«Ку-ка-рэ-ку!» (чытае Маргарыта Захарэя)
На канцы вёскі ў адной бабулі жыў малады Пеўнік. Ён быў вельмі прыгожы: даўганогі, з чырвоным грабеньчыкам і бародкай, шыкоўным рознакаляровым хвастом. Пеўнік хадзіў з ганарліва паднятай галавой і паглядаў на ўсё з пагардай. Аднак, нягледзячы на свой непрыступны выгляд, ён быў вельмі самотны. У яго не было блізкіх сяброў, ды і родных братоў у Пеўніка таксама не было.
Жыў ён у адным куратніку з курамі, якія слухаліся і паважалi яго. Але часам Пеўнік сумаваў. Пагаварыць на роўных яму не было з кім, бо куры – жанчыны, а ён – мужчына. Дзе ж знайсці сапраўдных сяброў, Пеўнік не ведаў.Аднойчы выйшаў ён са свайго двара на дарогу. Ідзе і глядзіць, раптам сустрэне каго-небудзь. Але нікога нідзе няма.
Убачыла яго Сонейка і запыталася:
– Прывітанне, Пеўнік! Каго ты шукаеш?
– Добры дзень, любае Сонейка! – адказаў той. – Я вельмі хачу знайсці сяброў. Вось толькі не ведаю дзе?
Тады Сонейка і кажа яму:
– Не турбуйся, Пеўнік! Я дапамагу табе. Устань раніцай перад маім узыходам. І як толькі я ледзь-ледзь выйду з-за гарызонту, скажы чарадзейнае слова "Ку-ка-рэ-ку". Вось тады ты і знойдзеш сяброў.
Абрадаваўся Пеўнік, падзякаваў Сонейку за добрую параду і пайшоў назад у свой двор. Назаўтра ён прачнуўся яшчэ на досвiтку, узляцеў на плот, каб усё лепш бачыць, і пачаў чакаць узыходу Сонейка. А калі яно краёчкам праменьчыка дакранулася да гарызонту, Пеўнік як закрычыць ва ўсё сваё пеўневае горла:
– Ку-ка-рэ-ку! – ды так гучна, што нават куры спалохаліся.
І тут жа на гэта чарадзейнае слова з усіх бакоў сталі адгукацца вясковыя Пеўні:
– Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку! – паўтаралі яны.
– Ах, вось яно што! – здагадаўся Пеўнік. – Значыць, я не адзін! У мяне яшчэ ёсць браты, толькі яны жывуць далёка ад мяне.
Ад радасці ён запляскаў сваімі крыламі і зноў закрычаў:
– Ку-ка-рэ-ку!
І зноў тое ж самае пачуў у адказ.
Так усю раніцу Пеўнік сядзеў і крычаў сваім братам гэта чарадзейнае слова, як бы кажучы:
– Здарова, старыя! Як пажываеце?
А яму ў адказ:
– Так, не дрэнна. А ты як?
– І я не дрэнна, – адказваў Пеўнік.
З таго часу кожны дзень перад узыходам Сонейка Пеўнік узлятае на плот і крычыць словы прывітання сваім сябрам – Пеўням. А калі ён калі-небудзь і праспіць, то суседскія Пеўні ўраз разбудзяць яго сваімі звонкімі галасамі. Вось так і жыве Пеўнік дружнай сям'ёй са сваімі братамі, вясковымі Пеўнямі.
Гэтая казка на рускай мове
01.06.11