмі падобны на іх і можаш паспрабаваць паплаваць. Няхай Рака дапаможа табе спусціцца з берага ў ваду, а я паспрабую добра асвятліць яе.
І вось з дапамогай Месяца і Ракі Дом паціху споўз у ваду і … паплыў! Ён плыў і глядзеў па баках на берагі Ракі. Яму было так прыемна плыць па вадзе, быццам слізгацца па чамусьцi гладкаму і халаднаватаму! А Месяц у гэтую бязвоблачную ноч стаў яго правадыром і капітанам. Ён слаў па Рацэ сваю светлавую дарожку, як бы пракладаючы Караблю шлях.
Людзі, якія жылі ў Доме-Карабелі, ужо даўно спалі і не ведалі, што робiцца за сценамі іх утульных кватэр. Толькі адзін маленькі Хлопчык не спаў. Ён выпадкова прачнуўся, зазірнуў у акно, убачыў, што яго Дом плыве па Рацэ, і ўсё зразумеў. Хлопчык даўно чакаў, калі адбудзецца гэтае падарожжа, бо па яго меркаванні гэты Дом быў сапраўдным Караблём!
Самым цудоўным аказалася тое, што і Архітэктар, прагульваючыся па беразе начной Ракi, ўбачыў, як яго Дом плыве па вадзе.
– Не, гэта не сон! Мой Дом плыве! Значыць, ён сапраўдны Карабель, і я спраектаваў яго правільна! – усклiкнуў стары.
Усю ноч Дом-Карабель падарожнічаў па Рацэ, а ранiцай прыплыў назад і стаў на сваё ранейшае месца. Ніхто з яго дарослых жыхароў нічога не заўважыў. Толькі Рака, Месяц, маленькі Хлопчык і стары Архітэктар сталі сведкамі цуду, якое здзейснілася ў тую незвычайную ноч...
Кажуць, што калі чагосьці вельмі жадаеш ці пра што моцна марыш, то гэта абавязкова збудзецца, бо як жа можа не здзейсніцца твая самая запаветная і добрая мара!
p.s. фото автора сказки. Набережная реки Свислочь в г. Минске
Гэтая казка на рускай мове
9.08.11