Арнітолаг ці селекцыянер? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Арнітолаг ці селекцыянер?
Арнітолаг ці селекцыянер?
Наступны дзень прайшоў у дачных клопатах як у дзядулі, так і ў Волечкі. Яны спяшаліся да вечара перарабіць усе справы, каб назаўтра з'ехаць дадому. Праз два дня дзяўчынцы трэба было ісці ў школу. Дзядуля прыбіраў смецце з участку, наводзіў парадак у хаце, падкормліваў і ўцяпляў усе расліны, якія яшчэ трэба было ўцяпліць і гутарыў з унучкай. Яна ж хадзіла следам і дапамагала яму ва ўсім.      – Дзядуля, калі я вырасту, то паступлю вучыцца на селекцыянера, – сказала Волечка. – Я бачыла па тэлевізары, як у нейкім інстытуце займаюцца выводзінамі новых гатункаў пшаніцы і кукурузы, нават памідораў.
     – А бульбу там не выводзяць? – спытаў той. – Калі я быў такім жа дзіцем, як ты, то мама купляла рассыпістую і вельмі смачную бульбачку, гатунак зваўся "тэмп", я памятаю дакладна. Але зараз яна кудысьці знікла. Ты выведзеш такі гатунак?
     – Выведу. А яшчэ я выведу такую яблыньку, якую не трэба будзе ўцяпляць на зіму.
     – Я чуў, што на Алтаі і ў Сібіры растуць такія зімаўстойлівыя гатункі яблынь, іх вывелі расійскія селекцыянеры.
     – А ў нас у Беларусі, дзе выводзяць гатункі яблынь? – спытала Волечка.
     – У інстытуце пладаводства. Калі ты захочаш стаць селекцыянерам, то пасля заканчэння школы паступіш вучыцца на агранома.
     – А дзе гэтаму вучаць?
     – У сельскагаспадарчай акадэміі.
     – І я змагу выводзіць новыя гатункі яблынь?
     – Не толькі яблынь, можна выводзіць новыя гатункі іншых сельскагаспадарчых культур.
     – Гэта цікава, праўда, дзядуля?
     – Вядома, цікава.
     – І тады яблыня будзе сама сябе абараняць ад марозу?
     – У нейкай меры будзе абараняць, але ўсё роўна яе трэба будзе падрыхтоўваць да зімы, як гэта мы з табой робім.
     – А што мы зрабілі для гэтага?
     – Мы падрыхлілі зямлю ля каранёў, уцяплілі карані сухім сенам і лісцем. Ведаеш, нават калі сам ствол яблыні ўпадае ў спячку і можа вытрымліваць вялікі мароз, то яе карані не вытрымліваюць, яны ў першую чаргу могуць зледзянець і загінуць, тады загіне ўсё дрэва. Калі выпадзе снег, ён яшчэ лепш атуліць карані. А нашу Яблыньку мы з табой яшчэ абвязалі яловымі галінкамі, каб яе ствол не абгрызлі зайцы.
     – Так, я ведаю, так дрэвы і гінуць, мне казалі пра гэта ў школе, – успомніла Волечка.
     Маладзенькая Яблынька, каля якой ішла гэта гутарка, усё слухала і разумела. "Дзякуй вам за тое, што вы атулілі мае карэньчыкі і абвязалі ствол", – у думках дзякавала Яблынька.
     Позна ўвечар ужо ў пасцелі Волечка марыла пра тое, як калі-небудзь стане селекцыянерам і будзе выводзіць марозаўстойлівыя гатункі раслін. І не толькі. Добрая рассыпістая бульба і смачныя салодкія памідоры ёй таксама хацелася вывесці, таму што дзядуля любіць разваристую бульбачку, а яна – салодкія памідоры.
     Раніцай яны развіталіся з дачай і раслінамі і пайшлі на чыгуначную станцыю, каб не спазніцца на электрычку. Волечка забрала з сабой букет з восеньскай лістоты і малюсенькага Смоўжыка, якога адшукала ў лесе.
     У электрычцы, гледзячы на Смоўжыка, Волечка ўспомніла пра Амялушку і завяла з дзядулем ужо зусім іншую гутарку.
     – Дзядуля! А можа я лепш стану арнітолагам, гэта ж таксама цікавая праца?
     – Вельмі цікавая. Тады ты будзеш вывучаць склад жыцця птушак, іх звычкі, месцы рассялення, будзеш адсочваць кірункі іх палётаў, выводзіць новыя пароды, будзеш ездзіць у экспедыцыі, вывучаць рэдкія віды птушак.
     – А да нас узімку прылятаюць толькі амялушкі?
     – Я не арнітолаг, але чуў і чытаў у інтэрнэце, што да нас прылятае зімаваць шмат розных відаў птушак з поўначы і Сібіры. Напрыклад: птушка пуначка, рагаты жаўрук, крыжадзюб белакрылы, горная сітаўка, нават палярная сава часам прылятае зімаваць у нашы краі.
     – Яна вялікая і ўся белая?
     – Так. Неяк у дзяцінстве я бачыў яе, яна падобная на прывід.
     – Ты спалохаўся?
     – Трошкі, але потым мой тата сказаў, што гэта палярная сава. Мне нават захацелася яе яшчэ раз убачыць.
     – І ты ўбачыў?
     – Не, больш не прыйшлося.
     – А дзе ты яе бачыў?
     – Неяк мы з ім ішлі праз поле ў лес за грыбамі. Была восень, дзьмуў вецер. І раптам перад намі прамільгнула штосьці вялікае і белае. Яно ляцела, распластаўшы па ветры крылы.
     – І гэта была сава?
     – Так, яна самая. Мабыць, белая сава таксама нас спалохалася, таму хутка схавалася ў ельніку.
     Дзядуля, а куды трэба паступаць, каб вывучыцца на арнітолага? – спытала ўнучка.
     – Я думаю, у ветэрынарную акадэмію ці на біялагічны факультэт ва ўніверсітэт.
     – Наогул, я яшчэ падумаю, куды мне лепш паступаць, – сказала Волечка.
     – У цябе яшчэ досыць часу для гэтага, – падтрымаў яе дзядуля. – А цяпер вучыся ў школе, старайся не ленавацца і больш даведавайся пра свае будучыя спецыяльнасці з кніг пра прыроду, расліны і жывёл.
     
      Гэта казка на рускай мове
15.11.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100