Вясновы вальс (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вясновы вальс (чытае Ліка Пташук)
Вясновы вальс (чытае Ліка Пташук)
     Па-над белым пухам вішняў,
     Быццам сіні аганёк,
     Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
     Сінякрылы матылёк.
     
     Навакол усё паветра
     Ў струнах сэрца залатых, -
     Ён дрыжачымі крыламі
     Звоніць ледзьве чутна ў іх.
     
     І ліецца хваляй песня, -
     Ціхі, ясны гімн вясне.
     Ці не сэрца напявае,
     Навявае яго мне?
     
     Ці не вецер гэта звонкі
     Ў тонкіх зёлках шапаціць?
     Або мо сухі, высокі
     Ля ракі чарот шуміць?
     
     Не паняць таго ніколі,
     Не разведаць, не спазнаць:
     Не дадуць мне думак зыкі,
     Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
     
     Песня рвецца і ліецца
     На раздольны, вольны свет.
     Але хто яе пачуе?
     Можа, толькі сам паэт.
     
     (Маёвая песня. Словы М.Багдановіча, муз. І.Паліводы)
     
     https://www.youtube.com/watch?v=BaAMACVu4ig
     
     https://soundcloud.com/tuzinhitou/1992a
     
     
Надышла вясна. На лясным лужку вырасла зялёная трава, і зацвiлі рознакаляровыя палявыя кветкі. Іх далікатны духмяны пах адчулі пчолы, мушкі і нават матылькі.      Маленькі серабрысты Матылёк лётаў над лужком, з асалодай удыхаючы прыемны кветкавы водар, які ўздымаўся ад зямлі. У яго быў цудоўны вясновы настрой, і Матылёк нават адчуў гучанне Ветра, які абдзімаў яго крылцы. Раптам аднекуль да яго данеслася музыка, у якой ён інтуітыўна ўлавіў нешта вельмі знаёмае. "Ды гэта ж Вальс!" – здагадаўся Матылёк. Мелодыя Вальса была настолькі прыгожая і пяшчотная, што ў Матылька ад асалоды нават прабеглі мурашкі па спіне. Ён так расчуліўся, што не змог стрымаць велізарнае жаданне танцаваць – і… закруціўся ў рытме Вальса. У галаве памутнела, і небарака наляцеў на дрэва. Злёгку ўчапіўшыся за ствол, ён прысеў на галінку і злучыў свае стомленыя крылцы. Вусень, які выпадкова аказаўся на дрэве, пацікавіўся:
     – Што з табой здарылася, Матылёк?
     – Ты ведаеш,– адказаў той, – я толькі што танцаваў пад цудоўную мелодыю Вальса. Такой прыгожай музыкі я раней ніколі не чуў. Мне так хочацца патанцаваць пад яе яшчэ раз! Паляцім са мной, Вусень! Ты адчуеш штосьці незвычайна цудоўнае!
     – Што ты, Матылёк!– збянтэжыўся Вусень. – Я не ўмею танцаваць. Апрача таго я ніколі не чуў, як гучыць Вальс, і мне гэта зусім не патрэбна. Тут, на дрэве, спакайней і прыемней.
     Шкада стала Матыльку, што Вусень не жадае пачуць і зразумець тую выдатную мелодыю, якую адчуў ён. Каб не пераконваць гэтага непаваротлівага дамаседа, Матылёк пырхнуў ад яго далей. Рассякаючы сваімі далікатнымі крылцамі цёплае вясновае паветра, ён ізноў пачуў тую ж цудоўную мелодыю Вальса і закруціўся ў танцы яшчэ хутчэй і з большай асалодай, чым раней!
     Праз нейкі час, задыхаўшыся, маленькі Матылёк зноў вырашыў адпачыць i прысеў на жоўтую галоўку Дзьмухаўца.
     – Ты чуў мелодыю Вальса? – спытаў ён у кветкі.
     – Не, – адказваў Дзьмухавец. – Я расту на зямлі, і да мяне не далятае такая музыка. Ды яна мне і не патрэбна. Я больш люблю мелодыю дажджу, які поіць мяне вадой.
     Крыўдна стала Матыльку, што і Дзьмухавец не зразумеў яго, і ён паляцеў далей. Так і пырхаў Матылёк у адзіноце над зялёным лужком, глыбока ўдыхаючы яго вясновы пах. Ён з задавальненнем танчыў свой чароўны танец – кружыўся і кружыўся ў рытме Вальса, нікога і нічога не заўважаючы, пакуль на штосьці не натыкнуўся. Агледзеўшыся, Матылёк убачыў побач Дзяўчынку-Матылька з вялікімі карымі вачыма і залатымі крылцамі. Яна кружылася, як зачараваная, штосьці паціху напяваючы і гледзячы на яго блiскучым позіркам.
     – Ты што таксама танцуеш гэты вальс? – спытаў ён у незнаёмкі.
     – Так,– адказвала яна.
     – І чуеш гэтую дзіўную мелодыю?
     – Вядома!
     Ад радасці, што, нарэшце, ён знайшоў таго, хто разумее яго, Матылёк яшчэ хутчэй замахаў сваімі крылцамі і закружыўся, ствараючы неймаверныя "па" вакол сваёй партнёркі.
     Вось так яны і пырхалі над каляровым лужком, быццам звар'яцеўшыя ад прыдуманай імі самімі незвычайна цудоўнай мелодыі вясновага Вальса. А Ветрык, гледзячы на шчаслівы танец, паціху дзьмухаў на маленькія крылцы матылькоў.
     Так, так! Ён вельмі стараўся патрапіць у рытм Іх Вальса!
     
     Малюнак Насці Балыш
     
      Гэтая казка на рускай мове
21.07.11