Чырвоны касцёл (казка ці легенда) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чырвоны касцёл (казка ці легенда)
Чырвоны касцёл (казка ці легенда)
     Касцёлу святых Сымона і Алены прысвячаецца
     
Спускаючыся з нябёсаў на зямлю, Анёл заўважыў маладзенькую дзяўчыну, якая прысела на траву. Алёнка часта прыходзіла сюды. З вяршыні зялёнага ўзгорка ёй добра быў бачны горад, у якім яна жыла, яго драўляныя і каменныя пабудовы там, унізе, на роўнай даліне і тут, на ўзвышшы. Дзяўчына вельмі пяшчотна і аддана кахала свой родны горад, яго старадаўнія царквы і касцёлы, багатыя "замкавыя" вуліцы і зусім прасценькія "вясковыя" вулачкі.      Гэты горад і сапраўды быў хвалебным, ганарлівым і ў той жа час вельмі сціплым і простым. У ім жылі добрыя спакойныя, працавітыя і разумныя людзі. Дзяўчына глядзела ўдалячынь на чыстае ранішняе неба, і яе валасы ледзь варушыў цёплы чэрвеньскі ветрык. А навокал была такая прыгажосць, на якую глядзеў бы цэлую вечнасць і не нагледзеўся, ды і паветра было такім чыстым, свежым і празрыстым, што здавалася, цэлую вечнасць дыхаў бы ім і не надыхаўся.
     Але маладое сэрцайка чамусьці білася часта-часта, вочы затуманьваліся слязамі: дзяўчына журылася. І ўсё гэта было нездарма. Анёл, убачыўшы маладое выдатнае стварэнне і зразумеўшы ўсё, таксама засмуткаваў. Ён ведаў, што дзяўчына хутка памрэ, яна невылечна хворая. Але тут Алёнка паглядзела ўгару на аблокі і, успомніўшы свой нядаўні сон, ціха ўсміхнулася. Яна ўспомніла тое, што бачыла ў сне, і тут жа вельмі выразна, быццам наяве, сон паўстаў у яе перад вачамі. Гэта быў касцёл – велічны, строгі, з залатымі крыжамі і шклянымі вітражамі, вельмі падобнымі на яркія палявыя кветкі. А сам касцёл быў чырвонага колеру, як сонца на заходзе чэрвеньскага неба.
     "Як бы я жадала, – падумала Алёнка, – каб такі Чароўны палац стаяў тут, на гэтым узгорку! Я б прыходзіла сюды і кахала яго, як сваю родную. хату". Дзяўчына і не падазравала, што гэтыя яе, здавалася б, нязбытныя зааблочныя мары калі-небудзь спраўдзяцца.
     Але Чырвоны касцёл, які сышоў з яркага прарочага сну дзяўчыны спачатку з дапамогай яе ўмелай рукі, рукі мастачкі, на чысты ліст паперы, потым устаў наяве на тым жа месцы, дзе калісьці стаяла яна. Ён узнёс велічныя стройныя вежы з чырвонай цэглы ўгару да неба і асвятліў яго бляскам сваіх залатых крыжоў. Людзі прыходзяць любавацца ім і славіць Бога, які стварыў такую прыгажосць. А Анёльская душа той самай Алёнкі, якая калісьці ўбачыла храм Божы ў сне, будзе вечна дапамагаць усім гэтым людзям. Яна назаўжды застанецца іх нябеснай заступніцай.
     
     http://www.stihi.ru/2006/06/11-2172 песня на верш Леаніда Пранчака
      Гэтая казка на рускай мове
19.01.11