8 частка. Зіма і Новы год - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
8 частка. Зіма і Новы год
8 частка. Зіма і Новы год
     
     Белая Зіма зноў да нас прыйшла,
     Крохкія сняжынкі з неба прывяла.
     Снегам замяла сцежкі і дарожкі.
     Апранайце, дзеткі, боцікі на ножкі.
     Пачакайце, хутка прыйдзе Дзед Мароз.
     Зможа ён камусьці адмарозіць нос.
     Толькі дзеці будуць яго абдымаць,
     Не, няможна шкоды ад яго чакаць.
     Дзетак вельмі любіць гэты Чараўнік.
     Цацкі і цукеркі ён падорыць ім.
     
У дзяцінстве ўсе зімы здаваліся больш снежнымі і марознымі, нейкімі незвычайнымі і загадкавымі.      – Ух, і снежная ж сёлета зіма! – казала мама, гледзячы ў акно на заліты сонцам двор.
     Яна ўнесла ў пакой бярэмя дроў. Паклала яго ля печы. А тая ўжо з раніцы распалена. У пакоі пахне цяплом і нейкім незвычайна смачным пахам печы і ежы, якая рыхтуецца ў ёй. Што ж мама пякла ў печы? Усімі любімую бульбяную бабку са скваркамі і скарыначкай!
     – Ура! – аблізваліся мы, дзеці. – Сёння будзем ёсці смачную бабку!
     Мама даставала з печы вілкамі гарачы чыгунок, ставіла яго на стол і раскладвала па талеркам ежу, якая напаўняла хату духмяным водарам.
     – Цур, мне вось гэту скарыначку! – прасіў сын Колька.
     – А мне вунь тую! – казала дачка Таня.
     І мама паслухмяна выкладвала скарыначкі на талеркі, аддзіраючы іх ад краю чыгунка. Ох, і смачныя ж яны былі!
     – Паелі? Апранайцеся і ідзіце ў двор, пагуляйце! – прасіла мама.
     Ёй трэба было прыбраць у пакоі, памыць падлогу. Дзеці ёй заміналі. І яны паслухмяна апраналіся ў зімовыя паліто, нацягвалі на ногі валёнкі з галёшамі і выбягалі на мароз.
     У двары было не так ужо і холадна, бо свяціла яркае сонейка. Гурбы са снега заледзянелі і ярка свяціліся. Але там, поруч адрыны, утварылася велізарная гурба. У яе яшчэ пару дзён назад з даху скакалі хлопчыкі. Сярожу, сябра Колькі, мама чамусьці не выпускала ў двор. Відаць, правініўся чымсьці. А я скакаць у гурбу не вырашалася. Пахадзіўшы па двары, мы з Коляй ішлі да заледзянелай калонкі, каб паслізгаць на лёдзе. Нагуляўшыся, з расчырванелымі ад марозу тварамі вярталіся дахаты.
     Часам у выхадныя дні Коля даставаў з адрыны лыжы, і мы ўсе па чарзе каталіся на іх па двары.
     – Заўтра пасля школы я пайду катацца на горку, – паведамляў брат.
     – Я пайду таксама, – казала яму я.
     Назаўтра пасля ўрокаў, захапіўшы з сабой фанерку, мы беглі на горку. У пятніцу можна было трохі адпачыць ад урокаў, паслабіцца і атрымаць велізарнае задавальненне ад палёту "на попе" са стромкай гары.
     Гэтая стромкая ледзяная горка кожны год залівалася ў двары нашай 12-й школы. На высокім узгорку, размешчаным за школай, узвышаўся старадаўні будынак, падобны на крэпасць. Тое, што ў ім размешчана турма, у той час ведалі не ўсе дзеці, не ведалі гэтага і мы. Таму гэта "крэпасць" здавалася нам трохі таямнічай і загадкавай.
     Штосьці падобнае ўзнікала ў маём разуменні, калі я глядзела на таямнічы “палац”, рэшткі сцен якога ўзвышаліся поруч кінатэатра "Перамога", дзе працавала мама. Часам узімку Вольга Андрэеўна прасіла сваіх дзяцей дапамагчы ёй на працы. Таня і Коля прыходзілі, большай часткай па вечарах, і дапамагалі ёй калоць цяжкім ломам лёд і зграбаць шуфлем снег на тратуары поруч вуліцы Камсамольскай.
     А сцены разбуранага падчас вайны манастыра, дакладней іх рэшткі, неўзабаве ўзарвалі. У горадзе яшчэ заставаліся такія паўразбураныя старадаўнія будынкі, ад якіх трэба было паступова пазбаўляцца, каб ачысціць месцы для будаўніцтва новых будынкаў. Шкада, гэтыя разваліны трэба было адбудаваць, тады новыя пакаленні мінчан змаглі б цяпер любавацца старадаўнім Мінскам. Але, мабыць, на гэта ў той час у нашай дзяржавы не хапала грашовых сродкаў.
     
     Зімы шасцідзесятых гадоў былі марознымі і снежнымі.
     – Мама! Давай возьмем да сябе на ноч гэтага сабаку, – прасілі мы з Колем. З дазволу мамы пускалі сабаку ў хату.
     Вялікі змучаны сваёй нялёгкай доляй дварняк ужо некалькі дзён спаў каля ганка. Чый сабака, нікому не было вядома. Прыблудзіўся бліжэй да людзей. На вуліцы мароз пад трыццаць градусаў. Можа, дапамогуць яму не акалець?
     Людзі шкадавалі бяздомных жывёл і пускалі іх на ноч пад дах у цяпло.
     
     – Таня! Пойдзем са мной, – неяк аднойчы сказала мне мама. – Дапаможаш прыцягнуць санкі з соллю на працу.
     Яна прывяла мяне на нейкі вялікі абгароджаны высокім драўляным штыкетнікам двор, дзе былі насыпаны горы солі! Яе разгружалі людзі рыдлёўкамі з грузавых машын. Нагрузіўшы соль у мяшок, мы з мамай пацягнулі яе на санках праз горад да кінатэатра "Перамога". Такой соллю прыбіральшчыкі пасыпалі заледзянелые тратуары Мінска. Соль растоплівала лёд, і тратуары было лягчэй ачысціць. Снегапрыбіральных машын, якія ў наш час чысцяць вуліцы ў горадзе, у той час не было. Усё рабілася ўручную.
     А зіма працягвалася. Ночы станавіліся даўжэйшымі, дні – карацейшымі. Школьныя дзянькі ляцелі хутка. Набліжаўся Новы год.
     – Мама! А ты купіш да Новага года шакаладныя цукеркі? – спытаў Колька, а я стаяла побач, як бы падтрымліваючы яго ў пытанні.
     – Куплю. Толькі мы іх павесім на Ёлку.
     – Ура! – узрадаваліся дзеці.
     Канешне, мы з братам з нецярпеннем чакалі сваё любімае свята. Хто ж прынясе ў хату пахкую прыгажуню Ёлку? Вядома, наш тата. Ён жа паставіць яе ў вядро з пяском так, каб высокая прыгажуня не змагла зваліцца на падлогу. Цацкі ж на ёй будуць вельмі дарагія.
     Ах, гэтыя ёлачныя цацкі! Колькі іх назапасілася за мноства гадоў! У скрынцы на антрэсолях ляжаць усе ёлачныя цацкі, якія ўцалелі пры сустрэчы шчаслівых Новых гадоў. І ніводную з іх я не выкінула. Хай жывуць, як добрая памяць нашай сям'і.
     – Глядзіце, не перакуліце Ёлку і не чапайце цацкі, – прасіла мама.
     Яна прыбірала Ёлку прыгожымі бліскучымі шарамі і фігуркамі жывёл. Шкляныя цацкі далікатныя, каштуюць дорага, і яна не давярала дзецям іх развешваць на пухнатых галінках пахкай лясной прыгажуні. А пакой ужо напоўніўся яе водарам. Да таго ж, вельмі прыемны салодкі пах ішоў ад цукерак. Яны яшчэ ляжалі на стале ў папяровым скрутку. Але хутка матуліны дзеці прывяжуць да папяровых абгортак цукерак нітачкі, і тады яна павесіць салодкія пачастункі на Ёлку. А яшчэ там будзе красавацца фігурнае пячэнне. Затым Ёлка знізу даверху паўкрываецца бліскучым рознакаляровым дожджыкам. Не, гірлянд з лямпачак на ёй у той час не было, затое віселі яркія шкляныя каралі.
     – Прыгажуня! – казала мама, адышоўшы ў бок, любуючыся сваёй працай.
     Мы з Колем радаваліся разам з ёй. Хутка, вельмі хутка надыдзе Новы год, і тады мама дазволіць нам патроху зрываць гэтыя вельмі смачныя цукеркі! Зараз жа мы маглі толькі ўдыхаць іх шакаладны водар.
     
     
     Новы год, Новы год!
     Хутка прыйдзе Новы год!
     На ўсёй маёй планеце
     Будзе святкаваць народ!
     
     У пустынях і ў льдах,
     У лясах і гарадах,
     І зімой, і нават летам
     Усім вялікім белым светам.
     
     Гэта свята люблю я
     І ўся мая сям’я:
     Мама, тата і бабуля,
     Коцік, пёсік і дзядуля.
     
     Тата Ёлачку прынёс.
     Яе даў яму Мароз
     Той сапраўдны, што вандруе,
     Падарункі ўсім даруе.
     
     Мой дарунак ён схаваў
     І пад Ёлку не паклаў.
     Дзед Мароз сказаў: – Я сам
     Прыйду к вам, дарунак дам.
     Ваш малы няхай чакае,
     Што дарыць яму – спазнаю.
     
     Я ж зусім не сумняваўся,
     На Дзядулю не злаваўся.
     Ён дарунак прынясе –
     Той, што бачыў я ў сне.
     Новы год чароўным будзе,
     Ведайце пра гэта людзі!
     
      9 частка аповесці
22.08.23
Каталог TUT.BY Rambler's Top100