Мая новая кніга для дзетак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мая новая кніга для дзетак
Мая новая кніга для дзетак
     
Дарагія сябры!      Нядаўна выйшла з друку мая новая казачная аповесць для дзяцей "Чароўны Светлячок, альбо зямныя прыгоды сыночка Поўні". Шкада толькі, што аповесць надрукавана на рускай мове, але прачытать яе можна на маім сайце на беларускай мове. Таму, калі хто захоча, знойдзе яе.
     Гэта аповесць пра жыццё малюсенькіх насельнікаў нашай планеты - казурак, назіраць за якімі я вельмі любіла ў дзяцінстве. Да дванаццаці гадоў маё жыццё праходзіла ў цудоўным кутку Мінска, на шчасце не разбураным падчас вайны. Гэты даваенны кавалачак сталіцы ў той час размяшчаўся недалёка ад Дома ўрада. Ён запар складаўся са старых драўляны дамоў, акружаных кветнікамі, гародамі і велізарнымі старымі дрэвамі.
     З самага ранняга дзяцінства я разам з суседскімі дзецьмі шмат часу праводзіла ў двары дома 34 па вуліцы Розы Люксембург. (Нажаль, цяпер такога дома ўжо няма, ён, як і ўвесь стары раён, быў знесены ў сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя, пры будаўніцтве праспекта Дзяржынскага.)
     Улетку гэты двор, як і ўвесь наш гарадскі квартал, патанаў у зеляніне, дзякуючы старанням добрасардэчных гаспадынь маленечкіх кватэр. Поруч ганкаў дома былі кветнікі, на градках у агародзе пасаджана гародніна. З-за невысокіх агародж кветнікаў на дзетак глядзелі далікатныя тварыкі квітнеючых садовых рамонкаў і вяргіняў, гладыёлусаў і хрызантэм. Кветкі захаплялі і цешылі позіркі дапытлівых дзетак яркімі фарбамі і напаўнялі паветра прыемнымі кветкавымі водарамі. А ў гэта ж час ледзь далей ад кветнікаў, на градках у агародзе, зіхацелі на сонцы тонкія доўгія стрэлкі зялёнага лука, злёгку калыхаліся касматыя хвосцікі морквы, буракоў і духмяныя парасонікі кропу.
     Над усёй гэтай багатай расліннасцю гарадскога двара ззяла гарачае летняе сонейка, асвятляючы пырхаючых чараўнікоў з нябачанай казкі: рознакаляровых матылькоў, перламутравых стракоз, ярка чырвоных баговак, залацістых пчолак і чмялёў, лупатых мух, бліскучых вусатых жукоў, касматых вусеняў-станожак. Гэтыя цудоўныя казуркі зачароўвалі дзяцей сваёй прыгажосцю і чароўнымі ўменнямі: узлятаць і садзіцца, гудучы як верталёт, імчацца з нябачанай хуткасцю, поўзаць па лісцікам і сцяблінкам, чапляючыся за іх сваімі тонкімі лапкамі. З высокай травы днём і пад вечар па двары разлівалася гучнае стракатанне конікаў. Але нават заўважыўшы такога "музыку", злавіць яго не ўяўлялася ніякай магчымасці. Згледзеўшы надыходзячую небяспеку, гэта казурка куляй выстрэльвала з травы, тэрмінова пералятаючы ў іншае больш бяспечнае месца.
     Але вось сонца хілілася да заходу, і тым часам пачыналася яшчэ адно ўяўленне - прама пад галінамі дрэў пачыналі раіцца чародкі малюсенькіх мошак. Які танец яны танчылі да позняга вечара, нікому акрамя іх не было вядома. Шкада, што частка з гэтых няўрымслівых дробак часта трапляла ў дзюбы сініц і вераб'ёў, ластавак і шпакоў.
     Бо ў дварах гэтага патанаючага ў зеляніне раёна Мінска гнездавалася шмат птушак. Шпакі і сініцы сяліліся ў драўляных хатках, прыбітых кімсьці са сталых жыхароў дома да высокіх дрэў, сарокі і вароны самі вілі сабе гнёзды, вераб'інае цвырканне даносілася з разрослых кустоў бэзу і руж, а гнёзды ластавак можна было знайсці пад стрэхамі дамоў. Пад дахам аднаго з дамоў быў вялікі галубятнік, дзе яго гаспадар трымаў белакрылых паштовых галубоў.
     Маляняты з нашага двара, якія нарадзіліся ў першыя пасляваенныя гады, не маглі не заўважаць казачнае жыццё казурак і птушак, якое працякала побач з імі. Дзеці насычваліся прыгажосцю прыроды, назіралі за казуркамі і птушкамі, каб пранесці гэтыя дзіцячыя ўражанні праз сваё дарослае жыццё.
20.01.24
Каталог TUT.BY Rambler's Top100