Амялушка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Амялушка
Амялушка
У той восеньскі прыезд на дачу Волечка стала сведкай яшчэ адной цікавай падзеі. У адзін з вольных ад працы ў садзе дзён дзядуля павёў яе ў лес за восеньскімі грыбамі. У той сонечны дзень лес быў напоўнены пахамі ападаючай лістоты, моху і вядома ж грыбоў. Апенькі, маслякі і сыраежкі даволі хутка напоўнілі іх кошыкі. Гэта ўзрадавала Волечку, але раптам яе ўвагу прыцягнула нашмат цікавейшая падзея. На высокай рабіне, якая расла на ўскрайку лесу, позбіралася чародка дзіўных стварэнняў з яркай размалёўкай апярэнняў, птушачак, якія чымсьці нагадалі дзяўчынцы папугаяў, іх яна бачыла ў заапарку. Незнаёмыя птушачкі прагна паглыналі сакавітыя ягадкі з гронак рабіны, пералятаючы з галінкі на галінку, тут і там чапляючы іх вострымі крыламі. Саспелыя буйныя ягады, не вытрымліваючы такога напору, абсыпаліся ўніз на зямлю пад дрэвам.      – Гэта лясныя папугаі? – спытала ўнучка ў дзядулі.
     – У нас гэтых птушак завуць паўночнымі папугаямі, – усміхнуўся дзядуля. – Але гэта не папугаі, а амялушкі. Улетку яны не жывуць тут, а прылятаюць у нашы краі толькі ўвосень, каб перажыць вельмі халодную паўночную зіму.
     – Так дзе ж яны жывуць улетку? – спытала Волечка.
     – Ранняй вясной амялушкі ляцяць на поўнач, у тайгу. Там яны выводзяць і гадуюць сваіх птушанят, гэта іх сапраўдны дом, а ў нас яны толькі зімуюць, ратуючыся ад лютых маразоў. Амялушкі – вельмі пражэрлівыя птушкі. Бачыш, як хутка яны апустошылі ад ягад гэту рабіну? – дзядуля паглядзеў угару на галіны дрэва. – А яшчэ яны любяць ласавацца ягадамі амелы, вось таму ў нас гэтых птушак завуць амялушкамі.
     І сапраўды, Волечка ўбачыла, што амаль усе ягады на рабіне былі з'едзены. І тут раздаліся пранізлівыя "Свір-р-р-р!" . Птушачкі схамянуліся, усе разам пырхнулі і паляцелі ўздоўж лесу шукаць новую рабіну, абсыпаную смачнымі ягадкамі.
     – Ох, і жвавыя ж яны! – засмяялася дзяўчынка. – А як звонка свішчуць!
     – Хочаш, я распавяду табе маленькую баечку пра гэтых птушачак? – спытаў дзядуля.
     – Хачу, распавядзі, калі ласка, дзядуля.
     – Дык вось. Жыла ў нашым лесе, а можа і не ў нашым, а дзесьці паблізу адгэтуль, дапытлівая і вельмі ветлівая Вавёрачка. Яе дупло размяшчалася на высокай старой ліпе на ўзлессе. Кожны дзень Вавёрачка прачыналася вельмі рана і ў сонечныя дні назірала за ўзыходам сонца. У халодныя восеньскія і нават зімовыя дзянькі сонца сагравала ліпу і яе дупло. Увосень Вавёрачка рабіла сабе запасы на доўгую зіму: збірала і сушыла грыбы, ягады ядлоўцу і шыпшынніка, лясныя арэхі. Так што ўзімку яна не галадала. Неяк раз у такі восеньскі дзянёк яна сядзела на галінцы каля дупла і любавалася прыгожым восеньскім лесам, яго барвовай і залатой лістотай на асінах і бярозах, ліпах і клёнах. Раптам Вавёрачка пачула звонкі свіст, такі, які чулі мы сёння. "Хто гэта спявае?" – здзівілася Вавёрачка. Яна ведала, што пералётныя птушачкі: салаўі, пеначкі, заранкі, усе, хто ўмее спяваць голасам жалейкі, ужо паляцелі ў паўднёвыя краіны. І тут да яе падляцела ярка размаляваная птушачка, а за ёй – цэлая чародка. Гэта птушачка была падобная на папугайчыка. Над галоўкай у яе красаваўся ружаваты чубок, на твары была чорная маска, пад дзюбай – чорны гальштук, а на крылцах зіхацелі чорныя, белыя, чырвоныя і жоўтыя палоскі.
     – Ты папугайчык і прыляцеў з поўдня? – спытала яна ў птушачкі.
     – Не, я – паўночная птушка і жыву ў тайговых лясах. Вось толькі ўзімку там так холадна, што я і мая сям'я не зможам вытрымаць мароз, мы загінем. Таму я вырашыла ляцець сюды, у вас узімку цяплей. Вось толькі чым мы будзем у вас сілкавацца, я не ведаю. Вавёрачка, калі ласка, парай нам, дзе можна ў вас паесці і перазімаваць?
     – Усе нашы птушачкі ядуць мошак і гусеніц, але цяпер іх ужо няма, – нахмурылася Вавёрачка. – Трэба спытаць у Сарокі, яна будзе зімаваць у нашым лесе.
     І Вавёрачка паскакала ў той бок, дзе жыла знаёмая Сарока. Гэта "трашчотка", на шчасце, яшчэ не адляцела з гнязда на пошукі ежы і ветліва сустрэла гасцей.
     – Р-р-рабінавымі ягадкамі, – затрашчала яна. – Увосень і ўзімку я сілкуюся імі. Паляцелі, я пакажу вам, дзе расце шмат р-р-абін.
     І Сарока, не шкадуючы, што распавядзе камусьці чужому пра тое, дзе хаваюцца яе зімовыя харчы, прывяла незнаёмых птушак у рабінавы гай, пра які ведалі лясныя птушкі, тыя, што не ляцяць зімаваць на поўдзень. Да таго ж потым Вавёрачка дапамагла сям'і амялушак адшукаць некалькі пустуючых хатак – дуплоў на высокіх дрэвах. Гэта былі кватэры лясных пералётных птушак.
     – Увесну мы ачысцім гэтыя кватэры, не хвалюйцеся, – сказала Амялушка. – У сакавіку мы паляцім адгэтуль у тайгу, там у нас старыя кватэры, дзе мы жывём усю вясну і лета.
     Вось так гэтыя птушкі і пасяліліся ў нашых краях, – дзядуля акінуў позіркам восеньскі лес. – А амялушкі не засталіся ў даўгу. Кожны год перад прылётам у нашы краі, яны збіраюць у тайзе падарунак для Вавёрачкі і Сарокі. У мяшэчку з падарункам, які яны прыносяць ім, па чарзе трымаючы ў сваіх дужых дзюбах, ляжаць ягадкі марошкі і кедравыя арэшкі. Гэта тыя "ласункі", якія тут не адшукаеш. Марошка расце ў тундры, а кедравыя арэшкі – у тайзе, на галінках магутных паўночных кедраў. Амялушкі не ядуць арэшкі, таму што іх цяжка раскусіць, але Вавёрачцы яны па зубах.
     Дзядуля скончыў свой аповед і паглядзеў на ўнучку. Яна так заслухалася, што нават не заўважыла, як яны падышлі да сваёй хаты.
     А дзядуля зайшоў у хату і дастаў са скрынкі свістульку, падобную на птушачку, якую калісьці змайстраваў сам.
     – Налі ў яе трохі вадзіцы і падзьмі, – сказаў ён.
     Волечка наліла ў адтуліну свістулькі ваду і падзьмула. Раздаўся свіст, падобны на той, што яны чулі ў лесе.
     – А яшчэ я змайструю табе дудачку, падобную на жалейку, жадаеш?
     – Дзякуй, дзядуля, у іншы раз змайструеш. Жалейку я чула ў горадзе, калі хадзіла з мамай на канцэрт. Гэты інструмент хораша гучыць. Мне падабаецца. Лепш сходзім заўтра ў лес, паглядзім, дзе жыве тая самая Вавёрачка, якая дала прытулак амялушкам. Добра?
     – Добра, сходзім, – пагадзіўся дзядуля.
     А за акном зусім сцямнела. Увосень сонца рана сыходзіць за гарызонт, ды і цяпло яно ўносіць за сабой. Восеньскія ночы даволі прахалодныя. Яшчэ некалькі дзён Волечка пабудзе з дзядулем на дачы і з'едзе ў горад, каб далей вучыцца ў школе.
     
     
      Гэта казка на рускай мове
2.11.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100