Мой Мінск (казка-быль) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мой  Мінск (казка-быль)
Мой Мінск (казка-быль)
Над горадам Мінскам, які святкаваў сваё дзевяцьсот саракагоддзе, ляцеў бліскучы, нібы кавалачак сонца, паветраны шарык. Ён вырваўся з рукі ў маленькай дзяўчынкі і паляцеў у неба, чаму быў невымоўна рады. З вышыні яму адкрывалася такая прыгажосць! Шарык бачыў асветлены сонечнымі прамянямі вялікі горад: шырокія праспекты, прыгожыя хаты, зялёны парк каля возера, раку Свіслач і шмат людзей, вясёлых і задаволеных, якія спявалі і танцавалі на вуліцах і на беразе ракі. А яшчэ ён бачыў парусныя лодкі, якія плылі па рацэ, і чаек, што лёталі ля самай вады.      Але паветраны шарык не ведаў, што менавіта тут, на месцы зліцця ракі Свіслач з ракой Нямігай, калісьці паўнаводнай, а цяпер абмялелай і апранутай у падземныя трубы, вельмі даўно, пяцьсот гадоў таму назад, жыхары горада паднялі з вады Цудатворны Абраз Мінскай Маці Божай, па паданні напісаны яшчэ Святым Апосталам Лукой. Быццам пасланы Богам для абароны Мінска і яго жыхароў, гэты абраз з той пары ніколі не пакідаў наш горад.
     Пагасціўшы каля ракі, паветраны шарык паляцеў яшчэ далей у бок старога верхняга горада, туды, дзе блішчэлі купалы праваслаўнага сабора Святага Духа і Марыінскага касцёла. Шарык праляцеў над імі і над прыгожай абноўленай, па-старому Саборнай, а цяпер плошчай Волі, пачуў бой гадзінніка на вежы абноўленай Ратушы і паляцеў да Аляксандраўскага сквера. Маленькі паветраны шарык доўга-доўга лётаў над святочным горадам і любаваўся яго яркімі фарбамі, фантанамі, якія зіхацелі на сонцы, і пышнымі кветнікамі, якія ўпрыгожвалі паркі і бульвары, вуліцы і плошчы. Але цікаўнаму шарыку не надакучыла лётаць, і ён паляцеў яшчэ далей, каб убачыць штосьці больш цікавейшае і прывабнае.
     У гэты дзень у горадзе Мінску адбывалася шмат святочных падзей. Паветра напаўнялася шчаслівымі галасамі. Паўсюль чуліся жарты і смех. Людзі весяліліся і славілі свой родны горад за яго сучаснасць, прыгажосць і чысціню. Так-так! Маладосці не вельмі хочацца думаць пра мінуўшчыну. Пра тое, што было даўным-даўно, і пра што памятаюць толькі камяні і зямля…
     Ва ўваходзе ў старэнькую Петрапаўлаўскую царкву, пабудаваную ў тысяча шэсцьсот адзінаццатым годзе на тэрыторыі старажытнага замчышча ў месцы зліцця рэк Нямігі і Свіслачы, ляжаць такія ж, як і яна, старыя камяні. Яны ведаюць, колькі гора і пакут вынес іх родны горад, колькі разоў яго бурылі, спальвалі, колькі людскай крыві разліта тут, на гэтай зямлі.
     Але горад не здаўся. Ён вытрымаў усе выпрабаванні і жыве цяпер, каб быць цэнтрам дзівоснага краю пад назвай Белая Русь. І хай жа гэтыя старыя камяні, Богам захаваныя Святыні старажытнай зямлі, гэтак жа, як і Цудатворны Абраз Мінскай Маці Божай, засцерагаюць і ратуюць для шчаслівага жыцця наш хвалебны горад!
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.01.11