Сунічныя цуды (чытае аўтар)
Вельмі добрая і працавітая Мышка жыла ў хатцы на лясной палянцы. Яе хатка стаяла каля маладой бярозкі. А вакол хаткі быў сапраўдны кветнік – мышыны сад. Мышка даглядала кветкі – палола, палівала. У падзяку клапатлівай гаспадыні яны заўсёды былі вельмі прыгожыя і свежыя.
Пад вечар Мышка любiла назіраць у небе за зоркамі з акенца сваёй хаткі ці седзячы на лаўцы каля ганка. А светлячкі, закахаўшыся ў Мышку, кожны дзень патрошку асвятлялі ўвесь яе садок і падсвечвалі сцены хаткі. Таму мышынае "царства" было цудоўным і найпрыгажэйшым.Але была ў гаспадыні адна турбота. Пасярод яе кветніка размясцілася доўгая градка з клубнiцамі. Увесну клубнiцы адцвiлі, і завязаліся ягадкі. Яны выраслі і сталі сакавітымі, а чырванець ніяк не збіраліся. Мышка добра разумела, што зялёныя клубнiцы есцi нельга. Але як жа іх афарбаваць у чырвоны колер?
Сядзела неяк Мышка ў сваiм клубнічнiку і гаравала:
– Я вас гляджу, палю, падкормліваю, паліваю, а вы ніяк не паспееце, – жалілася яна клубнiцам.
– З-з-з… – забзыкала ля яе вуха Пчолка. – Я змагу табе дапамагчы. Вунь там, на сунiчнай палянцы, жыве Божая Кароўка. Яна афарбоўвае ягады ў чырвоны колер.
– Праўда? – абрадавалася Мышка і пабегла туды, куды паказала ёй Пчолка.
І сапраўды. Яна ўбачыла, як чырвоная ў чорную крапінку Божая Кароўка пералятала з ягадкі на ягадку. І тут жа толькі ад дакранання Божай Кароўкі зялёная сунiчка станавілася чырвонай!
– Божая Кароўка! Калі ласка, дапамажы мне афарбаваць клубніцы, што растуць ў маім садзе, у чырвоны колер, – папрасiла Мышка.
– Вядома! Я табе абавязкова дапамагу! – паабяцала Божая Кароўка і паляцела ўслед за Мышкай.
І адбыўся цуд! Неўзабаве ўсе клубнiцы ў мышыным садзе сталі ярка-чырвонага колеру.
– Вось цяпер іх ужо можна есцi, – сказала Божая Кароўка Мышцы.
– Шчыры дзякуй табе! – сказала Мышка. – Калi пажадаеш, я пачастую цябе чаем.
Мышка наліла ў маленькі сподачак смачнага салодкага чаю. А калі Божая Кароўка напілася i паляцела дадому, Мышка ўбачыла, што ўвесь блакiтны сподачак размаляваны па краях чырвонымі спелымі сунiчкамi!
Абрадавалася Мышка таму, што ў яе ўсё так добра атрымлiваецца, i весела заспявала:
Чаму ж мне ня пець,
Чаму ж не гудзець,
Калi ў маёй хатачцы
Парадак iдзець!
А далей давайце ўсе разам падпяем нашай цудоўнай працавiтай гаспадынi, Мышцы!
p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
08.06.11