Стары чыгунок - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стары чыгунок
Стары чыгунок
У невялікай небагатай кватэры яшчэ даваеннага цаглянага дома жыў дамавік. У дамавікоў няма вызначанага ўзросту, таму можна выказаць здагадку, што жыў ён тут вельмі даўно, напэўна, з таго часу, як дом быў пабудаваны. Многае з усяго таго, што рабiлася раней у кватэры, дамавік ўжо проста забыў. Гэта і зразумела. Гадоў мінула колькі!      Часам, лётаючы паміж каструляў у кухоннай шафцы, ён з цікаўнасці пастукваў па іх. І тады маладая гаспадыня зазірала ў шафу, спадзяючыся адшукаць там праныру ката ці, у крайнiм выпадку, якую-небудзь заблудную мыш. Але дамавік тут жа бясследна знікаў, быццам раствараўся ў паветры, каб затым ізноў паўстаць ужо ў зусім іншым месцы кватэры, дзе пачынаў устраіваць новыя беспарадкі. Вядома, усе хатнiя даўно здагадваліся, што хтосьці жыве ў іх кватэры. Але адшукаць гэтую ю істоту было зусім немагчыма.
     Аднойчы пасля чарговага шпацыру па кухні, зазірнуўшы ў шафку, дамавік натыкнуўся на каструлю нейкай незвычайнай формы.
     – Што гэта? – здзівіўся ён.
     – Няўжо ты не пазнаеш мяне? – адказала каструля. – Я чыгунок. Памятаеш, як вельмі-вельмі даўно бабуля гатавала ва мне найсмачную "бабку". Яна размешвала цёртую бульбачку, дадавала туды трохі мукi, масла ці сала і ўсё гэта залівала ў мяне. Потым растоплівала печ і ставіла мяне на падпаленыя вуглі. А калі па ўсёй кватэры распаўсюджваўся духмяны пах печанай бульбачкі, яна даставала мяне з печы з дапамогай вілак і ставіла на стол. Затым перакладала запечаную "бабку" ў талеркі, не забываючы пакласці ў іх залацістую бульбяную скарыначку. Гэтую запечаную скарыначку больш за ўсё любiў яе сын Міколка. Памятаеш?
     – Так, штосьці ўзгадваю, – задуменна сказаў дамавік.
     Ён успомніў тыя даўнія гады, Мікалая, тады яшчэ маленькага хлопчыка, з якім ён часам гуляў у хованкі. Вядома, Міколка ні разу так і не злавiў яго. Хлопчык не разумеў, што гэта дамавік з ім гуляе.
     Мікалай вырас, жаніўся. Яго жонка – цяперашняя гаспадыня кватэры, у іх ёсць сын Жорык. Мікалай рэдка бывае дома, увесь час прападае на працы. А бабулька, яго маці, даўно забылася на сваю "бабку".
     "Трэба нагадаць ім пра чыгунок, – вырашыў дамавік. – Шкада небараку, прападае задарма. Ды і на "бабку" ўсе забыліся. Хай успомняць аб такой смачніне".
     І дамавік, доўга не думаючы, ужо назаўтра, добра што ў нядзелю Мікалай быў дома, учынiў такі шум на кухні, што туды збеглася ўся сям'я. Свавольнік стукаў і стукаў па чыгунку, а ад чыгуннага металу ішоў звон, быццам ад звана.
     Сам Мікалай адчыніў шафу з каструлямі, убачыў чыгунок, які нарабiў столькi звону, і сказаў усім:
     – Ведаеце што! Я думаю, наш стары чыгунок доўга-доўга спаў, а цяпер прачнуўся і патрабуе ўсеагульнай увагі. Таму што столькі гадоў пра яго ніхто не ўспамінаў. Давай, жоначка, спячом у ім "бабку". Я цяпер успомніў аб ёй, і ў мяне нават пацяклі слінкі. Але печку мая матуля даўно не топіць. Тады давай спячом "бабку" ў духоўцы нашай газавай пліты.
     – Як жа я буду пячы "бабку", калі яе ніколі не гатавала, – запярэчыла мужу жонка.
     – Не хвалюйся! Нас навучыць гэтаму матуля! – адказаў Мікалай.
     Праз некалькі гадзін усім членам дружнага сямейства было вельмі прыемна паспытаць на вячэру старадаўнюю страву – бабуліну "бабку". Бабуля сама дапамагла згатаваць яе. А ўспомніўшы смак бульбяной "бабкі", яна ўраз памаладзела на дваццаць гадоў! І распавядала, і распавядала пра свае маладыя гады, пра непаслухмянага сыночка Міколку. Пра тое, як тапіла печ дровамі, як насіла ваду з калонкі, як бегала раніцай за сырадоем, што прыносілі ў тады яшчэ такі невялікі горад Мінск вясковыя бабы. Так, у тым пасляваенным жыцці было шмат цяжкасцяў. Нават апрануць дзяцей было не ва што. Але ніхто не журыўся, і ўсе дапамагалі адзін аднаму.
     Шмат гадоў мінула з тых часоў. Многае забылася. Але засталіся рэчы, якія не дазваляюць нам забыцца на ўсё да канца. Гэтыя старыя рэчы, хоць цяпер і не зусім патрэбныя, нагадваюць нам пра тое, як жылі людзі раней: што насілі, што елі, што чыталі і чым пісалі. Яны – наша гісторыя. І часам могуць навучыць нечаму вельмі важнаму і карыснаму, што яшчэ не раз спатрэбiцца нам у жыццi.
     Так што трымайся, стары чыгунок! Ты яшчэ пажывеш разам з намі!
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.02.11