Шчаслівы Касалапы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шчаслівы Касалапы
Шчаслівы Касалапы
Жылі-былі ў лясной бярлозе мядзведзь і мядзведзіца. Сябравалі яны са сваімі суседзямі: зайцамі і вавёркамі, лісіцамі і ваўкамі. Нікога не чапалі, нават вожыкаў і мышэй ніколі не крыўдзілі.      Любілі іх лясныя звяры, у госці да іх хадзілі на чай з малінавым варэннем. Але адна праблема была ў мядзведжай сям'і – дзетак-медзведзянят у іх не было. Зайздросціў Касалапы добрай зайздрасцю суседскім сем'ям, у якіх кожны год па двое, а то і па трое малянят нараджалася.
     Але аднойчы здарыўся цуд. Нарадзіла мядзведзіца траіх медзведзянят. Як толькі маляняты ўбачылі белы свет, тут жа пачалі пішчаць тоненькімі галасочкамі. Вось так: "Рі-і-і, рі-і-і, рі-і-і!"
     Мама-мядзведзіца да сябе іх прыціснула, малачком пакарміла. Сагрэліся дзіцяткі і заснулі ля мяккага мамінага жывоціка. Касалапы глядзеў на сваіх дзетак і не мог наглядзецца!
     Ад вялікай радасці нават размаўляць перастаў, а толькі загыркаў на ўсё горла:
     – Гыр-р-р!
     – Цішэй, – прыкрыкнула на яго мядзведзіца, не абудзі дзяцей.
     А Касалапы стрымаць гэту сваю радасць не можа. Пабег ён па лесе і гучным крыкам напалохаў звяроў. Ніколі яшчэ яны не чулі ў лесе яго неверагодна басістага голасу! Велізарны буры мядзведзь заўсёды ціхім і ветлівым быў.
     Спалохаліся звяры і пахаваліся ў сваіх норах, а хутканогія зайцы на канец лесу ўцяклі хавацца. Ніхто не зразумеў, з-за чаго мядзведзь так гучна рыкае, вырашылі, што ён з'есці кагосьці хоча.
     Толькі Вавёрка, што жыла паблізу ад мядзведжай бярлогі, усё разгадала. Падскочыла яна да развясёлага таты маленькіх мядзведзянят і кажа:
     – Не крычы, Касалапы! Лепш песеньку-калыханку сваім дзеткам праспявай. У цябе прыгожы голас, хаця і трохі грубаваты.
     Зразумеў мядзведзь, што напалохаў звяроў, папрасіў прабачэння ў іх і паціху да бярлогі патупаў. А там ужо мядзведзіца малянят люляе, песеньку напявае. Усеўся Касалапы побач з дзіцячым ложачкам і ціхенька ласкавым голасам заспяваў:
     Люлі-люлі, люлі-ляй, засынайце мае крошкі!
     Люлі-люлі, люлі-ляй, трэба вам паспаць хоць трошкі.
     Люлі-люлі, люлі-ляй, я вам песеньку спяю,
     Люлі-люлі, люлі-ляй, калыханачку сваю.
     Пачулі лясныя птушкі, як папа-мішка калыханку спявае, падляцелі да бярлогі і падпяваць яму сталі, да так пяшчотна і ласкава, быццам сваім птушанятам песеньку спяваюць. Разлілася па лесе прыгожая мелодыя, дрэвы яе падхапілі, ціхім шолахам падтрымалі, ручаёк цудоўнымі мяккімі званочкамі ў такт мелодыі зазвінеў. Ох, як добра спаць малянятам пад такую цудоўную мелодыю!
     А тут і лясныя звяры пазбіраліся каля бярлогі, цешацца разам з усімі, усміхаюцца, шчасця медзведзянятам жадаюць: "Расціце, медзведзяняты, у вялікіх і дужых мядзведзей ператварайцеся. Сваіх бацькоў радасцю адорвайце і нашаму лесу карысць прынасіце. А мы вас будзем любіць і ва ўсіх добрых справах падтрымліваць".
     
      Гэта казка на рускай мове
16.09.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100