Мелодыі чароўнага сэрца (успаміны) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Мелодыі чароўнага сэрца (успаміны)
Мелодыі чароўнага сэрца (успаміны)
Мне было дваццаць гадоў – шчаслівыя гады майго юнацтва. Усё маё жыццё ў гэтыя гады было напоўнена святлом радасці, а галоўнае – у ім было вельмі шмат музыкі. Я яшчэ не забылася ігру на скрыпцы. І хоць лёс завёў мяне ў тэхнічную ВНУ, якую я паспяхова закончыла, музыка заўсёды была са мной у маёй душы. Я шмат спявала, ведала ўсіх папулярных у той час спевакоў, іх песні завучвала на памяць.      Дарагі брат Мікалай у той час ужо не жыў са мной і з бацькамі, ён перасяліўся да маладой жонкі. Але наша з ім прыцягненне адно да аднаго яшчэ моцна адчувалася. Розніца ва ўзросце – усяго паўтары гады. І ён, і я вельмі любілі слухаць запісы добрых спевакоў і музыкаў. Сыходзячы з бацькоўскай кватэры, брат пакінуў мне свой старэнькі прайгравальнік і касетны магнітафон. Ён перапісаў мне на магнітную стужку ўсе мае любімыя запісы. Я часта слухала іх, гэтак жа як і пласцінкі, якія купляла ў краме "Мелодыя" на вуліцы Валадарскага. Колькі прыемных радасных момантаў дастаўляла мне гэта цудоўная музыка – запісы Саймана і Гарфункеля, Бітлз, Песняроў, Антонава, Ратару, Пугачовай, аркестраў Поля Морыа, Джэймса Ласта, ансамбля Задыяк!
     Тую нядзелю я памятаю да дробязяў. Коля ўвайшоў у мой пакой і сказаў:
     – Вось я прынёс табе новыя запісы. Гэта АВВА. Паслухай, я думаю, табе спадабаецца, – і ён уключыў запіс.
     Брат пайшоў у іншы пакой да мамы. А я слухала...
     У той дзень у маёй душы штосьці перавярнулася, мелодыі, якія ліліся з дынаміка магнітафона, зачаравалі мяне, прымусіўшы трапятаць сэрца і душу. Цяпер я разумею чаму, а тады ўсё было так незвычайна і незнаёма! Падобнай музыкі я ніколі не чула. У той момант мяне заваражыла светлая незвычайна пяшчотная жыццярадасная мелодыя, выдатны дуэт чыстых мяккіх галасоў і яшчэ штосьці такое, пра што немагчыма распавесці...
     І, хоць, я не разумела пра што спяваюць саліcткі ансамбля, уся мая юная істота перапаўнялася шчымлівай радасцю і зачараваннем. Я не магла адарвацца ад магнітафона, гатовая была слухаць гэту выдатную душэўную музыку бесперапынку.
     Цяпер са мной няма ў гэтым жыцці майго дарагога браціка Мікалая. Але я ніколі не забуду яго вельмі чулае стаўленне, яго любоў да мяне, сваёй сястрычкі.
     Колькі б я не слухала дзіўныя мелодыі і галасы ні з кім непараўнанага ансамбля АВВА, я заўсёды ўспамінаю свайго брата. Маё сэрца ніколі не забудзе каханне і святло яго выдатнай душы...
     За маім акном восень. З верхавіны маладога ясеня зрываюцца апошнія лісточкі. Ім так не хочацца ляцець у невядомасць. І мне вельмі шкада іх. Але прыйдзе новая вясна, і радаснае жыццё маладога ясеня працягнецца. А цяпер яму трэба трохі патрываць і перажыць халады. Я думаю, і яму, і мне, і ўсім людзям, што жывуць побач са мной, дапаможа добрае святло душы, наша вера і надзея. І, вядома ж, любімая музыка.
     
      Гэты аповед на рускай мове
15.10.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100