Лета майго дзяцінства - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лета майго дзяцінства
Лета майго дзяцінства
І ўсё ж самай лепшай парой года майго дзяцінства было лета. Кожны год увесну мама шыла нам з сястрой абноўкі – новыя паркалёвыя сукенкі. Для гэтага яна заўсёды выбірала ў краме самы весяленькі паркаль ці сацін. Швейная машынка ў мамы была нямецкая, такая, якія рабілі яшчэ ў дзевятнадцатым стагодзі. Яна закрывалася драўляным чахлом і размяшчалася на драўляным століку са старадаўняй інкрустацыяй. Педаль і ножкі ў стала былі зроблены з літога чыгуну і ўпрыгожаны завіткамі. Мама любіла сваю, хоць і не новую, але бездакорна працуючую швейную машынку. Яна шыла нам фуфаечкі, камізэлькі, спадніцы і блузачкі. У той пасляваенны час было вельмі цяжка ці дорага штосьці з адзежы купіць у краме. Мы бегалі па двары ў сваіх абноўках, і таму летняя пара здавалася нам яшчэ больш радаснай і шчаслівай.      У цёплы летні дзень мяне цешыла дакрананне ветрыка, які абдзімаў мяне з усіх бакоў. Я хадзіла па сцежках свайго двара і ўдыхала трохі даўкі, пах лета, водары вяргіняў, садовых рамонкаў, ружаў. Над маёй галавой шамацелі і выпускалі свой водар квітнеючыя ліпы, клёны, акацыі. Падышоўшы да плота, за якім на дагледжаных градках ва ўсю набіралі сілу плады працы маёй маці і іншых гаспадынь нашага двара, я з цікавасцю назірала, як там лёталі, шамацелі сваімі перламутравымі крылцамі і варушылі незвычайна прыгожымі доўгімі хвастамі стракозы, скакалі конікі, гулі пчолкі і чмялі, як па кветкам і лісцікам пырхалі аксамітавыя матылькі, поўзалі вусені-сараканожкі. Але больш за ўсё радасці было ў мяне пры назіранні за ярка-чырвонай у белую крапінку багоўкі.
     "Багоўка! Паляці на небка! Там твае дзеткі ядуць катлеткі!" – з гэтымі словамі я адпускала сваю нявольніцу з канца пальчыка на неба і верыла, што пры гэтым абавязкова здарыцца штосьці вельмі-вельмі добрае.
     Так, двор у нас быў выдатны! Але нам з маёй сяброўкай Людкай усё-такі вельмі хацелася пагуляць і лепей разгледзець тое, што рабілася за варотамі нашага двара. Часам матулі ненадоўга адпускалі нас, і тады для нас пачыналася новая казка. Мы хадзілі па тратуару ўздоўж вуліцы і разглядалі ўсё, што было за платамі суседніх двароў. А там! Усё патанала ў зеляніне і колерах. Прырода радавалася ад шчасця. Наша вуліца Розы Люксембург у той час была яшчэ зусім вузкай, па ёй амаль не хадзіў ніякі транспарт, і таму паветра радавала сваёй чысцінёй.
     Налі-некалі матулі пасылалі нас у краму за хлебам ці малаком. Мы бралі з сабой двух ці трох літровыя бідончыкі і беглі на вуліцу Мяснікова. Там, у новым цаглянам доме, які быў пабудаваны ўжо пасля вайны, была прадуктовая крама. Часам у нас хапала грошай, каб купіць сабе “вялікі ласунак” – брыкецік сухой какавы з цукрам ці сто грам рознакаляровага бліскучага, быццам шклянога, монпансье.
     Па вуліцы Мяснікова ў той час хадзілі трамваі. Унізе, каля Нямігі, было трамвайнае кола. Мая мама распавядала, што падчас вайны на гэтым месцы быў нямецкі лагер для яўрэяў. Сюды, за плот, зроблены з калючага дроту, немцы зганялі маладых, яшчэ зусім юных прыгожых яўрэйскіх дзяцей, дзяўчын і юнакоў, ды і старэйшых яўрэяў, каб потым адправіць іх у гета. Ад гэтага кола трамвай паднімаўся ў горку па вуліцы Мяснікова да скрыжавання з вуліцай Савецкай. Тут, наверсе, стаялі чорныя дашчатыя баракі. У іх таксама жылі людзі, і ў адным з іх – мая школьная сяброўка Ларыска. Поруч баракаў стаяла светлая драўляная царква. Але яна прабыла там нядоўга. Неўзабаве яе знеслі.
     Мне запомнілася, як некалькі разоў бацька з маці ў выхадныя дні вазілі нас, дзяцей, на трамваі да Камсамольскага возера. Яго вырылі яшчэ да вайны маладыя людзі. Мая мама таксама прымала ў гэтым удзел. Вада ў ім у той час была чыстая, і ўвесь горад улетку ездзіў туды купацца і загараць.
     
      Гэты аповед на рускай мове
19.09.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100