Калабок i Сонейка (чытае аўтар)
Аднойчы раніцай пякла бабка пірагі. Пірагі пышныя і румяныя. Пякла яна іх у печы, а яе Певень стаяў побач і нахвальваў:
– Ку-ка-рэ-ку! Што за цуд-пірог пячэ мая гаспадынька. Пірог мяккі, пухнаты, менавіта для мяне!Калі пірог быў гатовы, бабуля вымала яго з печы і клала на паліцу ў кухонную шафу, таму ён ніяк не мог патрапіць да Пеўня ў дзюбу. Але вось няўдача! Апошні – самы мяккі, пухнаты і кругленькі, але толькі вельмі маленькі, бо пёкся ён з рэштак цеста – выпадкова выслізнуў з бабчыных рук і зваліўся на падлогу.
Узрадаваўся Певень:
– Вось, – кажа, – і мне Бог паслаў пачастунак!
Але дзе там! Калабок, пачуўшы пра такое, хуценька выскачыў у двор і пакаціўся па дарожцы ў поле. Убачыў ён у небе Сонейка і просіць яго:
– Сонейка-дружок! Ты такое ж румянае і гарачае, як я. Дапамажы мне, калі ласка! Выратуй ад злога Пеўня. Ён хоча мяне з'есці!
А Сонейка яму ў адказ:
– Каціся, Калабок, па дарожцы і нічога не бойся. Калі Певень дагоніць цябе, ты яму скажы: "Я – Калабок, румяны бачок, і смачна пахну. Але, калі ты мяне з'ясі, навек абпалішся, бо я маленькі брацік Сонейка і такі ж гарачы, як яно!"
Падбадзёрыўся Калабок, пачуўшы такую добрую параду і хуценька далей пакаціўся. Але ногі ў Пеўня доўгія, не змог Калабок ад яго далёка ўцячы. Дагнаў яго Певень і ўжо хацеў дзяўбнуць у самае цемечка!
А Калабок як закрычыць на ўвесь свет:
– Не чапай мяне, Певень! Я – Калабок, румяны бачок, і смачна пахну. Але, калі ты мяне з'ясі, навек абпалішся, бо я маленькі брацік Сонейка і такі ж гарачы, як яно!
Пачуў гэта Певень і кажа:
– Калі ты брацік Сонейка, чаму ж тады не свеціш, як яно?
– Чаму б і не, – адказаў Калабок, скокнуў і павіс на небе, як сапраўдны маленькі брацік вялікага Сонейка.
Пасля гэтага галоднаму і злому Пеўню нічога не заставалася, як уцячы дадому. Не з'еў ён Калабок!
Як жа удалася маленькаму Калабку павіснуць на небе? А проста Сонейка дапамагло яму выратавацца ад Пеўня і, ухапіўшы за бачок, падняла сваім праменьчыкам угару.
Калі ж аднойчы хто-небудзь з вас убачыць на небе маленькую жоўценькую кропачку, дык ведайце – гэта бабулін Калабок усё лётае і лётае па небе. Ён зусім не астыў і такі ж гарачы і пахкі, як і быў раней!
Але, хто яго ведае? Раптам Калабок возьме ды і спусціцца з неба да каго-небудзь з вас у госці! Толькі вы ж не станеце яго есцi!
Гэтая казка на рускай мове
29.03.11