Мой дзядуля – чараўнік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мой дзядуля – чараўнік
Мой дзядуля – чараўнік
У гарадку, дзе жыла дзяўчынка з прыгожым іменем Святлана, не было Лялечнага тэатра. Але яе дзядуля ўмеў майстраваць драўляныя і гліняныя цацкі. Нядаўна ён змайстраваў Зайчыка. Той атрымаўся вельмі падобным на сапраўднага зайчаняці. Дзядуля даў яго сваёй унучцы, але не на зусім, а толькі пагуляць.      – Хутка ў нашым горадзе з'явіцца Лялечны тэатр, – сказаў ён. – І Зайчык будзе там іграць на сцэне.
     – Праўда? – здзівілася Святлана і паглядзела на Зайчыка. А той памахаў вушкамі і хвосцікам у знак згоды з дзядулем.
     Дзяўчынка яшчэ больш здзівілася, яна пакруціла Зайчыка ў руках і раптам пачула яго тоненькі галасок. Вось толькі што сказаў Зайчык, Свеце было незразумела. Яна занесла цацку ў свой пакой і паставіла на камоду. Разгледзеўшы яшчэ лепш вялікія зялёныя вочы Зайчыка, дзяўчынка ўбачыла ў іх іскрынкі радасці. Так-так! Зайчык весяліўся ў душы ад таго, што хутка будзе іграць у сапраўдным Лялечным тэатры і весяліць дзетак.
     Назаўтра Света ўбачыла ў руках у дзядулі новую цацку. Гэта была Ліса. Дзядуля выфарбаваў яе спінку і лапкі ў шакаладны колер, а хвост – у руды. Стары дазволіў унучцы пагуляць з Лісой, але толькі нядоўга, усяго пару дзён.
     – Лялечны тэатр хутка адкрыецца, і гэтыя цацкі будуць іграць там ролі сапраўдных звяркоў, – сказаў ён. – Рэжысёр новага Лялечнага тэатра даў мне заданне змайстраваць цацкі да казачнага спектакля.
     – Гэта будзе казка, дзе Ліса выганяе Зайчыка з хаткі? – спытала Святлана.
     – Не ведаю, можа быць, – адказаў дзядуля.
     За некалькі дзён ён змайстраваў усе патрэбныя цацкі. Апошнім з рук майстра выйшаў Пеўнічак. А Сабачка, Мядзведзь і Бык разам у Лісой і Зайчыкам ужо рэпеціравалі спектакль у новым Лялечным тэатры.
     – Дзядуля! У цябе залатыя рукі, – дзівілася Святлана, разглядаючы новую цацку. А Пеўнічак скасіў на дзяўчынку бліскучае чорнае, як пацерка, вока, распушыў рознакаляровы хвост і пастукаў чырвонымі лапкамі аб падлогу, маўляў, я – Пеўнічак-залаты грабеньчык, выратую Зайчыка ад шкоднай Лісы.
     "Як цікава! – думала Святлана. – У майго дзядулі ўсе цацкі жывыя, значыць ён чараўнік, як тата Карла".
     – Ты чараўнік, чараўнік! Я распавяду пра гэта сваім сябрам, – захаплялася ўнучка і скакала ад радасці.
     – Чараўнік? – здзівіўся дзядуля. – Адкуль ты гэта ўзяла?
     – Ты такі, як тата Карла, які змайстраваў Бураціна, – растлумачыла Святлана.
     – Не, я не такі, я нават лепш! – засмяяўся дзядуля. – Заўтра мы з табой пойдзем у Лялечны тэатр на рэпетыцыю спектакля, і ты сама ўсё ўбачыш.
     Назаўтра роўна а дванаццатай гадзіне Святлана разам з дзядулем ужо была ў тэатральнай зале і чакала пачатак рэпетыцыі. Рэжысёр сядзеў у першым радзе, а на сцэне ўстанаўлівалі дэкарацыі. Калі ўся падрыхтоўка да спектакля было скончана, у зале загасілі святло і ўключылі пражэктары на сцэне. У акенцы хаткі, асветленай яркім прамянём света, Святлана ўбачыла, як з'явілася галоўка Зайчыка. Ён аглядаў залу і смешна варушыў доўгімі вушкамі. Затым на сцэну выбегла Ліса і пачала ўгаворваць Зайчыка пусціць яе ў хатку пераначаваць.
     – У цябе хатка лубяная, а ў мяне была хатка ледзяная. Прыйшла вясна і мая бедная хатка растала, – сказала Ліса. Яна засмуцілася, апусціўшы ўніз доўгі руды хвост, і гучна заплакала.
     "Мне яе шкада, – падумала Святлана. – Яе хатка растала".
     Дзяўчынка паглядзела на Зайчыка і шапнула яму: "Пусці бедную Лісу, мне яе шкада".
     Зайчык пачуў яе просьбу і тут жа пусціў у хатку Лісу.
     А далей усе падзеі разгортваліся сапраўды гэтак жа, як Святлана чытала ў кніжцы з казкамі. У канцы-канцоў Пеўнічак выгнаў Лісу з хаткі, таму што ў яго была вострая каса. Яе спалохалася Ліса.
     Увечары, успамінаючы ўбачаны спектакль, Света распавядала пра яго сваёй маме. А дзядуля тым часам адпачываў у сваім пакоі і размаўляў з кімсьці па тэлефоне:
     – Няўжо вушкі ў Зайчыка перасталі рухацца? Гэтага не можа быць. Відаць, хтосьці неакуратна абыходзіўся з цацкай пасля спектакля, – бурчэў стары, – і пашкодзіў Зайчыку вушкі.
     "У Зайчыка зламаліся вушкі, – зразумела Святлана. – Не, яны не зламаліся, а проста захварэлі!"
     – Дзядуля, у яго вушкі захварэлі. Іх трэба палячыць, – сказала Святлана, калі зайшла да дзядулі ў пакой. Палячыць можа Лекар, табе трэба яго змайстраваць.
     – Ты маеш рацыю, – падумаўшы, адказаў стары. – Зараз я сабяруся і змайструю Лекара. А ты не хвалюйся. Мы абавязкова хутка вылечым Зайчыка. Да адкрыцця Лялечнага тэатра ён будзе здаровы.
     – А калі будзе адкрыццё? – спытала Святлана.
     – Хутка, праз два дні. Ужо позна, кладзіся спаць, унучачка, – папрсіў дзядуля. – Заўтра ты ўбачыш новую цацку.
     Укладваючыся спаць, Святлана думала пра тое, што Лекар ажыве ў тэатры гэтак жа, як ажылі ўсе цацкі, і вылечыць Зайчыка. Неўзабаве яна моцна спала ў ложачку і не чула, як яе любая лялька Вераніка, якая сядзела ў куце пакоя на камодзе, паціху плакала ад крыўды, бо Святлана зусім забылася пра яе і даўно не гуляе з ёй. Лялька разумела, што ва ўсім вінаватыя новыя цацкі, якія змайстраваў дзядуля. Ёй таксама хацелася ўдзельнічаць у спектаклі, тады б дзяўчынка любіла яе, як раней, і гуляла б з ёй.
     Раніцой Святлана зноў толькі і казала, што пра будучую прэм'еру спектакля ў Лялечным тэатры. Дзядуля паказаў ёй новую ляльку Лекара, якую майстраваў позна ўначы.
     – Ты аднясі яго ў тэатр, трэба, каб Лекар тэрмінова вылячыў Зайчыка, – амаль загадным тонам сказала дзяўчынка.
     Дзядуля, бачачы, як любімая ўнучка перажывае, тут жа панёс новую цацку на перадапошнюю рэпетыцыю спектакля. А Святлана засталася дома, таму што ў гэты дзень у яе, на няшчасце, балела галава. Дзяўчынка пайшла ў свой пакой і прылягла на ложак. Потым, нібы адчуўшы нечы позірк, павярнулася і ўбачыла, што яе лялька Вераніка жаласна глядзіць на яе. Так-так! Святлана ўбачыла ў вачах сваёй любай лялькі маўклівую просьбу – успомніць пра яе. Дзяўчынка тут жа падышла да камоды, узяла ляльку і прыціснула да сябе.
     – Ты пакрыўдзілася, што я з табой не гуляю? – ласкава спытала яна.
     У вочках Веранікі заззялі слязінкі. Яна даравала Свеце, і яе маленькае сэрцайка радасна забілася.
     – Хочаш, я вазьму цябе з сабой на прадстаўленне? – спытала Святлана і, не чакаючы адказу, сказала:
     – Вазьму абавязкова. Ты ўбачыш, як там цікава. Усе лялькі іграюць цудоўна, як сапраўдныя артысты. А спектакль – гэта казка пра Зайчыка і Лісу.
     Лялька не магла выказаць сваю радасць словамі, але яна ўся ззяла, яе блакітныя вочкі зіхацелі, а ружовы роцік усміхаўся. Нарэшце, усе нягоды засталіся ў мінулым, і Святлана любіць яе, як раней.
     Наступіў доўгачаканы дзень. Уся Свеціна сям'я адправілася ў Лялечны тэатр. Мама з татам, дзядуля, Святлана з лялькай Веранікай сядзелі ў першым радзе. Дзяўчынка не сводзіла вачэй са сцэны, а калі Зайчык пачаў іграць, яна ўважліва глядзела на яго вушкі. Не, яны былі ў парадку. Лекар вылечыў іх. Шкада, што ён сам не ўдзельнічаў у прадстаўленні. Але калі спектакль скончыўся, ён разам з усімі артыстамі выйшаў на сцэну, каб пакланіцца гледачам.
     – Ура! Дзядуля, спектакль атрымаўся выдатным. І галоўны ў ім, гэта ты! – сказала ўнучка. – Хто змайстраваў усе чароўныя цацкі, якія могуць іграць на сцэне? Ты, значыць, мой дзядуля – галоўны чараўнік, – так увечары на кухні Святлана хваліла свайго дзядулю.
     І было завошта. Ён, як тата Карла, палюбіў свае самаробныя цацкі так, што яны змаглі жыць, іграць свае ролі і цешыць усіх гледачоў Лялечнага тэатра. А познім вечарам, лежучы ў пасцелі побач са Светай, лялька Вераніка думала пра тое, што ўсе, хто нараджаецца на белы свет, жыве сваім сапраўдным жыццём, а не цацачным. І кожнаму хочацца, каб яго любілі і з ім сябравалі.
     
      Гэта казка на рускай мове
15.04.24
Каталог TUT.BY Rambler's Top100