Памочніца Сняжана. казка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Памочніца Сняжана. казка
Памочніца Сняжана. казка
У маленькай хатцы пасярод дрымучага лесу жыў малады чалавек. Ён быў высокага росту і моцны, як мядзведзь. Здавалася яго трэба ўсім баяцца. Але, паглядзеўшы ў добрыя блакітныя вочы, кожны разумеў, што перад ім добры чалавек. Па прафесіі ён быў егерам, у яго быў абавязак – ахоўваць звяроў і птушак, клапаціцца пра ўсіх жывёл, якія насяляюць гэты лясны запаведнік. Прафесія егера – адна з галоўных і вельмі патрэбных лясных прафесій.      Малады чалавек быў не жанаты, ды і блізкіх сваякоў у яго не было. Як гэта атрымалася ў яго жыцці, нам не вядома, але душа маладога хлопца жадала клапаціцца пра кагосьці, а любоў да роднай прыроды перапаўняла яго сэрца. Вось і вырашыў ён прысвяціць сваё жыццё такой высакароднай справе, як ахова лясных жывёл.
     Аб тым, што ў іх велізарным лесе пасяліўся чалавек па імені Ягор, неўзабаве даведаліся ўсе звяры і птушкі. Спачатку недаверліва і з асцярогай яны сачылі за ім. Але, зразумеўшы, што гэты вялікі і моцны чалавек не зробіць ім нічога дрэннага, птушкі і лясныя звяры супакоіліся. А Ягор старанна выконваў свае абавязкі: падсыпаў лясным жыхарам у кармушкі ежу, у спякоту паіў іх вадой, хворых і слабых звяроў і птушак лячыў. Прайшло зусім крыху часу, як яны зразумелі – ён іх сапраўдны сябар і памочнік.
     Ягор навучыўся разумець мову звяроў і птушак, размаўляў з імі, нават нечаму вучыў, калі было патрэбна. Так праходзіў год за годам. Вялікі чалавек так прывык жыць у лесе сярод звяроў і птушак, што іншага жыцця ўжо не ўяўляў. Але з цягам часу ён пастарэў і працаваць яму стала цяжэй. Не, звяроў і птушак ён абслугоўваў гэтак жа, як і раней. Аднак яму самому не хапала часу і сіл на выкананне хатняй працы.
     Вавёркі і зайцы, нават лясныя алені і ласі часам зазіралі ў акенца яго хаткі і бачылі, што іх гаспадар і памочнік не есць уволю, часам хварэе, моцна стамляецца. Аднак самі звяры ўжо не маглі абыйсціся без егера, асабліва ў зімовы час, калі лес паўкрываўся тоўстым дываном са снега і здабыць ежу з-пад яго было практычна немагчыма. "Калі Ягор пакіне нас, мы загінем", – разумелі дзікі і алені, ласі і зайцы, нават ваўкі і лісы баяліся гэтага. Але як дапамагчы яму, яны не ведалі.
     Усё вырашыў шчаслівы выпадак. Набліжалася чарговае навагодняе свята. Маляняты-звераняты чакалі прыезду да іх Дзядулі Мароза. Яны высоўвалі носікі са сваіх зімовых хатак і нават выскоквалі, каб пагуляць у снежкі ці сляпіць снегавіка. На гэты раз іх снежная баба атрымалася такой прыгажуняй, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.
     – Якія вы малайчыны! – пахваліла зайчанят, лісянят і ваўчанят мудрая Вушастая Сава. Яна абляцела іх тварэнне з усіх бакоў і пракрычала: – Сняжана, прачніся!
     – Сняжана? – здзівіліся звераняты. – Якая яшчэ Сняжана, хто гэта?
     – Сняжана – гэта чароўная дзяўчынка, вылепленая са снега, якая ажывае і робіць добрыя справы, – адказала Вушастая Сава. – Такую казку мне чытала ў дзяцінстве мая бабуля.
     – Але наша Сняжана не чароўная… – засмуціліся маляняты. – Яна не ажыве.
     – Калі вы папросіце Дзядулю Мароза зрабіць вам усім такі падарунак, то яна ажыве, – бліснула зялёнымі вачамі Вушастая Сава.
     – Мы папросім, папросім! – крыкнулі звераняты.
     Кожны дзень да надыходу новага года яны ахоўвалі сваю Сняжану – падпраўлялі ёй вочкі і бровы, носік і роцік, пальчыкі на руках і цёплы кажушок са снега. І вось, нарэшце, надышоў той шчаслівы дзень, калі ў іх лес зазірнуў Дзядуля Мароз, каб надарыць усіх малянят падарункамі.
     – Нам не патрэбныя падарункі! – закрычалі звераняты. – Дзядуля Мароз, ажыві, калі ласка, нашу Сняжану.
     – Навошта? – спытаў той.
     – Яна патрэбна нам, як памочніца для нашага добрага сябра Ягора. Ён дапамагае нам, а ў яго самога ў хатцы нікога няма. Ён пастарэў, яму цяжка рабіць хатнюю працу: варыць ежу і наводзіць парадак, – сказала Вушастая Сава.
     – Добра, я ажыўлю яе! – сказаў Дзядуля Мароз. – Але, ці пагодзіцца гэта чароўная дзяўчынка дапамагаць вам? Да таго ж увесну яна можа растаць.
     Дзядуля Мароз стукнуў сваім чароўным кіем тры разы аб мёрзлую зямлю, сказаўшы пры гэтым нейкія чароўныя словы. У гэта імгненне з неба пасыпаліся рознакаляровыя зіхатлівыя іскры, і Сняжана ператварылася ў жывую дзяўчынку. Яна паглядзела на ўсіх і ўсміхнулася.
     Звераняты радасна скакалі вакол яе і смяяліся ад шчасця:
     – Жывая чароўная дзяўчынка! – крычалі яны. – Зараз ты наша памочніца!
     – Чыя я памочніца? – спытала Сняжана.
     – Наша! Ты будзеш жыць з намі ў лесе. Ён вельмі прыгожы. Гэта наша і твая хата.
     – Хто гэта? – здзівіўся Ягор. Ён пачуў крыкі зверанят і прыйшоў паглядзець, як весяляцца маляняты.
     – Гэта Сняжана, яна прыйшла да нас у лес з казкі, – сказала Вушастая Сава.
     – Дзе ж ты будзеш жыць? – спытаў у чароўнай дзяўчынкі чалавек.
     – Не ведаю, – збянтэжана адказала яна.
     – Пойдзем, я пакажу табе, дзе жыву я. Калі захочаш, то заставайся жыць у мяне, – прапанаваў Ягор і павёў Сняжану ў сваю хатку.
     Яны сышлі, а звераняты разгубіліся. Яны думалі, што дзяўчынка будзе гуляць з імі, але гэта аказалася не так. Маляняты нахмурыліся, але Вушастая Сава сказала:
     – Вы зрабілі добрую справу, дапамаглі нашаму гаспадару знайсці памочніцу. Ён пастарэў, але без яго нам не абыйсціся. Сняжана – добрая дзяўчынка. Яна будзе дапамагаць яму па гаспадарцы і, вядома ж, гуляць з вамі.
     Усю зіму Сняжана, чароўная дзяўчынка з казкі Вушастай Савы, жыла ў хатцы егера і дапамагала яму: варыла ежу, наводзіла парадак, а ў вольны час бегала ў госці да зверанят, каб пагуляць з імі. Маляняты былі вельмі радыя гэтаму, але да канца не разумелі, колькі часу яна яшчэ пражыве з імі.
     А час ішоў. Зіма станавілася мякчэйшай, снег ужо ішоў не так часта, і нават дзе-нідзе пачынаў падтаваць. На пагорках у лесе з'явіліся чорныя праталіны, бо днём сонца мацней прагравала зямлю. Чароўная дзяўчынка стала адчуваць сябе горш, у яе часта кружылася галава, але яна не хацела засмучаць старэнькага Ягора.
     Ён і сам заўважыў, што з дзяўчынкай штосьці адбываецца, таму вырашыў спытаць парады ў самага разумнага ляснога жыхара – чорнага Крумкача.
     – Ты павінен разумець, што Сняжана ўвесну можа растаць, як сказаў Дзядуля Мароз, – нахмурыўся Крумкач. – Але я ведаю, як дапамагчы ёй і табе.
     – Як? – спытаў егер.
     – Праз два тыдні на поўнач Зямлі прыбудзе чараўніца Вясна. Калі ўбачыш, што з паўднёвага боку ляцяць у наш лес пералётныя птушкі, папрасі іх пазнаёміць цябе з самой Вясной. Папросіш яе змяніць чараўніцтва Дзядулі Мароза.
     – Змяніць?
     – Так. Вясна – вялікая чараўніца. Яе чараўніцтва мацнейшае за чараўніцтва Дзядулі Мароза. Яна ператворыць Сняжану ў іншую дзяўчынку, сапраўдную, якая не баіцца ні цяпла, ні холаду. А цяпер лячы Сняжану і не выпускай яе ў лес, каб яна не патрапіла пад прамяні сонечнага святла.
     Стары Ягор усё так і зрабіў. Ён бярог Сняжану, лячыў яе травой і мёдам, а калі ўбачыў першых пералётных птушак, то папрасіў іх паклікаць Вясну.
     І вось калі перад яго хаткай разлілося яркае ззянне, а з яго выйшла прыгажуня Вясна ў квяцістай сукенцы з блакітным шалікам у руцэ, стары схіліўся перад ёй і ад усяго сэрца папрасіў чараўніцу дапамагчы Сняжане стаць сапраўднай дзяўчынкай. Вясна, убачыўшы на парозе хаткі тоненькую сумную дзяўчынку, тут жа ўсё зразумела.
     – Не бойся мяне, дзіцё, – сказала яна. – Падыдзі бліжэй і накінь на сябе вось гэты блакітны шалік.
     Вясна працягнула Сняжане свой чароўны шалік. А ён, быццам тонкі празрысты ручаёк, паляцеў і атуліў плечы Сняжаны. У тое ж імгненне дзяўчынка папрыгажэла. У яе расчырванеўся тварык, заззялі доўгія русыя косы, на шыйцы з'явіліся бурштынавыя каралі, а сукенка зайграла яркімі вясновымі фарбамі.
     – Дзякуй вам! – ціха, але вельмі радасна прамовіла Сняжана.
     А чараўніца Вясна, ператварыўшыся ў белую птушку, хутка паляцела ўдалячынь.
     Усе жыхары вялікага запаведнага лесу, стаіўшы дыханне, назіралі за німі. Гэта чароўнае здарэнне стала шчаслівай падзеяй у іх жыцці. Стары Ягор пасля такой радасці таксама падбадзёрыўся і з тых часоў ужо не выглядае пастарэлым. Ён, як і перш, добра выконвае працу егера, а Сняжана вядзе хатнюю гаспадарку ў хатцы, паспяваючы пагуляць са зверанятамі і нават праспяваць любімыя песенькі з ляснымі птушкамі.
     
      Гэта казка на рускай мове
14.01.24
Каталог TUT.BY Rambler's Top100