10 частка. Мая музычная школа - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
10 частка. Мая музычная школа
10 частка. Мая музычная школа
     
Ці хацела я займацца ў музычнай школе? Не ведаю. У нашым двары ніхто з дзяцей не хадзіў у музычную школу, таму ўяўлення пра яе я не мела. А танчыць вельмі любіла. Памятаю, як у першым ці ў другім класе мама сшыла мне белы фартушок і ўпрыгожыла яго рознакаляровымі стужкамі. На школьнай сцэне мы танчылі "лявоніху". Усе дзеці танчылі па парах, узяўшыся за рукі крыж-накрыж і выконвалі танцавальныя рухі пад музыку.      Пасля заканчэння другога класа мама павяла мяне ў музычную школу №3 на праслухоўванне. Яна размяшчалася ў будынку клуба Танкасуконнага камбіната, які знаходзіўся недалёка ад нашага дома. Настаўніца паслухала, як я паўтараю сыграныя ёю на фартэпіяна гукі, і залічыла мяне ў скрыпічны клас. Неўзабаве мама прынесла ў нашу кватэру маленькую скрыпачку-чвэртачку. Дзе яна яе купіла, я не цікавілася. Для скрыпачкі мама пашыла футарал з чорнай шаўковай матэрыі. Пазней, калі я падрасла, мне прыйшлося змяніць маленькую скрыпачку-чвэртачку спачатку на палоўку, затым на суцэльную. І тады мама купіла мне ўжо спецыяльны футарал для такой скрыпкі. Да скрыпкі яшчэ належылі смычок, струны і каніфоль. Усё гэта мама мне купіла.
     І вось я прыйшла з новенькай скрыпачкай у музычную школу да сваёй першай настаўніцы музыкі на першы ўрок. Памятаю, мне адразу спадабалася гэта прыгожая маладая жанчына з пухнатымі русымі валасамі і добрымі вачамі. Яе імя Эвяліна Сяргееўна Лебедзева. Усё ў ёй было для мяне незвычайна і дзіўна – яна сама, яе голас, манеры паводзін і яе імя. Яна дала мне падручнікі і пазнаёміла з інструментам. У музычнай школе, а потым і дома я ўдыхала прыемны пах свежага лаку і каніфолі, з цікавасцю разглядала, з чаго складаецца корпус маёй скрыпачкі, якой наканавана было стаць маёй самай дарагой сяброўкай на доўгія гады вучобы ў музычнай школе.
     Бліскучыя залатыя дэкі, доўгі чорны грыфель, абечак, шыйка, вытанчаны завіток і калкі, якія нацягваюць на грыфель чатыры струны, смычок з нацягнутым на яго конскім воласам, каніфоль для змазкі смычка – усё гэта было для мяне вельмі незвычайным. Спачатку настаўніца вучыла мяне правільна трымаць у руцэ інструмент і вадзіць па струнах смычком. Было цяжка, балелі рукі, спіна. Але паступова я прывыкла ўсё рабіць так, як казала Эвеліна Сяргееўна. Я вывучыла нотную грамату, а затым – першую ў маім жыцці п'есу. Л.В.Бетховена "Сурок". З першай ноты гэта музыка ўзбударажыла маё дзіцячае ўяўленне. Якое гэта шчасце было для мяне самой сыграць на скрыпачцы такую прыгожую мелодыю!
     Вось так чароўная музыка Бетховена ўвяла мяне ў яшчэ непазнаны свет выдатнай музыкі. З тых часоў я рупліва займалася – развучвала новыя творы на скрыпцы, вывучала сальфеджыа, музычную літаратуру, спявала ў хоры, не прапускаючы заняткаў. Урокі, якія задавалі ў звычайнай школе часам прыходзілася рабіць дапазна. І ў двары ў мяне ўжо не атрымоўвалася гуляць шмат часу, як гэта было раней. Але музыка, якая лілася з маёй скрыпачкі, варажыла і п'яніла мяне, не пакідаючы ніякай надзеі на адступленне.
     З таго часу кожны дзень я даставала сваю скрыпку і рупліва займалася. На працягу шасці гадоў вучобы ў музычнай школе мой дарагі інструмент быў побач са мной. Нават паступіўшы ў інстытут і скончыўшы яго, я яшчэ шмат гадоў не выпускала з рук скрыпку, яна прыцягвала мяне да сябе. Як шкада, што я не змагла скончыць музычную школу, і скрыпка не ўвайшла ў маё дарослае жыццё. Не толькі мама вінаватая ў тым, што забрала мяне сілком з апошняга класа музычнай школы. Я сама вінаватая, што не настаяла, не праявіла зацятасць, а паддалася яе патрабаванню. Хто зараз разбярэ, мама не жадала, каб я станавілася музыкантам і ўвесь час іграла на інструменце ў кватэры, замінаючы ўсім адпачываць, ці яна пабаялася, што я не вытрымаю выпускныя экзамены ў дзвюх школах – 10-м класе агульнаадукацыйнай школы і сёмым – музычнай.
     Але нават шэсць гадоў музычнай школы вельмі шмат чаго мне далі. Я навучылася чуць ноты, адчуваць фальш, адрозніваць дрэнную музыку ад добрай, пазнаваць творы вялікіх кампазітараў. А колькі прыгожых песень я пераспявала ў дзяцінстве і юнацкасці. У дзяцінстве спявала ў школьным хоры. У юнацтве – выступала на сцэне разам з дзяўчынкамі свайго класа, потым – на інстытуцкіх канцэртах спявала адна. Нават цяпер, пачуўшы па радыё эстрадную песню майго юнацтва, я тут жа пачынаю падпяваць, а словы з тэксту ўсплываюць з маёй памяці, нібы хаваліся дзесьці да пары да часу. Не ведаю чаму, але цяпер рэдка якая эстрадная песня бударажыць мяне да дрыжыкаў. Такіх песень, якія былі ў часы майго юнацтва, цяпер вельмі мала. Магчыма, яны дзесьці ёсць, але праходзяць міма мяне.
     У 1966 годзе я ўпершыню пачула Бітлз, песню "Girl". Гэта было ў школе на ўроку фізікі. Памятаю, мы штосьці вытраўлялі на платах. Я сядзела амаль на апошняй парце. Настаўнік быў малады. Ён уключыў магнітафон у падсобцы, і палілася музыка. Нічога падобнага я раней не чула. Уражанне, якое гэта песня выклікала ў мяне, было ашаламляльным. Яно пакінула незабыўны след у душы на ўсё жыццё.
     Першым магнітафонам, які з'явіўся ў нас дома, быў касетны магнітафон, які купіў мой брат Коля за грошы, заробленыя ў будаўнічым атрядзе. Першыя яго запісы - Beatles, Высоцкі, Beach Boys, Блакітныя гітары, Simon and Garfunkel, Pink Floyd, потым пазней АВВА, Задыяк.
     У майго брата не было добрага слыху, як у мяне, але ён таксама вельмі любіў музыку. Ён вывучыўся іграць на акустычнай гітары, настройвала яе я. А калі з'явіліся першыя электрагітары, ён зрабіў у падвале нашага хрушчоўскага дома драўляную электрагітару. Калі быў студэнтам, зрабіў колерамузыку, па тых часах рэдкасць: мноства маленькіх рознакаляровых лямпачак пад музыку ўключаліся па-рознаму на вялікай панэлі.
     
     
      11 частка аповесці
22.08.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100