Падарунак для маленькай Зорачкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Падарунак для маленькай Зорачкі
Падарунак для маленькай Зорачкі
Набліжаўся Новы год. Усе жыхары Зямлі рыхтаваліся да гэтага свята. Для дзяцей ён быў галоўным у годзе, таму што ў пярэдадне Новага года яны атрымлівалі падарункі ад Дзядулі Мароза, а запаветнае жаданне, загаданае ў чароўнае імгненне сустрэчы Новага года, абавязкова здзяйснялася. Дзеці з нецярпеннем чакалі навагоднія святы яшчэ таму, што ў гэтыя выдатныя зімовыя дзянькі можна было схадзіць на Ёлку, сустрэцца з сябрамі, а яшчэ ажыццявіць шмат цікавых задумак, пра якія марыш.      Дзядуля Мароз ведаў пра запаветныя жаданні дзетак, яны дасылалі яму лісты, у якіх падрабязна пісалі пра гэта. Стары загадзя рыхтаваў падарункі дзецям, збіраў іх некалькі месяцаў у "чароўным куфры", а насамрэч у сакрэтным месцы нашай планеты, пра якое ніхто з зямлян нічога не ведаў.
     Гэта дзіўнае месца было падобнае на чароўны дзіцячы сад, дзе пасялілася шмат цацак, апісаных дзецьмі ў лістах. Дзядуля Мароз хаваў іх да пары да часу ад людскіх вачэй, але не падумаў схаваць ад усёвідушчых вачэй нябесных зорак.
     Сталыя зоркі не цікавіліся тым, што Дзядуля Мароз захоўвае ў "чароўным куфры". А вось маленькая Зорачка, яшчэ зусім дзіця, зацікавілася гэтым.
     Яна з раніцы да вечара разглядала падарункі Дзядулі Мароза, якія ён рыхтаваў для дзяцей. І ёй, малой, так захацелася паглядзець на іх бліжэй, пагуляць з імі, што яна не змагла схаваць сваё жаданне ад матулі Зоркі.
     – Але як жа я адпраўлю цябе на Зямлю? – сказала ёй мама.
     Зорачка разумела, што яе жаданне нязбытнае, і паціху плакала, употай ад усіх. З-за моцнага марозу адна самая буйная яе слязінка ператварылася ў Сняжынку і прыляцела да Дзядулі Мароза, села яму прама на белую бараду, калі той вяртаўся ў свой маёнтак з чарговай паездкі.
     – Дзядуля Мароз! – зазвінела Сняжынка. – Калі ласка, дапамажы маленькай Зорачцы, суцеш яе, бо яна таксама малая, такая ж, як і ўсе дзеці на Зямлі.
     Стары, даведўшыся, як нудзіцца Зорачка, вырашыў дапамагчы ёй. Ён ператварыў малую ў жывую Дзяўчынку з пышнымі бялявымі валасамі і добрым ззяннем блакітных вачэй. Затым ён пасадзіў яе ў свае хуткасныя санкі і прывёз у сакрэтнае мястэчка, дазволіўшы правесці там адзін дзень, роўна столькі, колькі заставалася да яго віншавальнай паездкі да дзетак.
     – Дзякуй, Дзядуля Мароз! – праспявала звонкім радасным галаском чароўная Дзяўчынка, якая яшчэ нядаўна жыла ў нябёсах у выглядзе маленькай Зорачкі. У гэта імгненне яна ўжо не магла адарваць захопленых вачэй ад мноства яркіх цацак, якія яе абкружалі.
     – Праз дзень ты вернешся на неба, – строга сказаў стары. – А цяпер пагуляй з цацкамі, толькі нічога не разбі і не зламі.
     Неўзабаве ён памчаўся кудысьці па небе ў сваіх бліскучых ледзяных санках, запрэжаных маладымі жвавымі канямі, а Зорачка ў вобразе Дзяўчынкі з доўгай русай касой засталася на Зямлі.
     –Ах, колькі тут цікавых цацак! – усклікнула яна. – У мяне на небе ніколі не было такіх.
     – Але мы ж не простыя цацкі, – запярэчыў ёй блазан Арлекіна. – Нас падораць дзецям.
     – Табе не падабаецца ззяць у небе, там жа так цікава! – спытала гліняная Сава. – Па начах я гляджу на неба, мне б таксама хацелася пажыць там.
     – Я разумею гэтую Дзяўчынку, – сказаў Вожык з мяккімі іголкамі на спінцы. – Ёй на небе сумна без сяброў, а ў нас тут весела.
     – Хочаш, я падару табе бочачку з мёдам, ён вельмі смачны. Я яго захоўваў для малянят, і не з'еў сам, – спытала Медзведзяня, апранутае ў навагодні ўбор.
     – Малайчына, ты любіш рабіць падарункі, гэтак жа, як і я, – пахваліла Медзведзяня Залатая Рыбка з яркімі плаўнікамі, па-майстэрску выдзьмутымі з чырвонага шкла.
     – Я назірала за вамі з неба, – зазвінеў тонкі галасок чароўнай Дзяўчынкі. – Мне вельмі захацелася пабыць у вас у гасцях.
     А калі ты нас разаб'еш? – каркнула шкляная Варона, афарбаваная ў чорны колер. – Тады мяне не падораць Машаньцы.
     Я вас не буду чапаць, проста пагуляю з вамі ў навагоднія словы, – прапанавала Дзяўчынка.
     – Гэта як? – спытаў белы мармуровы Дэльфін.
     – Я назаву сваё слова, а вы па чарзе таксама называйце словы, толькі без паўтораў. Калі апошні гулец скажа сваё навагодняе слова, усё пойдзе зноў па крузе.
     Усе цацкі, а іх было сабрана ў "чароўным куфры" вельмі шмат, пагадзіліся, і пачалася гульня.
     – Ялінка, шчаўкунок, шарык, гірлянда, дожджык, хлопаўка, верхавіна, банцік, кій, снягурка, карона, убор, вата, прынцэса… – пасыпаліся ад цацак навагоднія словы.
     – Прынц, санкі, алень, конь, торт, цукерка, скрынка, шакаладка, каралі, анёлачак, церамок, гадзіннік, свечка, шышка… – цацкі ведалі столькі навагодніх слоў, пра якія чароўная Дзяўчынка нават не здагадвалася.
     Гэта гульня так захапіла іх, што Дзядуля Мароз, заехаўшы за Зорачкай, тут жа паспрабаваў супакоіць усіх, спалохаўшыся, што звонкія галасы цацак пачуюць людзі.
     – Збірайся дамоў на неба, – сказаў ён чароўнай Дзяўчынцы і тут жа зноў ператварыў яе ў малюсенькую Зорачку.
     – Якая ты цудоўная! – усклікнулі ўсе цацкі. – Нам было весела з табой.
     – Весела? – прыжмурыўся Дзядуля Мароз. – Але вам жа неўзабаве трэба будзе забаўляць сапраўдных дзяцей. Вы яшчэ не перахацелі гэта рабіць?
     – Не, не перахацелі, мы будзем гуляць з дзецьмі, бо яны нас абралі, – зашумелі цацкі.
     Неўзабаве Зорачка зноў апынулася на небе, у коле сваіх родных зорак. Яна доўга распавядала маме Зорцы пра тое, што ўбачыла на Зямлі, і з кім пазнаёмілася. А потым малая паглядзела ўніз, імкнучыся разглядзець там сваіх новых сяброў. Але іх чамусьці ўжо не было ў тым самым сакрэтным мястэчку. Справа ў тым, што Дзядуля Мароз паскладаў усе цацкі ў свае ледзяныя санкі і павёз іх па адрасах з лістоў, каб раздарыць дзеткам. Позна ўначы па дарозе назад ён заехаў у госці да Зорачкі і падарыў ёй нататнік з запісам адрасоў і тэлефонаў усіх цацак, з якімі пазнаёмілася Зорачка. Зямным цацкам так спадабалася гульня ў чароўныя словы, што яны захацелі калі-небудзь ізноў пагуляць у яе разам з Зорачкай.
     Даведаўшыся пра гэта, маленькая Зорачка вельмі ўзрадавалася. Яна вырашыла, што неўзабаве зноў сустрэнецца і пагуляе з цацкамі па відэасувязі, гэта будзе так выдатна!
     
      Гэта казка на рускай мове
24.12.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100