Вялікая i Малая Мядзведзіцы (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вялікая i Малая Мядзведзіцы (чытае аўтар)
Вялікая i Малая Мядзведзіцы (чытае аўтар)
У густым лесе вельмі далёка ад людзей пасялілася сям'я бурых мядзведзяў: тата – Вялікі моцны Мядзведзь, мама – Вялікая добрая Мядзведзіца і іх вясёлая дачушка – Малая Мядзведзіца. Усё ў іх у сям'і ладзілася, і мядзведзі жылі дружна. Тата раніцай ішоў на працу ўглыб лесу і вяртаўся позна ўвечары, калі на небе ўжо свяцілі зоркі. Мама таксама шмат чаго рабіла. На ёй былі ўсе клопаты па хаце: уборка, мыццё бялiзны, гатаванне ежы, ды і маленькую дачушку трэба было гадаваць. Вялікая Мядзведзіца вельмі любiла сваё дзіцё і гатовая была рабіць усё дзеля таго, каб малая не сумавала. Матуля гуляла з дачушкай у розныя гульні, чытала ёй казкі, вадзіла на прагулкi ў лес.      Малая Мядзведзіца расла добрай дзяўчынкай, але трохі распешчанай. Часам за дзень яе матуля так стамлялася, што нават халоднай вадзіцы з калодзежа не магла дастаць. Аднойчы ўвечары, калі тата прыйшоў з лесу і ўбачыў, што ў хаце няма вады, а мама ляжыць на ложку стомленая, сказаў сваёй ужо не зусім маленькай дачцэ:
     – Ану, дачушка, прынясі мне, калі ласка, вадзіцы з калодзежа!
     Малая Мядзведзіца тут жа паслухалася і пайшла да калодзежа, якi быў у двары. Яна падняла з калодзежа напоўненае халоднай вадой вядзерца і ўбачыла ў ім незразумелыя іскрынкі! "Што гэта?" – здзівілася малая і раптам пачула жаласныя галасы, якія даносiлiся з вады:
     – Малая Мядзведзіца! Не нясі нас у хату, адпусці на волю. Мы Зорачкі, якія выпадкова сарваліся з неба і зваліліся ў калодзеж. Дастань нас з вядзерца, калі ласка!
     Малая Мядзведзіца, пачуўшы гэтыя словы, пацягнулася за Зорачкамі ў ваду, але разгледзеўшы зблізку іх цудоўныя іскрыстыя цельцы, пашкадавала раставацца з імі. "Яны такія прыгожыя! – падумала яна. – Схаваю я іх за хатай, а потым пагуляю з імі". Малая Мядзведзіца панесла вядзерца з вадой за хату і схавала яго там. А бацьку сказала, што выпадкова скінула вядро ў калодзеж. Вялікі Мядзведзь пажурыў дачушку за яе нязграбнасць, але неўзабаве яны знайшлі іншае вядзерца, і дачка тут жа прынесла яму вады.
     На другi дзень, раніцай, тата Вялікі Мядзведзь пайшоў працаваць ў лес, мама ўзялася за сваю хатнюю работу, а дачушка пабегла за хату, каб паглядзець, як там пажываюць яе Зорачкі. Зазірнула ў вядзерца – Зорачкі тут, пазіраюць на яе, пераліваюцца рознымі колерамі, але тварыкі ў іх зусім не вясёлыя. Глядзяць яны на дзяўчынку і быццам дакараюць яе за штосьцi.
     – Я яшчэ трохі пагуляю з вамі, – сказала малая, не жадаючы адпускаць Зорачкі на неба, і пабегла да мамы. Глядзіць – а тая ўжо пазбірала брудную бялізну ў кошык.
     – Дачушка! Пайшлі на рэчку. Дапаможаш мне памыць бялізну, – папрасiла Вялікая Мядзведзіца.
     – Добра! Пойдзем! – узрадавалася Малая Мядзведзіца новаму шпацыру ў лес.
     І вось бяжыць яна за мамай, а сама пра сябе думае: "А ў мяне ёсць Зорачкі! А ў мяне ёсць Зорачкі!" Але, вядома, матулі пра гэта ні слова не кажа.
     Ідуць яны праз лес. Вакол хвоі ды елкі, пад елкамі жоўкнуць шапачкі грыбоў, на палянках чырванеюць ягадкі суніц. А ў небе сонейка свеціць, і птушачкі ціўкаюць. Падышлі да рэчкі. Мама пачала сціраць бялізну, а дачушка тут жа, побач з ёй, бегае, у ваду зазірае, хоча рыбку адшукаць. Бегала-бегала, глядзіць – каля берага ў вадзе свеціцца штосьці. Прысела яна да вады, прыслухалася. І чуе ўсё тыя ж словы:
     – Малая Мядзведзіца! Адпусці нас на неба. Мы бедныя Зорачкі. Выпадкова зваліліся ў раку. Калі ласка, дапамажы нам!
     Малая Мядзведзіца, пачуўшы гэта, закрычала:
     – Матуля! Я знайшла Зорачкі! Я знайшла Зорачкі! Хадзi, дапамажы мне іх дастаць! Мы аднясём іх дахаты, я буду з імі гуляць!
     Аднак, калі мама ўбачыла маленькія іскрыстыя істоты і пачула іх жаласныя галасы, яна пашкадавала іх:
     – Не, дачушка, так нельга рабіць! Трэба абавязкова адпусціць Зорачкі на неба. Бо яны могуць загінуць!
     – Загінуць! Чаму? – здзівiлася малая.
     – А таму, што ім тут дрэнна. Зорачкі прывыклі жыць на небе. Там іх хата.
     З гэтымі словамі мама дастала ўсе Зорачкі з вады і адпусціла на волю. Тыя ж, вызваліўшыся ад вады, зазiхацелi яшчэ мацней, і, асвяціўшы неба, накіраваліся ўвышыню.
     Мама і дачка доўга назіралі за імі. А Зорачкі ўзляцелі на самы небасхіл і занялі там свае месцы.
     – Глядзі, як ім там добра!– прамовіла Вялікая Мядзведзіца. – А зараз пойдзем дахаты. Ужо сцямнела.
     Падышоўшы да свайго дома, Малая Мядзведзіца адразу пайшла да сваіх Зорачак.
     "А што, калі мае Зорачкі памерлі!" – з болем у сэрцы думала яна.
     Зазірнуўшы ў вядзерца і ўбачыўшы светлыя іскрынкі, Малая Мядзведзіца супакоілася:
     – Даруйце мне, мілыя Зорачкі! – прамовіла яна. – Я зараз жа адпушчу вас на неба.
     Малая тут жа дастала іх з вады і падняла ўгару. А ўзрадаваныя Зорачкі хуценька ўзляцелі ў неба. Неўзабаве яны таксама занялі свабоднае месца на небасхіле. Гэтае месца аказалася недалёка ад таго месца, дзе зусім нядаўна пасяліліся тыя Зорачкі, што зваліліся ў раку...
     
     Шмат часу прайшло з таго часу, калі адбылася гэтая гісторыя. Але зараз кожны, хто паглядзіць уначы ў зорнае неба, абавязкова ўбачыць на ім два вельмі яркіх сузор'і, якiя размясцiлiся недалёка адно ад аднаго. Гэта сузор'і Вялікай Мядзведзіцы і Малой Мядзведзіцы. А калі добра прыгледзецца, то можна заўважыць, што яны вельмі падобныя на сапраўдную зямную Вялікую Мядзведзіцу і на яе дачушку Малую Мядзведзіцу. Можа, нябесныя Зорачкі такім чынам аддзячылі лясных жыхароў за дапамогу, якую тыя калісьці вельмі даўно ім аказалі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
7.04.11